Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнзура ў віртуальнай прасторы і іншыя тэмы


Віталь Тарас, Прага

Мы ўжо распавядалі ў нашых перадачах пра спробы беларускіх уладаў абмежаваць доступ да некаторых рэсурсаў Інтэрнэту. У першую чаргу гэта тычыцца Інтэрнэт-кавярняў. Днямі агэнтцва Інтэрфакс паведаміла пра новую ініцыятыву мясцовых уладаў у гэтым накірунку. У кампутарных клюбах Маладэчні забаронена выкарыстўваць гульню пад назвай “Армагэдон”. Акрамя таго, аддзел адукацыі гарвыканкаму зацьвердзіў сьпіс гульняў, дзе “павінны быць заблякаваны доступ да опцыяў з нэгатыўнымі эпізодамі ў такіх гульнях як “Квэйк-3”, “Контр-удар”, “Аліса”, “Чырвоны скарпіён” і гэтак далей. Супрацоўнікам міліцыі дадзена нават права канфіскоўваць дыскеты з забароненымі гульнямі.

Я зьвярнуўся да беларускага філёляга, выкладчыка ўнівэрсітэту і шматгадовга карыстальніка Інтэрнэту Юрася Бушлякова з пытаньнем – наколькі рэальнай можа быць гэтая спроба ўладаў выхаваць моладзь шляхам забаронаў і канфіскацыяў?

(Бушлякоў: ) “Нічога з гэтых забаронаў ня будзе, і быць ня можа. Мы павінны ўлічыць, што на рынку кампутарных гульняў, мне здаецца, усё гэта ёсьць. Нават калі дапусьціць, што з рынку кампутарных гульняў гэта выдаляць (хоць не зусім можна ўявіць, як можна рынак пазбавіць гэтых гульняў), ну дык, натуральна, застаецца Інтэрнэт і магчымасць адшукаць патрэбныя гульні празь сеціва. Таму, думаецца, абсалютна ясна – гэта нерэальна.

З таго, што я бачыў, пра што чуў – ня думаю, што эфэкт ад гэтых гульняў можа быць настолькі кепскі, настолькі пагражальны, каб уладам клапаціцца пра іхную забарону. Гэтыя фрагмэнты ёсьць нейкай частачкай вялізнай, неахопнай прасторы, якая не падлягае нейкаму кантролю. Кантроль палягае на поўнай недаступнасьці ўсялякіх крыніц такой інфармацыі. Але ў наш час забясьпечыць поўную недаступнасць, па-мойму, немагчыма. Таму гэта, хутчэй, нейкія спробы ўплыву на псыхіку, фармаваньня нэгатыўнага вобразу тых ці іншых зьяваў масавай культуры”.

Гэта была думка Юрася Бушлякова. Далей у нашай перадачы вы пачуеце гутарку зь ім пра беларускі пераклад “Гобіта” ў Інтэрнэце.

А зараз – кароткі агляд.

Нельга не заўважыць, што сеціва ў Беларусі апошнім часам ня толькі пашыраецца, але і разьвіваецца ўглыб – у дадзеным выпадку, размова пра глыбіні беларускай гісторыі. У гэтым сэнсе вартыя ўвагі два новыя сайты. Адзін зь іх называецца “Гісторыя Браслава”, а другі – “Баранавічы ва ўспамінах” (электронны варыянт).

Гэтая старонка, таксама, як аднайменны альманах, выходзіць даволі даўно, але сайт быў абноўлены сёлета 6-га жніўня. На старонцы з адрасам baranavichy.at.tut.by зьмешчаныя ўспаміны ўдзельнікаў аб розных гістарычных падзеях – ад страйку баранавіцкіх чыгуначнікаў у 1905-м годзе і спробы стварэньня беларускіх школаў у 20-м да друку першага нумару адроджанай газэты “Наша Ніва”. Але найбольш каштоўным для наведніка сайту ёсьць, бадай, фотаздымкі. Шмат досыць рэдкіх фатаграфіяў можна бачыць у разьдзелах “Царская стаўка Мікалая другога”, “Выбары ў сэнат і беларускі зьезд у Баранавічах”, “Забэйда-Суміцкі ў Баранавічах”, “Баранавіцкая газэта “Пагоня” , “Беларускі аддзел СС”, “Баранавіцкае гета”, “Усталяваньне крыжа ахварам палітычных рэпрэсіяў у 1991-м годзе”.

Старонка “Гісторыя Браслава” на тле Баранавіцкай старонкі выглядае больш маляўніча. Праўда, малюнак ў стылі фэнтэзі, зьмешчаны на застаўцы, можа выклікаць у наведнікаў пэўнае зьдзіўленьне, паколькі рыцары і князёўна невядомай эпохі яўна ня маюць дачыненьня да гісторыі Беларусі. Аднак, стваральнікі сайту ставілі перад сабой, відаць, ня столькі адукацыйныя задачы, колькі імкнуліся прыцягнуць увагу да Браслаўшчыны з боку патэнцыйных турыстаў. Пра гэта, між іншым, ускосна, сьведчыць і адрас старонкі – sosnyrest.narod.ru

Дарэчы, нягледзячы на расейкі адрас сайту, стваральнікі карыстаюцца абедзьвюма дзяржаўнымі мовамі. У прыватнасьці, разьдзелы Відзы і Дрысьвяты (бадай, самы ўдалы паводле зьместу) напісаныя па-беларуску. Што тычыць разьдзелу “Браслаў”, дык у гэтым разьдзеле беларускія тэксты складаюць прыкладна палову. Варта адзначыць вялікую колькасьць каляровых фатаздымкаў архітэктурных помнікаў і выдатных мясьцінаў Браслаўшчыны.

Навіной, якая не засталася па-за ўвагай беларускіх аматараў літаратуры, сталася зьяўленьне “Пунсовай кнігі Заходняга краю” Толкіена на беларускай мове. Рэкляма гэтай кнігі, больш вядомай пад назвай “Гобіт, альбо Вандроўка туды й назад”, зьявілася на сайце ОZ.by

Дзякуючы фільму “Уладар Пярсьцёнкаў”, зьнятаму паводле трылёгіі Джона Толкіена, гобіт ФродаТорбінс стаўся пэрсанажам, вядомым мільёнам людзей. Бо фільм стаўся сёлета адным зь гітоў на кінарынку. Праўда, прыхільнікі таленту брытанскага раманіста лічаць, што ў фільме засталося няшмат ад сьціплага абаяньня кнігі пра Гобіта. Дарэчы, у многіх краінах, у тым ліку і ў Беларусі, існуюць шматлікія клюбы прыхільнікаў Толкіена – так званых “талкністых”. У інтэрнэце адразу некалькі сайтаў прысьвечаныя “Уладару пярсьцёнкаў”.

На гэтую тэму мы гутарым з філёлягам Юрасём Бушляковым.

Ці не спазьніўся, усё ж, пераклад наіўна-рамантычнага Гобіта на беларускую мову? Наколькі гэта наогул спалучальна – інтэрнэт, звышхуткія кампутары і такая вось сага зь неверагодна расьцягнутым, казачным сюжэтам?

(Бушлякоў: ) “Я думаю, заўсёды будзе публіка, якой будзе цікава гэта чытаць. Рэч у тым, што сам жанр “фэнтэзі”, безумоўна, застаецца вельмі папаулярным. Пэўне, не выпадае чакаць, каб уся публіка, што шукае ў Інтэрнэце літаратуры, зацікавілася такой чытанкай, як “Гобіт”. Але тым ня менш, можна толькі парадавацца, што той кампаніі, якая некалькі год назад узялася перакладаць на беларускую мову адзін з найслыньнейшых твораў літаратуры фэнтэзі, удалося давесьці да рэалізацыі сваю задуму і нават выдрукаваць гэты твор кніжкаю. Ну, і цяпер гэта даступна, прынамсі, часткова, і ў Інтэрнэце – даступна, што цікава, на сэрверы Інстытуту малекулярнай і атамнай фізыкі беларускай Акадэміі Навук. Там ёсьць асобны сайт стваральнікаў беларускай вэрсіі толкінавага Гобіта, і там, безумоўна, фігуруюць асноўныя гэроі беларускага пераўвасабленьня Гобіта – гэта перакладнікі Крысьціна Курчанкова і Дзьмітры Магілеўцаў”.

Даводзілася чуць меркаваньне, што гобіты – такія, якімі іх апісаў Толкіен, нагадваюць сваімі рысамі адразу некалькі эўрапейскіх народаў і нават чымсьці нагадваюць беларусаў? Ці згодны Вы з гэтым?

(Бушлякоў: ) “Я думаю, што кожны народ знойдзе нешта блізкае сабе, чытаючы пра гобітаў. І дарэчы, у форумах, якія так ці йнакш закранаюць, абмяркоўваюць пытаньні толкіенавых твораў – у прыватнасьці, Гобіта, гэтая думка пра падабенства пэрсанажаў, створаных вялікім ангельскім майстрам фэнтэзі, да беларусаў, сям–там прасочваецца. Дарэчы, форум, прысьвечаны “Гобіту”, ёсьць на “Беларускай палічцы”. Ну, і вялікі форум ёсьць таксама на згаданым сайце беларускага перакладу”.

Мы працягнем гутарку пасьля цытаты…

“Была ў зямлі дзірка, але ж ня проста дзірка, а нара, і жыў у ёй гобіт. І была гэта не сырая, цёмная ды брудная нара, дзе са сьцен тырчаць чарвякі ды патыхае цвільлю, і не сухая зямлянка, дзе сыплецца пясок, няма на што сесьці ды няма чаго зьесьці, а нара гобіта, а значыць – нара ўтульная і вельмі добра ўладкаваная. Дзьверы ў нару былі круглыя, як ілюмінатар, пафарбаваныя ў зялёны колер, з бліскучай меднай ручкай у самай сярэдзіне. Адчыняліся дзьверы ў доўгую, падобную да тунэля залю, нядымную ды прасторную, з шаляванымі сьценамі, з паркетам і дыванамі на падлозе, з паліраванымі крэсламі і безьліччу цьвічкоў для капелюшоў ды паліто – гобіт любіў гасьцей”.(“Пунсовая кніга”… разьдзел 1-ы)

Сп. Бушлякоў. Што б Вы маглі б сказаць пра якасьць перакладу?

(Бушлякоў: ) “У цэлым ён пакідае прыемнае ўражаньне. Я думаю, тое, што я б назваў стандартам беларускай мастацкай мовы ці беларускай літаратурнай мовай мастацкіх твораў, тут вытрымліваецца. Пэўна, ёсьць нейкія пахібкі. Ёсьць паасобныя заўвагі. Можна меркаваць, што кніжная вэрсія выйшла ў больш агледжаным выглядзе, чымся тая вэрсія, якая даступная ў інтэрнэт-рэсурсе, прысьвечаным “Гобіту”. Але тым ня менш, безумоўна, толькі ўхвальных словаў заслугоўваюць перакладнікі – і Крысьціна Курчанкова. І Дзьмітры Магілеўцаў”.

Я дзякую Юрасю Бушлякову за гутарку. Назаву адрас старонкі перакладу, пра які вялася размова.. Трэба зазначыць, на слых ён гучыць даволі складана www.imaph.as-net.by/~hobbit

А зараз – пра вынікі чарговага апытаньня на старонцы беларускай Свабоды. У сувязі з апошнімі падзеямі вакол рэстарану Макдоналдс, што на Прывакзальнай плошчы ў Менску, мы прасілі выбраць адзін з трох варыянтаў адказу аб магчымых прычынах: гэта барацьба з амэрыканскім капіталізмам? Гэта камэрцыйны канфлікт паміж Белдзяржунівэрсітэтам і рэстаранам? Ці гэта – інтрыгі беларускіх вэгетарыянцаў?

Меркаваньні наведнікаў нашага сайту выразна падзяліліся. Большасьць – сорак адсоткаў – лічаць, што гэта барацьба з капіталізмам. 32 адсоткі бачаць тут канфлікт паміж Унівэрсытэтам і кампаніяй. Асатнія ж 27, трэба меркаваць, належаць да вэгетарыянцаў, альбо іхных праціўнікаў.

Дарэчы, інфармацыю пра фірму Макдоналдс можна знайсьці на сайце McDonalds.сom. А на завяршэньне нагадаем наш адрас у Інтэрнэце – www.svaboda.com
XS
SM
MD
LG