Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ КУРАПАТЫ НАВЕДАЛІ ПРАДСТАЎНІКІ АМЭРЫКАНСКАЙ АМБАСАДЫ


Ганна Соусь, Менск

Сёньня валанцёры вялі перамовы з будаўнікамі — пастанавілі, што пры будаўніцтве пешаходнай дарожкі дрэвы, якія зьяўляюцца своеасаблівай мяжой Курапацкага ўрочышча, ня будуць высечаныя.

Сёньня Курапаты наведалі прадстаўнікі амэрыканскай амбасады. Плянуецца, што 15 студзеня а 13-й гадзіне ў Курапатах адбудзецца ўрачыстае адкрыцьцё адноўленага мэмарыяльнага знаку “Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі” — лавы Клінтана, якую ўсталёўвалі таксама 15 студзеня, але 1994 году, і якую летась разбурылі вандалы.

Прадстаўнікі амэрыканскай амбасады абмяркоўвалі разам з валанцёрамі тэхнічныя пытаньні, што тычыліся падрыхтоўкі тэрыторыі для цырымоніі, расчысткі сьнегу. Варта дадаць, што амэрыканцы пакуль не атрымалі афіцыйнага дазволу беларускіх уладаў на ўсталяваньне адноўленага мэмарыяльнага знаку, але спадзяюцца неўзабаве мець яго.

І яшчэ адная важаная падзея сёньняшняга дня. Валанцёры Павал Севярынец і Аляксей Капэлян сустракаліся з кіраўнікамі будаўнічых арганізацыяў, якія займаюцца рэканструкцыяй Менскай кальцавой дарогі. Я разам з валанцёрамі хадзіла ў штаб будаўнікоў, што за некалькі кілямэтраў ад лягеру.

Пытаньні, што абмяркоўвалі валанцёры з будаўнікамі, у асноўным тычыліся пабудовы падземнага пераходу й пешаходнай дарожкі. Для валанцёраў было прынцыпова, каб пры гэтым не высякалі дрэваў. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Ужо некалькі месяцаў на гэтых дрэвах вісяць абразкі. Яны былі своеасаблівай мяжой Курпапацкага ўрочышча. Такім чынам, дрэвы ўжо маюць значэньне. Яны вырасьлі на гэтай зямлі, яны сокі бралі зь яе, тут крывёю ўсё паліта, на касьцях стаіць”.

Галоўны інжынэр праекту Мікалай Крэчэтнікаў пагадзіўся, што дрэвы валіць ня варта.

(Крэчэтнікаў: ) “Калі вы прынцыпова хочаце пакінуць гэтыя дрэвы, то яны застануцца, але будуць тырчаць сярод пешаходнай дарожкі. Іх можна абкласьці пліткай”.

Мікалай Крэчэтнікаў паведаміў пра тэрміны заканчэньня будаўніцтва кальцавой дарогі ля Курапатаў. Прыкладам, падземны пераход будзе гатовы ў лютым, а земляныя работы павінны быць завершаныя 30 красавіка.

Галоўны інжынэр мяркуе, што ўсе пытаньні, зьвязаныя з рэканструкцыяй кальцавой дарогі ля Курапатаў, можна вырашыць мірна.

(Крэчэтнікаў: ) “Мы ж ня хочам тут напаскудзіць, нашкодзіць. Мы таксама за тое, каб Курапаты былі мэмарыялам. І вы бачыце, што мы, дарожнікі, робім што можам. Іншая справа, цалкам упарадкоўваць тэрыторыю мы ня будзем, бо гэта ня нашыя пытаньні. Будзе абвешчаны рэспубліканскі конкурс на ўладкаваньне гэтай тэрыторыі”.

Вось як ацаніў вынікі сёньняшняй сустрэчы з будаўнікамі Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Добра, што размова ўжо ідзе не з пазыцыяў “мы тут зробім, а вы паглядзіце”, а сапраўды дасягаюцца нейкія кампрамісы, хай і самыя дробныя. Разам з тым, хацелася б паболей увагі да тых людзей, якія ўжо некалькі месяцаў бароняць Курапаты. Каб ня мы хадзілі за кілямэтар да будаўнікоў, чакалі іх тут паўтары гадзіны, а каб яны прыяжджалі да нас, альбо, напрыклад, сабралі круглы стол”.

Павал Севярынец спадзяецца, што гэткія сустрэчы валанцёраў з будаўнікамі стануць рэгулярнымі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG