Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хартыя-97” распачынае акцыю “Свабодны Інтэрнэт”; старонка “Крамбамбулі” — новы якасны ўзровень сайтаў музычных праектаў


Віталь Цыганкоў, Менск

На гэтым тыдні грамадзкая ініцыятыва “Хартыя-97” распачала акцыю “Свабодны Інтэрнэт”. “Літаральна некалькі крокаў аддзяляе грамадзтва ад поўнай інфармацыйнай блякады, — заяўляе прэсавы цэнтар “Хартыі”. — Мы мяркуем, што адным з гэтых крокаў стане спроба закрыць доступ беларускім карыстальнікам да Інтэрнэт-рэсурсаў непрыемнай тэматыкі — сайтаў навінаў, электронных вэрсіяў незалежных СМІ, сайтаў апазыцыйных партыяў і рухаў, аматарскіх праектаў аб апошнім дыктатары Эўропы”.

Таму, лічыць “Хартыя”, усе павінны быць гатовыя дзейнічаць ва ўмовах узмацненьня прэсінгу ўладаў. Мэта праекту “Свабоды Інтэрнэт” — забясьпечыць незалежнай інфармацыяй аб Беларусі усіх, хто шукае яе ў Інтэрнэце. Пра гэтую акцыю я гавару з актывістам “Хартыі” Алегам Бябеніным. Няўжо сапраўды настолькі сур’ёзная і рэальная пагроза зьнікненьня доступу да некаторых апазыцыйных сайтаў у Інтэрнэце?

(Бябенін: ) “Пагроза “закрыцьця” Інтэрнэту для беларускіх карыстальнікаў вельмі рэальная. Мы пералічылі шмат чыньнікаў, якія сьведчаць пра гэта — завісаньне ўсіх навінавых сайтаў 9 верасьня 2001 году падчас прэзыдэнцкіх выбараў; гэта і тое, што цяпер у Інтэрнэт-кавярні можна карыстацца сецівам толькі прад’явіўшы пашпарт; Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка патрапілі за краты фактычна за тое, што матэрыялы супраць Лукашэнкі былі надрукаваныя на Інтэрнэт-сайце газэты “Пагоня” і гэтак далей.

Нас вельмі занепакоілі словы міністра інфармацыі Падгайнага, які ў інтэрвію газэце “Обозреватель” ужо параўнаў уласьнікаў навінавых сайтаў з уласьнікамі порнарэсурсаў і заявіў, што будзе іх перасьледаваць. Больш за тое, у нас ёсьць унутраная тэхнічная інфармацыя, што тэхнічнымі сродкамі ўлады ўжо прыглядаюцца да нашага сайту ды іншых апазыцыйных рэсурсаў. Ідзе тэхнічнае пранікненьне да нас.

Таму мы расьпісалі комплекс прэвэнтыўных захадаў, гэткі невялікі курс адукацыі для карыстальнікаў беларускага Інтэрнэту. Бо, на нашую думку, найперш для іх узьнікнуць цяжкасьці з доступам. На дзяржаўным узроўні, на той адзінай кропцы выхаду ў Інтэрнэт для ўсіх беларусаў існуе тая адзіная кнопка, якая дазваляе адным націскам перакрыць доступ да рэсурсаў, якія гавораць праўду”.

(Цыганкоў: ) “І што вы прапануеце? Што павінен будзе рабіць чалавек, які ў пэўны момант ня здолее патрапіць на старонку “Хартыі”?”

(Бябенін: ) “Мы прапануем два шляхі. Першы — падпісацца на нашу штодзённую рассылку навінаў. Кожны вечар мы рассылаем усе навіны нашага сайту па электронных адрэсах. Гэта самы просты шлях.

Другі варыянт — мы прапануем карыстацца гэтак званым “ананімайзэрамі”. Гэта такія сайты, якія дазваляюць карыстальніку хаваць ягоныя пошукі ў Інтэрнэце. Чалавек заходзіць на ананімайзэр, і ўжо з гэтай старонкі пераходзіць на наш сайт. Гэта вельмі проста, гэтым карыстаюцца, напрыклад, Інтэрнэт-карыстальнікі ў Кітаі”.

(Цыганкоў: ) “Чаму вы пачалі сваю акцыю менавіта цяпер? Вы лічыце, што ў палітычнай кампаніі, якую, магчыма, хутка пачне Аляксандар Лукашэнка, Інтэрнэт стане асаблівай мішэньню?”

(Бябенін: ) “Уласны досьвед падказаў, што час пачынаць. У “рэальным” жыцьці беларусы ўсё больш застаюцца безь незалежных СМІ, таму яны шукаюць інфармацыю ў Інтэрнэце. Пра гэта сьведчыць статыстыка як нашага сайту, гэтак, дарэчы сайту Радыё Свабода.

Па-другое, людзі цяпер вяртаюцца з адпачынкаў, пачынаюць больш зьвяртацца да Інтэрнэту, працаваць у ім. Менавіта цяпер мы плянуем адукаваць найбольшую колькасьць людзей, якіх мы пасьпеем ахапіць за гэты пэрыяд. Бо праблемы пачнуцца, паводзе нашых прагнозаў, ужо ў верасьні-кастрычніку.

Я бы запрасіў усіх, хто мае дачыненьне да тэхнічнага абсталяваньня ў Інтэрнэце, уладальнікаў навінавых сайтаў, тых, хто можа аказаць дапамогу ў распаўсюдзе любой незалежнай інфармацыі — каб усе гэтыя людзі ўключыліся ў нашую акцыю і дапамаглі захаваць Інтэрнэт зонай, вольнай ад лукашызму”.


* * *
Днямі напоўніцу запрацавала старонка супольнага музычнага праекту “Крамбамбуля”. Думаю, ня будзе перабольшаньнем сказаць, што гэты сайт выходзіць на якасна новы ўзровень для беларускіх музычных рэсурсаў. Стылёва зроблены ў гэтак званай флэш-анімацыі (для тых, хто ня ведае гэтага тэрміну, скажу, што гэта вельмі падобна на добра знаёмыя мульцікі) сайт адразу прыцягвае ўвагу нестандартнымі падыходамі.

Пра сайт мы размаўляем зь Лявонам Вольскім — ня толькі лідэрам гурту “NRM” і праекту “Крамбамбуля”, але і аўтарам большасьці малюнкаў на сайце. Лявон кажа, што сайт “Крамбамбулі” мае стаць ня проста старонкай, дзе распавядаецца пра творчы калектыў, а ўвогуле рэсурсам пра музыку і адпачынак.

(Вольскі: ) “Гэта звычайны флэшаўскі сайт, якіх хапае ў сеціве. Напрыклад, беларускамоўная каманда зь Беласточчыны “Zero-85” мае такі сайт. Аднак наш адрозьніваецца тым, што ён моцна мульцяшны.

Я заўсёды маляваў коміксы, усё сваё сьвядомае жыцьцё — у часопісе “Бярозка”, іншых выданьнях. Таму для мяне гэта была вельмі нармальная праца — асвойтаць гэтую цікавую праграму. Вялікая тут падзяка Ігару Назаранку, які ўсё гэта сыстэматызаваў, крэатыўна папрацаваў, усё гэта сабраў у адно і даглядае сайт, які, дарэчы, яшчэ працуе ня цалкам, ня ўсе разьдзелы”.

(Цыганкоў: ) “У беларускіх умовах пераважна аматарскага Інтэрнэту непазьбежна ўзьнікае пытаньне: адкуль узяліся рэсурсы для такога прыстойнага ўзроўню?”

(Вольскі: ) “Гэта дорага не каштуе. У параўнаньні з запісам альбому — гэта проста нічога”.

(Цыганкоў: ) “Сайт будзе існаваць незалежна ад таго, ці будуць яшчэ выходзіць новыя альбомы “Крамбамбулі”?”

(Вольскі: ) “Натуральна, сайт будзе адлюстроўваць увесь “крамбамбульны працэс Беларусі”. Там будзе бар, дзе можна дзяліцца рэцэптамі розных безалькагольных кактэйляў. Увогуле плянуецца зрабіць вельмі шматгранную старонку, дзе можна будзе паспрачацца, выказацца наконт наведваньня той ці іншай рэстарацыі, аблаяць яе альбо наадварот ухваліць. Карацей, ня проста сайт, дзе распавядаецца пра творчы калектыў і гэтак далей. А сайт увогуле пра адпачынак”.

(Цыганкоў: ) “Пакуль на сайце стаіць ня ўся музыка з альбомаў “Крамбамбулі”. Гэта наўмысна зроблена, з камэрцыйных меркаваньняў, каб людзі куплялі дыскі новага альбому — “Крамбамбуля 11/2”?

(Вольскі: ) “Не, усё будзе пастаўлена. Людзі, якія купляюць дыскі, купляюць лепшую якасьць, чым MP3. Нармальны аматар той ці іншай музыкі ня будзе слухаць толькі скачаныя з кампутара песьні.

Сайт рабіўся даволі доўга. Прыемна, калі тое, што ты так доўга рабіў, нарэшце прысутнічае ў сеціве і выглядае досыць пераканаўча. З часам сайт будзе разьвівацца, і накіравана ўсё гэта на добры настрой, на весялосьць і адпачынак. У нашай цяжкай краіне жывецца ўсім цяжка — у розных ступенях, таму адпачываць трэба якасна”.
XS
SM
MD
LG