Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сайт часопіса “Nihil”, пляны сайту “Бацькаўшчыны” ды іншае.


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: Юрась Барысевіч, Алена Макоўская, Пётар Рабухін

Сайт часопіса “Nihil” прызнаны на “Беларускім рэйтынгу” найлепшым сайтам тыдня, старонка ЗБС “Бацькаўшчына” мяркуе зрабіцца Інтэрнэт-газэтай, пра вынікі Алімпійскіх гульняў беларусія карыстальнікі сеціва вымушаныя даведвацца з замежных крыніцаў інфармацыі.

На гэтым тыдні вядомы рэсурс “Беларускі рэйтынг” прызнаў сайтам тыдня старонку часопісу “Nihil”. “Nihil” у Інтэрнэце існуе даўно, але апошнія тыдні сайт літаральна пераўтварыўся і зьнешне, і ўнутрана. Стала больш разнастайных тэкстаў, зьявіўся прывабны дызайн. Пра сайт “Nihil” (www.nihil.nightmail.ru) і ўвогуле пра існаваньне беларускай літаратуры ў Сеціве мы размаўляем з Юрасём Барысевічам, адным з аўтараў і сяброў рэдкалегіі часопіса”.

(Барысевіч: ) “У гэтага праекту калюмбаўская задача — адкрыць адваротны бок Беларусі. Як у гурта “Pink Floyd” ёсьць альбом (напэўна, найлепшы) — “Адваротны бок месяца”. Часопіс выходзіць рэдка, раз на год, а сайт ёсьць мажлівасьць аднаўляць часта, перапісвацца з чытачамі”.

Варта зазначыць, што сярод беларусіх літаратараў Інтэрнэт хутчэй засвойваюць прадстаўнікі новага пакаленьня. Літаратурнае жыцьцё праходзіць цяпер ня толькі ў Саюзе пісьменьнікаў і Доме літаратара, але і ў Інтэрнэце.

(Барысевіч: ) “Аўдыторыя Інтэрнэту патэнцыйна значна вышэйшая за аўдыторыю друкаваных часопісаў. Часопісы рэдка калі цяпер друкуюцца накладам больш за тысячу, а карыстальнікаў Інтэрнэту ў Беларусі ўжо дзясяткі тысяч. Я параіў бы слухачам і чытачам “Свабоды” зазірнуць на сайт “Беларуская палічка” (www.knihi.com) на кніжныя форумы, дзе ідзе жвавае абмеркаваньне праблемаў сучаснай беларускай літаратуры”.

Адрозна ад многіх літаратараў старэйшага пакаленьня, Юрась Барысевіч не баіцца Інтэрнэту, а бачыць вялікія пэрспэктывы для літаратуры ў разьвіцьці мультымэдыйных тэхналёгіяў. Барысевіч спадзяецца, што па часе нават школьныя падручнікі будуць замененыя на CD-ROMы.


* * *
Імкліва разьвіваецца сайт Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Галоўны зьмест гэтай Інтэрнэт-старонкі — дзейнасьць арганізацыі й навіны беларускай дыяспары. Зразумела, што Інтэрнэт — самы хуткі і эфэктыўны сродак камунікацыі для прадстаўнікоў дзясяткаў краінаў, у якіх жывуць этнічныя беларусы.

Пра сайт “Бацькаўшчыны” (www.zbsb.org) нашай праграме распавядае старшыня Рады Згуртаваньня Беларусаў Сьвету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская:

(Макоўская: ) “Інтэрнэт — гэта найбольш хуткі й танны спосаб зьвязацца з нашымі суайчыньнікамі. Таму нам ня толькі патрэбная старонка ў сеціве, а гэтую старонку трэба аднаўляць увесь час. І ў нас стаіць мэта — стварэньне Інтэрнэт-газэты.

І зараз мы ідзем гэтым шляхам, пачалі разьмяшчаць навіны пра дзейнасьць беларускіх асяродкаў. Гэта бюлетэні “Беларусы ў сьвеце”, якія мы аднаўляем, на жаль, пакуль толькі раз на месяц. Аднак з часам будзем выпускаць іх часьцей, бо, мяркую, гэтыя навіны цікавыя ня толькі нашым замежным суайчыньнікам, але й грамадзянам Беларусі”.

(Цыганкоў: ) “Што паказвае зваротная сувязь? Наколькі беларусы за мяжой цікавяцца вашым сайтам, ці дасылаюць свае е-mailы, інфармацыю?”

(Макоўская: ) “Так, мы атрымліваем даволі шмат лістоў ад беларусаў за мяжой. Найбольш актыўна нашую старонку наведвае маладое пакаленьне.

Мяркую, з часам мы здолеем зрабіць Інтэрнэт-газэту. А па-другое, плянуецца стварэньне базы зьвестак беларускай спадчыны за мяжой. Маецца на ўвазе, што разьмесьцім у Інтэрнэце інфармацыю па ўсіх асяродках беларускай дыяспары за мяжой, таксама будзем выстаўляць зьвесткі, калі яны былі заснаваныя, колькасьць сяброў, беларускія музэі, беларускія архітэктурныя помнікі, нават фірмы на чале зь беларусамі.

Мы надамо шмат увагі і культуры беларускага замежжа. Мы плянуем стварыць галерэю славутых беларусаў, якія сталі знакамітымі ня толькі тут, але і ўзбагацілі культуру іншых народаў”.

(Цыганкоў: ) “Мо вам трэба больш актыўна прапагаваць свой сайт, даваць спасылкі на іншых беларускіх сайтах, літаральна рэклямаваць сабе?”

(Макоўская: ) “Мы ўжо пачалі такую кампанію. Дарэчы, ужо сёньня з нашага сайту можна наведаць старонкі беларускай дыяспары ў сеціве, і мы будзем працягваць гэтым займацца”.


* * *

Напярэдадні зімовых Алімпійскіх гульняў быў адчынены афіцыйны сайт Нацыянальнага Алімпійскага камітэту Беларусі (www.noc.by). Натуральна, што менавіта адтуль беларускія заўзятары спорту, якія карыстаюцца Інтэрнэтам, спадзяваліся атрымліваць інфармацыю пра Алімпіяду.

Аднак ад моманту прэзэнтацыі напрыканцы студзеня сайт ніводнага разу не абнаўляўся. Насуперак беларускаму досьведу, Інтэрнэт у суседніх зь Беларусьсю краінах зьяўляецца незаменным сябрам спартовых аматараў, якія сочаць за алімпіядай. Тэму працягвае Ігар Карней.

(Карней: ) “Бальшыня спаборніцтваў у Солт-Лейк-Сыты распачынаецца якраз тады, калі ў Менску ўжо позьні вечар альбо нават раніца. Адпаведна, аматары наўпроставых эфіраў ня маюць шанцаў назіраць за хадой паядынкаў у тую ж хвіліну, спажываючы ў найлепшым выпадку тэлевізійныя запісы.

Але нават з улікам таго, што гэтым разам зусім няблага спрацоўвае здымачная група БТ, на ўсе сто задаволіць цікаўнасьць да вынікаў тых ці іншых стартаў цяжка (да таго ж, нацыянальная тэлевізія акцэнтуе ўвагу выключна на айчынных спартоўцах).

Як меркавалася, нейкім чынам кампэнсаваць дэфіцыт інфармацыі здолее адмысловы сайт Нацыянальнага Алімпійскага камітэту, урачыста прэзэнтаваны за некалькі тыдняў да пачатку Алімпіяды (нагадаю, што спартовага сайту ў беларускім сеціве няма дагэтуль).

Тады на сход у штаб-кватэру НАК сабраліся дзясяткі спартовых чыноўнікаў, журналістаў; здолелі арганізатары нават адшукаць першага беларускага алімпійскага чэмпіёна 1960 году Сяргея Макаранку, была тут і летняя чэмпіёнка Сыднэю Яніна Карольчык.

Але спадзяваньні на інфармацыйны прарыў пакуль заўчасныя: хутчэй, да месца казаць пра блякаду, бо ад тае пары інфармацыя на сайце www.noc.by цалкам закансэрваваная. І гэта дзіўна, бо, наколькі я памятаю, прэсавы сакратар НАК Пётар Рабухін, непасрэдны ініцыятар адкрыцьця алімпійскай вэб-старонкі, хадзіў з гэтай ідэяй па розных інстанцыях больш за чатыры гады.

Чаму тады не карыстацца вынікамі намаганьняў, калі нарэшце скончаныя ўсе папярэднія працэдуры, а прасьцей, хаджэньні па пакутах?

Сам Рабухін адказвае, што надта шмат часу было страчана на падрыхтоўчыя мерапрыемствы, а ўрэшце так і не сфармаваная каманда, якая здольная апэратыўна рэагаваць на падзеі непасрэдна ў Менску (пра тое, каб замест некаторых чыноўнікаў узяць у Солт-Лейк-Сыты аднаго–двух вэб-майстраў, гаворкі не было). Тым ня менш прэсавы сакратар НАК Пётар Рабухін упэўнены, што лепшы час алімпійскага сайту яшчэ наперадзе.

(Рабухін: ) “Дагэтуль было вельмі мала інфармацыі. А сайт — гэта крыніца інфармацыі. Дзьверы НАК мусяць быць адчыненыя для ўсіх. Гэта дэвіз нашай працы. Нічога дзіўнага, што з прыходам у камітэт цяперашняй каманды, журналісты ёсьць нашымі сталымі гасьцямі.

Любыя дакумэнты, пастановы, рашэньні, структура НАК, кіраўніцтва, маркетынгавыя праграмы — усё гэта ўжо зараз можна ўбачыць на нашым сайце. Тым, што знаходзіцца на старонцы, зараз я задаволены на 50%. Хачу даць болей здымкаў. Хачу, каб пра кожнага ўдзельніка алімпійскіх гульняў быў нарыс. За часы СССР уся інфармацыя акумулявалася ў Маскве; рэспубліка не надавала асаблівай увагі гістарычным момантам. Мы павінны аднавіць страчанае, гэта наша задача”.

Пакуль спадзяваньні на сайт НАК акрэсьліваюцца вельмі аддаленай пэрспэктывай, беларускія журналісты карыстаюцца тымі інтэрнэт-крыніцамі, заснавальнікі якіх не чакаюць літасьці ці то ад прыроды, ці то ад прыхамаці недалёкіх чыноўнікаў.

Прыкладам, афіцыйны сайт Алімпійскіх гульняў — www.saltlakeсity2002.com. Гэта ўся самая сьвежая апошняя інфармацыя, незалежна ад часу сутак. У астатнім беларускім карыстальніка найбольш зручна зазіраць на расейскі сайт www.sport.ru, дзе ўтрымліваюцца падрабязныя справаздачы паводле відаў спорту.

Трэба сказаць, што ўсе сумежныя зь Беларусьсю краіны маюць падобныя крыніцы апэратыўнай інфармацыі з-за акіяну, якія да таго ж працуюць у рэжыме on-line (як, прыкладам, www.sport.lv у Латвіі ці www.olimpiada.lt у Літве). Да таго ж, дастаткова зусім нядоўга пападарожнічаць у пошукавых сыстэмах суседзяў, каб пераканацца, што ўласныя сайты мае абсалютная бальшыня спартовых дысцыплінаў, таму можна ня толькі даведацца сухія лічбы статыстыкі, а й прачытаць падрабязны разбор палётаў адмыслоўца ў сваёй галіне”.
XS
SM
MD
LG