Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія казкі, байкі, забаўкі, калыханкі, дражнілкі і скарагаворкі ў Сеціве ды іншае


Віталь Цыганкоў, Прага

На цэнтральным сайце нашага радыё зьявіўся адмысловы разьдзел, прысьвечаны ірацкаму крызысу: http://rferl.org/specials/iraqcrisis/. На ім сабраны адзін з найбольшых у сьвеце падбор матэрыялаў на ангельскай мове на тэму сытуацыі вакол Іраку. Акрамя актуальнай інфармацыі пра разьвіцьцё ірацкага крызысу, якая ўвесь час абнаўляецца, вы можаце знайсьці штодзённыя справаздачы ваенных інспэктараў ААН, агляд арабскай прэсы, паведамленьні з самога Іраку ды іншую дастаткова ўнікальную інфармацыю. Напрыклад, мала дзе сустрэнеш погляд ірацкіх курдаў на шляхі разбраеньня рэжыму Садама Хусэйна. Апроч уласнай інфармацыі нашага радыё, на сайце даюцца спасылкі на шматлікія інфармацыйныя рэсурсы ў гэтай тэматыцы

Бальшыня беларускіх кампаніяў і прыватных асобаў, якія так ці інакш зьвязаныя з працай ва Ўсясьветным сеціве, рыхтуюцца да пятага інтэрнэт-форуму пад назовам BY2003 (афіцыйны сайт www.by2000.net). Мерапрыемства, арганізаванае недзяржаўным Фондам садзеяньня інфармацыйнаму разьвіцьцю і Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам, адбудзецца ў Менскім Інстытуце праблем інфарматыкі Нацыянальнай Акадэміі Навук 21-22 сакавіка. Якія пытаньні будуць вырашаць удзельнікі форуму, распавядзе наш менскі карэспандэнт Ігар Карней.


* * *
(Карней: ) “Паводле арганізатараў форуму, мерапрыемства пройдзе пад лёзунгам "Інфармацыйныя тэхналёгіі — галоўны чыньнік разьвіцьця сучаснага грамадзтва". Праца будзе весьціся паводле заходніх мэтодыкаў — у гэтак званых workshops, альбо творчых майстэрнях. Заплянаваныя да абмеркаваньня тэмы — "Электронная Беларусь", "Выкарыстаньне інфармацыйных тэхналёгіяў у бізнэсе", "Рэгіянальны інтэрнэт", "СМІ і інтэрнэт", "Культура, мастацтва, музэі і інфармацыйныя тэхналёгіі", "Грамадзкія арганізацыі і інтэрнэт" і іншыя. У першы ж дзень працы будуць абвешчаныя вынікі конкурсу беларускіх праектаў, арганізаванага парталам TUT.BY.

Ад гэтага году форум мяркуецца ладзіць як выніковае паседжаньне, дзе кожны з удзельнікаў можа выказацца адносна недахопаў працы ў галіне інтэрнэту ды інфармацыйных тэхналёгіяў за, так бы мовіць, справаздачны пэрыяд. Мяркуецца, што дыскусіі будуць гарачыя. У гэтым зьвязку нават пройдзе круглы стол пад інтрыгоўным назовам: "Куды падзеўся мільён карыстальнікаў Белнэту?" Зрэшты, тэма гаворыць сама за сябе: апошнім часам адмыслоўцы б'юць трывогу, што ў Беларусі ня толькі не павялічваецца, а нават памяншаецца колькасьць людзей, якія карыстаюцца інтэрнэтам. Інтэрнэт па-ранейшаму застаецца дастаткова дарагім задавальненьнем для патэнцыйных карыстальнікаў. Выключэньнем хіба толькі адносна заможныя камэрцыйныя фірмы, якія маюць вылучаную тэлефонную лінію і, адпаведна, магчымасьць пастаяннага доступу супрацоўнікаў у сеціва. Што да астатніх установаў, то варта пачынаць гаворку пра элемэнтарную кампутарызацыю. Толькі рэдкія вышэйшыя навучальныя ўстановы могуць прапанаваць сваім студэнтам дастаткова абмежаваны па часе доступ у інтэрнэт. У школах у найлепшым выпадку могуць тэарэтычна распавесьці пра выгоды ўсясьветнага павуціньня, але на практыцы знаёмства з інтэрнэтам, як правіла, адтэрміноўваецца да лепшых часоў. Беларуская вёска бліжэйшымі гадамі наагул ня мае ніякіх шанцаў далучыцца да гэтага аспэкту цывілізацыі. Усе гэтыя тэмы мяркуецца ўзьняць у часе працы форуму BY2003, які распачнецца, нагадаю, 21 сакавіка ў Інстытуце праблем інфарматыкі НАН”.


* * *
“Каваль каваў каня, конь кавалю капытом, каваль каню калом”. Гэта адна зь ня самых складаных скарагаворак, якія можна знайсьці на старонцы “Казачнік-бай”. Негледзячы на сваю назву, Казачнік ня толькі баіць казкі для дзетак, але і прапануе загадкі, калыханкі, дражнілікі, лічылкі і скарагаворкі. Варта прызнаць, што дасюль у Інтэрнеце фактычна не было беларускамоўных сайтаў, прысьвечаных выхаваньню дзетак. Аднак за апошнія месяцы зьявілася адразу дзьве старонкі, прысьвечаныя гэтай тэме – “Казачнік-бай” і “Беларускія калыханкі ў дзеда-барадзеда”.

Аўтар “Казачніка-бая” Руслан Равяка кажа, што штуршком для стварэньня сайту сталі, апроч іншага, асабістыя прычыны і патрэбы.

(Равяка: ) “Я сам малады тата. У мінулым годзе ў мяне нарадзілася дачка. І калі я зьвярнуўся у Інтэрнэт, каб знайсьці нейкую патрэбную інфармацыю, што калісьці чуў ад бабуль, – то нічога такога не знайшоў, казак, забавак, дражнілак.

Тады зьвілася ідэя і я пачаў зьбіраць свае матэрыялы. Але якраз тады зьявіўся іншы сайт – Калыханкі. Таму я на нейкі час закінуў нават займацца Казачнікам-баем, але пасьля паглядзеў, што ў “Калыханак” ідэя трошкі іншая, і працягнуў сваю працу”.

(Цыганкоў: ) “Надзіва, у гэтай сфэры, дзе, здаецца, зусім няшмат інфармацыі ў Інтэрнеце, у вас зьявіўся “канкурэнт”. Ці вы лічыце, што тут у катэгорыях канкурэнцыі ня варта разважаць і “Калыханкі” асьвятляюць проста іншы бок гэтай тэмы, якой займаецеся і вы?”

(Равяка: ) “Так, безумоўна, я не лічу канкурэнтам “Калыханкі”. Па праўдзе кажучы, мы ўжо пачалі супрацоўнічаць. А па-другое, гэты сайт створаны на базе ЗБС (Задзіночаньня беларускіх студэнтаў), адкуль выйшаў і я. Студэнты вырастаюць, робяцца бацькамі, і хочуць беларусізаваць выхавальную сфэру”.

(Цыганкоў: ) “Якую з вашых шматлікіх рубрыкаў вы будзеце павялічваць найперш? Дзе можна чакаць папаўненьня?”

(Равяка: ) “Калі ўжо ў сайта такая назва, то найперш будуць павялічвацца “Казкі і байкі”. Некаторыя рубрыкі ўжо сфармаваныя амаль цалкам – напрыклад, у “Дражнілкі” я ўжо не магу знайсьці новай інфармацыі. Дапамога ідзе з розных бакоў. Напрыклад, з Прагі сям’я Глыбоўскіх прыслала мне ксэракс выданьня 1938 году – загадкі, сабраныя палякамі на Палесьсі”.

(Цыганкоў: ) “Якая тэндэнцыя прасочваецца ў наведваньні вашага сайту?”

(Равяка: ) “Адразу, як старонка зьвілася і я даў інфармацыю на розных каталогах, то было даволі актыўнае наведваньне. Пасьля праз некалькі дзён гэта паціху затухае. Але потым нечакана зьяўляюцца нейкія зноў выбухі, якія я не магу прагназаваць, і ня ведаю, чым патлумачыць”.


* * *
І закончым праграму цікавай міжнароднай інфармацыяй. На гэтым тыдні ў поўным аб’ёме адноўленая праца нацыянальнай дамэнавай зоны Афганістана. Патлумачу нашым слухачам, што дамэн –гэта кароткае, з двух літараў, абазначэньне краіны, якое ставіцца ў канцы Інтэрнэт-адрэсы, што месьціцца ў сецевай зоне краіне. Напрыклад, Беларусь мае дамен .by, які, напэўна, нават тыя нашыя слухачы, што ня маюць доступ да Інтэрнэту, ужо добра пазнаюць на слых. Аднак Афганістан, здаецца, адзіная краіна ў сьвеце, якая не мела свайго сецевага дамэну. Рэчу тым, што падчас кіраваньня талібаў Інтэрнэт там знаходзіўся пад строгай забаронай. Прыватныя асобы не маглі ім карыстацца пад страхам сьмяротнага пакараньня. Праца па аднаўленьні дамэна пачаліся толькі пасьля паразы талібаў і прыходу да ўлады ўраду Хаміда Карзая. Паводле міністра сувязі Афганістана Махамада Масуда Станакзая, з аднаўленьнем нацыянальнай дамэнавай зоны Афганістан наноў набыў страчаную частку суверэнітэту. Такім чынам у афганскім Інтэрнэце зьявіліся ўжо два сайты. А ў Кабуле летась адчынілася некалькі Інтэрнэт-кафэ. Урэшце, відавочна, што для асноўнай часткі насельніцтва Сусьветнае сеціва яшчэ шмат гадоў будзе заставацца недаступнай дзіковінкай і раскошай.
XS
SM
MD
LG