Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ АДБЫЛАСЯ ПАНІХІДА ПАМЯЦІ АХВЯРАЎ КАМУНІСТЫЧНАГА ТЭРОРУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Каля 30 вернікаў са Сьвята-Ўваскрасенскай царквы разам са сьвятаром Уладзімерам Стукачам прыйшлі ў Курапаты, каб адслужыць там жалобны малебен-паніхіду.

9 сакавіка паводле праваслаўнага календара — г.зв. бацькоўская субота, дзень, калі перад Вялікім Пастом Царква ўзгадвае памерлых продкаў і асабліва бязьвінна загінулых. Вернікі сабраліся каля праваслаўнага крыжа й курапацкай магілы, якраз насупраць таго месца, дзе закладзеныя падмуркі будучай капліцы Вобразу нерукатворнага Збавіцеля. Гаворыць айцец Уладзімер Стукач:

(Стукач: ) "Кожную бацькоўскую суботу, а ў гаду іх 5, мы праводзім набажэнства ў Курапатах, бо тут у нас месца памінаньня і капліца тут будуецца. Мы памінаем тут усіх, хто загінуў".

(Карэспандэнт: ) "Айцец Уладзімер, чаму пабудова капліцы актывізаваная менавіта цяпер?"

(Стукач: ) "Я бы не сказаў, што актывізаваная. Проста як грошы зьявяцца, так і робім. Мы, натуральна, просім, каб усе, хто можа, ахвяравалі нам на гэтую справу, бо грошай мала. Мы будуем галоўны храм Хрыстовага Ўваскрашэньня ў Зялёным лузе, а тут у нас падвор'е. Капліца названая ў гонар Збавіцеля нерукатворнага вобразу й бязьвінна забітых на беларускай зямлі. І просім у гэтай справе дапамогі".

Падмуркі будучай капліцы былі закладзеныя паўтары гады таму, і гэтай справе папярэднічала досыць цікавая містычная гісторыя. Айцец Уладзімер разам са сваімі вернікамі апякуецца курапацкімі магіламі ўжо даўно. І вось аднойчы яны прыйшлі ў Курапаты адпраўляць паніхіду па загінулых і, як гаворыць сьвятар, у часе набажэнства ўсе сабраныя ўбачылі на небе выяву Ісуса Хрыста, які блаславіў вернікаў. Тады й вырашылі пабудаваць на гэтым месцы капліцу. Празь нейкі час гэтае рашэньне вернікаў падтрымаў і мітрапаліт Філарэт.

Праўда, пакуль грошай хапіла толькі на падмуркі, бо дзяржава не дае сродкаў на пабудову гэтага храму каля Курапатаў. Але айцец Уладзімер перакананы, што празь нейкі час капліца будзе такі пабудаваная сіламі саміх вернікаў.

Зусім нядаўна будаўнікі пагадзіліся пракласьці на ўзгорак да падмуркаў бажніцы тэлефонную ды іншыя камунікацыі.

З восені за месцам будаўніцтва наглядаюць валанцёры курапацкага лягеру, але, паводле айца Ўладзімера, нейкага супрацоўніцтва паміж вернікамі й валанцёрамі няма — проста дапамагаюць адзін адному па-суседзку.

Сьвятар Стукач пакуль не ўзгадняў свой праект і з грамадзкай ініцятывай "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты", сябры якой маюць канцэпцыю мэмарыялізацыі ўрочышча, бо фармальна будучая капліца знаходзіцца па-за межамі Курапатаў. Аднак айцец Уладзімер гаворыць, што ў будучыні праект капліцы будзе ўзгоднены з плянам мэмарыялізацыі, каб усе помнікі ў Курапатах выглядалі гарманічна.

Днём у Курапатах знаходзілася некалькі дабраахвотнікаў. На набажэнства яны не прыйшлі, але, паводле старшага ў лягеры Васіля Парфянкова, гэта не было нейкім палітычным дэмаршам. Проста ў хлопцаў было вельмі шмат гаспадарчых справаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG