Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Stoptrafficking.by, матэрыялы забароненай уладамі “БДГ” у сеціве ды іншае


Віталь Тарас, Прага

На мінулым тыдні адбыліся дзьве заўважныя падзеі, зьвязаныя зь “Белорусской деловой газетой”, выхад якой быў прыпынены Міністэрствам інфармацыі. Матэрыялы журналістаў гэтай газэты, нягледзячы на ўсе перашкоды ўладаў, патрапілі нарэшце да чытача – у выглядзе адмысловага выпуску расейскага выданьня “Новая газета”. Амаль адначасова ў інтэрнэце “БДГ” зноў стала даступнай для ўсіх наведнікаў. Да апошняга часу для таго, каб прачытаць матэрыялы газэты, а ня толькі сайту, трэба было падпісацца на электронны варыянт. Чаму выданьне пайшло на гэты крок і ці не прыцягнуў ён увагі з боку беларускай пракуратуры? З гэтымі пытаньнямі я зьвярнуўся да галоўнага рэдактара “Белорусской деловой газеты” Сьвятланы Калінкінай, і вось ейны адказ:

(Калінкіна: ) “Мы цяпер адкрылі свой сайт – не патрэбны пароль, каб чытаць матэрыялы нашых журналістаў, таму што ёсьць праблемы з распаўсюджаньнем газэты, ня ўсе могуць атрымоўваць, нават нашыя падпісчыкі, друкаваную вэрсію. Таму мы вырашылі аблегчыць у гэтым сэнсе доступ да выданьня. Што тычыцца пракураты і яе рэакцыі на гэта, то не было ніякай рэакцыі пакуль што”.

Да сказанага Сьвятланай Калінкінай дадам, што спэцвыпуск “Новой газэты” ад 15 ліпеня можна таксама прачытаць на сайце www.bdg.by. Здавалася б, у праваахоўчых органаў няма падставы цікавіцца інтэрнэт-сайтам, паколькі папярэджаньне Міністэрства інфармацыі тычылася толькі газэты і дадатку да яе, а не публікацыяў матэрыялаў “БДГ” у сеціве. Аднак, многія памятаюць гісторыю з гарадзенскай “Пагоняй”, калі журналісты газэты Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка былі пакараныя папраўчымі работамі за матэрыялы, не апублікаваныя ў друку, а органы пракуратуры карысталіся раздрукоўкамі зь Інтэрнэту і нават спрабавалі забараніць сайт “Пагоні”. Між тым, Інтэрнэт як зьява ня згадваецца ні Законам аб друку, ні іншымі дзейнымі ў Беларусі законамі. Так што ідэя, выказаная неяк міністрам інфармацыі Падгайным, аб тым, што можна зьверху рэгуляваць распаўсюд інфармацыі ў Інтэрнэце, пакуль яшчэ ня спраўдзілася.

Варта згадаць, што ідэя выхаду матэрыялаў журналістаў гэтага выданьня пад шапкай расейскай “Новой газеты” нарадзілася ў расейскім Цэнтры экстрэмальнай журналістыкі. Пра інтэрнэт-сайт гэтага цэнтру, як і пра ягоную дзейнасьць, мы расказвалі ўжо ў нашых аглядах не аднойчы. Цікава зазначыць, што Цэнтар экстрэмальнай журналістыкі, які выступае ў абарону правоў журналістаў і СМІ, рэзка і бескампрамісна крытыкуе расейскае Міністэрства друку і асабіста міністра Лесіна. Але ж у выпадку з расейскай тэлекампаніяй НТВ меркаваньні праваабаронцаў і чыноўнікаў міністэрства супалі. На афіцыйным сайце Міністэрства Расейскай Фэдэрацыі у справах друку, тэлерадыёвяшчаньня і СМІ гэтае ведамства выказвае расчараваньне ў сувязі з рашэньнем беларускіх уладаў аб закрыцьці карпункту НТВ у Менску... “Падобныя дзеяньні беларускіх уладаў у расейскім міністэрстве лічаць непрымальнымі з пункту погляду выкананьня асноўных дэмакратычных прынцыпаў, да якіх належаць свабода слова, права атрыманьня інфармацыі і незалежнасьць СМІ”.

А што можна было прачытаць у апошнія дні на сайце беларускага Міністэрства інфармацыі? Наколькі можна зразумець, большасьць супрацоўнікаў міністэрства пайшлі ў адпачынак, паколькі ў разьдзеле “Навіны” апошняе паведамленьне пазначанае сярэдзінай чэрвеня. Аднак, галоўная старонка сайту застаецца нязьменнай – яна нагадвае наведнікам, што асноўная функцыя міністэрства: “кантроль за выкананьнем заканадаўства аб СМІ”. Тут зьмешчаны сьпіс папярэджаньняў, вынесеных міністэрствам да 1-га чэрвеня: “Паводле артыкулу 5-га “Недапушчальнасьць злоўжываньня свабодай масавай інфармацыі” – 2 папярэджаньні газэце “Вечерний Столін”, 2 папярэджаньні “БДГ”, 2 папярэджаньні газэце “Навінкі”, 1 папярэджаньне газэце “Народная воля”. У сьпіс іншых парушальнікаў – няправільная рэгістрацыя, парушэньне статусу рэдакцыі, няправільныя выходныя зьвесткі і гэтак далей – трапілі яшчэ два дзясяткі выданьняў. І на завяршэньне – паводле артыкулу “абавязкі журналіста” – яшчэ 4 папярэджаньні газэце “БДГ. Для служебного пользованя» і 1 – “Белорусской деловой газете”.

Такім чынам, у так бы мовіць “саюзных міністэрствах” – расейскага Міндруку і беларускага Мінінфармацыі – адрозныя погляды на свабоду слова. Ёсьць на сайце беларускага міністэрства і яшчэ адзін цікавы разьдзел: пытаньні і адказы. З гэтага разьдзелу можна даведацца, што стваральнікі сайту прыступілі да распрацоўкі варыянту на беларускай мове як адной з дзьвюх дзяржаўных моваў Рэспублікі Беларусь.

А цяпер на іншую тэму. Нядаўна ў сеціве зьявіўся новы сайт пад назвай stoptrafficking.by. Гэты рэсурс створаны Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі (МАМ) у рамках урадавай праграмы барацьбы з гандлем людзьмі і распаўсюджваньнем прастытуцыі На сайце зьмешчаная інфармацыя пра магчымыя махлярствы, якія чакаюць людзей, што наважыліся саматугам ехаць за мяжу па заробкі. Ёсьць тут і тэлефоны “гарачае лініі” ў Берасьці й Менску. Севярын Квяткоўскі набраў нумар менскае “гарачае лініі”.

(Супрацоўніца: ) “Гарачая лінія “Ла Страда”.

“Ла Страда” – гэта праграма Беларускай асацыяцыі маладых хрысьціянскіх жанчын. Арганізацыя – адзін з партнэраў Міжнароднай арганізацыі па міграцыі. “Ля Страда” непасрэдна працуе са спраўджанымі ды патэнцыйнымі ахвярамі гандлю людзьмі. Большасьць ахвяраў – жанчыны.

(Супрацоўніца: ) “Звычайна гэта тыя жанчыны, якія абсалютна ня ведалі. Звычайна гэта па знаёмых, па сябрах зьяжджалі за мяжу. Гэта такія недасьведчаныя дзяўчынкі. А пасьля, ужо па вяртаньні на радзіму, яны дазнаюцца тэлефон гарачае лініі, і зьвяртаюцца па канкрэтную дапамогу. Асноўны ўзроставы цэнз – гэта ад 18-ці і да 30-ці. Хаця ёсьць жанчыны і старэйшыя”.

Дапамагчы жанчыне, якая стала ахвярай сэксуальнага ці працоўнага рабства, значна цяжэй, чым прадухіліць няшчасьце. Галоўны матыў, які штурхае нашых кабет на авантурныя пошукі заробку – фінансавая нястача. З тых жа матываў беларускі шукаюць за мяжой шлюбу:

(Супрацоўніца: ) “Зьвяртаецца жанчына, якая зьбіраецца ехаць за мяжу. Ёсьць фірма, пра якую яна вычытала ў газэце. Мы правяраем гэтую фірму, і даем усю неабходную інфармацыю для таго, каб дзяўчына ня стала ахвярай гандлю людзьмі. Што ёй трэба, якая віза мусіць адкрывацца. Ліцэнзію мусіць мець фірма, пагадненьне з тым бокам, куды яна кіруе людзей. У прынцыпе, дастаткова шмат парушэньняў з боку фірмаў”.

Штодня па менскім нумары “гарачае лініі” робіцца каля дзясятка званкоў. Супрацоўніца гарачае лініі заўважае, што з часам жанчыны робяцца ўсё больш абазнанымі, і тэлефануюць часьцей, чым год таму:

(Супрацоўніца: ) “Дзяўчынкі ўжо зьвяртаюцца, ня толькі дзяўчынкі, але й сталыя кабеты, нашы, беларускія. Я заўважыла, што яны ўжо ведаюць, што такое ліцэнзія. Ім ня трэба тлумачыць, што фірма мусіць мець ліцэнзію. Яны тэлефануюць і пытаюцца: “Скажыце, калі ласка, ці ёсьць у гэтай фірмы ліцэнзія”.

Але працэнт дзяўчат, якія трапляюцца на прыманку, досыць вялікі. На думку супрацоўніцы гарачае лініі, гэта найперш дзяўчаты з правінцыі, якіх вэрбуюць праз знаёмых.

Існуе непасрэдная сувязь між інтэрнэтам ды інфармацыйнай падрыхтаванасьцю жанчын, што шукаюць лепгае долі за мяжой. На думку прадстаўніка Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі Рамана Паўлючэнкі, абазнаныя ў сучасных інфармацыйных тэхналёгіях людзі ня менш рызыкуюць, чым тыя, хто ўвогуле не чытае нават газэт:

(Паўлючэнка: ) “Шукаць працу праз інтэрнэт – гэта скрайне небясьпечна. Шукаць шлюбных партнэраў праз інтэрнэт – гэта скрайне небясьпечна. Вельмі шмат выпадкаў, калі менавіта праз інтэрнэт людзі патрапляюць сапраўды ў рабства, апынаюцца за мяжой у бардэлях. Усё досыць элемэнтарна. Уладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў фактычна не нясуць аніякай адказнасьці за разьмешчаныя матэрыялы”.

Раман Паўлючэнка верыць у пасьпяховасьць працы сайту stoptrafficking.by. За месяц на старонцы зафіксавана каля чатырохсот наведваньняў. Раман Паўлючэнка найперш разьлічвае на “прасунутую” моладзь:

(Паўлючэнка: ) “Калі мы стваралі сайт, мы ўлічвалі, што цяпер маладое пакаленьне сапраўды не чытае газэт, пагатоў ня стане чытаць улёткі, буклеты. Навошта губляць час? Дастаткова аднаго націску пімпачкі, і табе ўжо даюцца нумары, тэлефоны”.

Нумары тэлефонаў, пра якія гаварыў прадстаўнік Міжнароднай арганізацыі міграцыі ў Беларусі Раман Паўлючэнка – 26-23-62 Берасьці і 245-31-67 у Менску. Застаецца дадаць, што сайт stoptrafficking.by створаны пры фінансавай падтрымцы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.
XS
SM
MD
LG