Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастацтва як носьбіт інтэлекту


Сяргей Харэўскі, Вільня

Лявон Тарасэвіч на сёньня ці ня самы вядомы ў сьвеце жывы беларускі мастак. Нарадзіўшыся на Падляшшы, на станцыі Валілы, што на ўскрайку Белавескае пушчы, ён тамака й жыве. Разам з тым выкладае ў варшаўскай Мастацкай акадэміі, якую сам скончыў у 1984 годзе, ды ладзіць свае творчыя імпрэзы па ўсім сьвеце: ад Амэрыкі да Японіі. Ужо ў 1985 годзе, па сканчэньні вучобы, ён выстаўляўся ў Эдынбургу, Стакгольме й Варшаве. І вось нядаўна ў мэдыях зьявіліся паведамленьні пра тое, што Тарасэвіч ізноў уразіў гледачоў. Гэтым разам у Барсэлёне. Тамака, на Plaza Real, Каралеўскім пляцы, ён расьпісаў ў розныя колеры... сам пляц. Як узьнікла гэтая ідэя? Распавядае мастак...

(Лёнік Тарасэвіч: ) “Быў увосень у Барсэлёне. Паглядзеў, што у гэтым горадзе ёсьць квадраты 120 на 120 пакінутай зямлі, у якой растуць дрэвы альбо пальмы. Я паўтарыў гэты памер на фоне гэтага пляцу, безпасрэдны малюючы акрылявым тынкам, пакрыў там 148 квадратаў. Калі засохла, то ўжо людзі маглі па гэтым хадзіць.

Для мяне то была цікавая рэч – рабіць гэтую працу, думаю, магчыма гэта толькі там, у месцы сутыкненьня і йсьляму, і Эўропы. Існаваньне жывапісу ў зусім іншым фоне, у нефігуратыўным і гарызантальным зьмесьце. І цудоўна, што можна было зрабіць гэтую працу. Ёсьць магчымасьць – то раблю”.

Барсэлёнская плошча дзякуючы каляровым квадратам, напісаным Тарасэвічам, сярод шэрага бруку й разьляпістых пальмаў, пераўтварылася ў маўрытанскі кілім. Сам мастак кажа, што для яго гэта працяг навучаньня, бо ніколі раней не працаваў на памежжы ісьлямскае культуры. Напрыклад, ён не карыстаўся раней адкрытым ружовым ці памаранчовым колерамі. Прынамсі, гэта не прыйшло яму да галавы, калі маляваў пад Беластокам. І замоўцы, то бок карыстальнікі ягонага мастацтва там, у Барсэлёне, былі ўражаныя. Адзін са шматлікіх звычайных пляцаў пераўтварыўся ў суцэльны мастацкі твор. Фарбы даўно пасохлі, цяпер па творы Тарасэвіча ходзяць людзі, галубы ды сабакі.

Гаворачы пра колер, Лявон Тарасэвіч, ці Лёнік, як яго завуць знаёмцы, кожнага разу нагадвае пра культуру колеру ў праваслаўнай традыцыі. Чыстыя адкрытыя колеры, на ягоную думку, уласьцівыя ня толькі мусульманскаму сьвету, але й усходняму хрысьціянству. Гэта, маўляў, ёсьць адлюстраваньнем душы...

(Тарасэвіч: ) “Гэта ня так, што я гэта падкрэсьліваю, акцэнтую і гэтак далей... Я проста сьцьвярджаю відавочныя факты – жывапіс, што выйшаў ад іконы, а ў сучаснасьць перанес яго Малевіч, разам з канструктывістамі, ён вельмі выразны. І на сёньняшні дзень даволі сесьці ў аўтобус, пераехаць з Баранавічаў у Горадню, каб пабачыць, як народ падсьведама карыстаецца колерамі. Як хаты памаляваныя, платы, парканы, гэтае ўсё. І як у нас на Беласточчыне на сёньня, як людзям пачалося лепей жыць, як маляваныя цэрквы на сіняе, на зялёнае. Аж ня верыцца, што столькі энэргіі ёсьць у народзе.

А я імкнуся гэта падкрэсьліць, бо ў Польшчы я гадаваны на Гарадоцкай царкве, на жывапісе Дабжаньскага, Навасельскага. Я бачу тут вялікую дрэмлючую энэргію і тое, што захавалі мы, праваслаўныя, гэтыя якасьці, што ёсьць у праваслаўі...”

Лёнік Тарасэвіч багата часу прысьвяціў вывучэньню праваслаўнае культуры й атаясамлівае сябе выключна зь ёю. Адной з галоўных крыніцаў сваёй творчасьці ён увесь час называе фрэскі 16-га стагодзьдзя мастака Нэктарыя, што былі ў царкве Супрасьля, а таксама фрэскі ў ў Любліне й Кракаве, што былі створаныя за часоў Ягайлы віленскімі мастакамі ў бізантыйскай яшчэ традыцыі.

Тарасэвіч шчыры вернік і рупліўца праваслаўя ў сваіх родных мясьцінах, на Беласточчыне. Гэтак выйшла, што там артадаксальная царква й беларушчына непадзельныя. На ўсход ад Бугу сытуацыя іншая. Беларушчынай тут апякуецца часьцей касьцёл, багата сьведамых беларусаў шукае сабе духоўнага апірышча ў вуніяцтве, кальвінізме, паганстве. Тым часам ў Менску нэапратэстанцкіх абшчынаў болей, чым астатніх канфэсіяў разам узятых. Гэта стварае цалкам новае тло культуры. Сваім меркаваньнем і пра гэта Лёнік Тарасэвіч падзяліўся са мною...

(Тарасэвіч: ) “Я цікавей бачыў. Я быў у Бразыліі, там зусім няшчэмна тых касьцёлаў, розных спосабаў, розныя людзі робяць грошы на людзях, каб толькі запоўніць ім тую дзіру духоўную, што паўстала. Проста касьцёлы й цэрквы адыйшлі ад людзей, а людзі заўсёды будуць запаўняць гэтую прастору ў сфэры духоўнай. І думаю, што разьвіцьцё гарадоў, тэхналёгіі, якія хутка разьвіваюць гарады, зьнікненьне вёсак стварае штосьці такое, што мусіць паўстаць варыянт сучаснага хрысьціянства”.

Лёнік Тарасэвіч сказаў таксама, што ў Барсэлёне яму болей няма пакуль што рабіць. Там застаўся адзін зь ягоных шэдэўраў, і гэтага досыць. Ягоныя творы зьберагаюцца таксама ў дзясятках музэяў і прыватных збораў самых розных краінаў. У 1988 годзе ён выстаўляў свае палотны ў Горадні й ў Менску. У 1993 годзе ён зрабіў у беларускай сталіцы пэрсанальную й апошнюю сваю выставу. На жаль, ніводзін з твораў, што былі на ёй, у Беларусі не застаўся. Выглядае, што твораў сусьветна вядомага мастака-беларуса няма ў Беларусі. Я запытаўся, ці ня мае мастак намеру стварыць, скажам, у Менску што небудзь кшталту барсэлёнскага праекту?

(Тарасэвіч: ) “Стаяць калёны ў Віцебску, у музэі мастацтва. Так што яны ёсьць, засталіся, існуюць. Рэчы што ў Менску былі, толькі на выставу зробленыя. А як вядзецца пра рэчы, што застаюцца ў архітэктуры – ёсьць гэты Віцебск, ён многа разоў быў рэпрадукаваны ў кніжках, так што калі й зьнішчаць, то гэта застанецца. А пакуль няма сэнсу туды ехаць, паказваць работы... Няма атмасфэры інтэлектуальнага абмену ў Менску. Які сэнс? Я не мазахіст”.

Калёны ў Віцебску, пра якія кажа Лявон Тарасэвіч, – гэта расьпісаныя ім у адмысловыя разнастайныя палосы пілёны перад лесьвіцай у будынку музэю. Гэты авангардны твор, гэтак дапасоўны й да віцебскае традыцыі, і да ілюстраваньня творчасьці Тарасэвіча, ацалеў выпадкова. Мясцовым мастацтвазнаўцам і мастакам давялося пераконваць музэйную адміністрацыю ў тым, што гэта выбітны твор, які нельга зьнішчаць. Цяпер мастак ня мае жаданьня нешта рабіць у Беларусі. Але як жа гэта спалучыць зь ягоным беларускім патрыятызмам, празь які ён шмат цярпеў у той жа Польшчы?

(Тарасэвіч: ) “Кожны зь мяне возьме тое, што хоча. А што карыстаюцца зь мяне найбольш палякі, то я ежджу за мяжу, рэпрэзэнтую іх, навучаю іх у Акадэміі мастацтваў у Варшаве. А, знаеш, проста я займаюся мастацтвам, нават калі для нашых беларусаў гэта ня ёсьць зразумелым. Ня мушу іх ушчасьліўліваць. А як дарастуць наступныя пакаленьні, яны гэта сабе і возьмуць. Як прыйшла дэмакратыя, як людзі пачалі мець з мастацтвам бліжэйшы кантакт, аказалася, што яны папраўдзе ненавідзяць мастацтва й ня хочуць яго. Не разумеючы, што мастацтва ёсьць носьбітам інтэлекту, а не дэкаратыўнасьці”.

Лёнік Тарасэвіч аддаў добрую частку свайго жыцьця палітыцы, грамадзкай і рэлігійнай дзейнасьці, беларушчыне. Нават займаў розныя адміністратыўныя пасады ў сваёй роднай гміне. Але цяпер, на ягоную думку, ёсьць рэчы большыя за змушаны нацыяналізм. Перадусім – гэта мастацтва. Але што тады такое беларускае мастацтва на сёньня?

(Тарасэвіч: ) “На сёньняшні дзень досыць, каб спаткаліся два беларусы – і гэта ёсьць культура беларуская. І ўсё роўна, ці гэта Валілы, ці гэта Бэрлін, ці Нью-Ёрк. Маладыя навучаюцца ў Познані, у Дусэльдорфе, у Касэлі... Беларусы, з вашай савецкай Беларусі. Калі йдзецца пра беларускае, то яно ня мусіць быць на беларускай зямлі. Даволі, што інтэлект будзе разьвівацца беларускі. Францішак Скарына навучаўся не ў Беларусі, а ў Падуі. Важным ёсьць потым эфэкт і інтэлект”.

Лявон Тарасэвіч працуе цяпер выключна ў нефігуратыўным, абстрактным мастацтве. Хоць пачынаў з пэйзажаў, кампазыцыяў на тэмы роднае зямлі, выконваючы іх у традыцыйнай тэхніцы алейнага жывапісу на палатне. Ад пачатку 1990-х гадоў ён пераключыўся на манумэнтальныя кампазыцыі ў самых розных матэрыялах. Сярод іншых ягоных вынаходак – росьпісы гарызантальных паверхняў, падлогаў і ходнікаў. Дарэчы, і гэтаму ён знаходзіць тлумачэньне ў праваслаўнай традыцыі. Бо як бізантыйскія, гэтак і старажытныя беларускія бажніцы, кшталту гарадзенскіх цэркваў, мелі надзвычай багатае ўбраньне падлогаў. Яму надаваўся ня меншы сэнс, чым аздобы сьценаў і столяў. Такая ў яго атрымліваецца інтэлектуальная гульня з традыцыяй.

Што ж да сувязяў зь Беларусяй, то Тарасэвіч па ранейшаму сябруе з нашымі творцамі, пераважна музыкамі, цікавіцца мастацтвам ды рэгулярна наведвацца сюды прыватна. Вось як на ягоную думку выглядае мастакоўскае жыцьцё Беларусі...

(Тарасэвіч: ) “Думаю, што на сёньняшні дзень вельмі добрую працу робіць Артур Клінаў, які выдаў гэтага “pARTyzan’a”, што ёсьць першым часопісам пра мастацтва сучаснае ў Беларусі. І думаю, што тыя маладыя людзі, якія езьдзяць, яны з часам прынясуць новы подых для думкі ў Беларусі.

Гэта ёсьць пазытыўнае. Мы ніколі ня мелі столькі маладых людзей, якія студыююць мастацтва. Тут ня трэба блытаць з Акадэміяй мастацкай ў Менску. Проста людзі, якія сапраўды маюць кантакт з сучасным мастацтвам, а не з прапагандай дзяржавы”.

Але ж мастацтва можа выхоўваць людзей. Мастакі самі могуць ствараць адмысловае асяродзьдзе вакол сябе. Што будзе, як усе творцы разьедуцца зь Беларусі па сьвеце?

(Тарасэвіч: ) “Слухай, я скажу табе так – перш за ўсё мастацтва павінна быць патрэбнае грамадзе. І гэта ёсьць разьвіцьцё інтэлекту, пераломваньне схемаў, будаваньне новых пэрспэктываў для грамады. Разьвіцьцё Эўропы змусіць эканамічна так, што Беларусь будзе нармальнай дзяржавай. І тады будзе патрэбнае й мастацтва. І людзі будуць разьвівацца. А цяпер гэта ёсьць даволі фікцыйная рэч, гаварыць пра мастацтва, пра ролю, пра гэтае ўсё. Добра маладыя могуць вучыцца, добра што могуць чытаць кніжкі, добра што ёсьць Інтэрнэт, што ёсьць абмен думак”.

Што да Інтэрнэту, то сам Тарасэвіч, маючы тамака сваю старонку, гэтак і не дарабіў яе. “Навошта? – кажа ён, – Дастаткова набраць у любой пошукавай сыстэме маё прозьвішча, і будзеш мець сотню спасылак. А мне трэба найперш маляваць”.

На разьвітаньне Лёнік Тарасэвіч паведаміў, што адлятае ў Мілян...

(Тарасэвіч: ) “Там маю паглядзець галерэю. Шыкуем там на восень выстаўку. І таксама прышыкоўваем такую манаграфічную кніжку пра мяне. Выдавецтва аўстрыйска-італьянска-польскае...”

На гэты год у Лявона Тарасэвіча яшчэ багата плянаў. Ён пачувае сябе цалкам упэўнена ў родных Валілах і ў любой сталіцы сьвету. Ягонае мастацтва – гэта няскончанае палатно, што немагчыма ўвабраць у рамы. Гэта тварэньне новых краявідаў, паралельнае рэчаіснасьці, якая не патрабуе нічога, апроч факту свайго йснаваньня. Творчасьць Тарасэвіча ёсьць адно тым, чым ёсьць – носьбітам інтэлекту. Паласатыя калёны ў Віцебску, альбо 148 пярэстых квадратаў на Plaza Real у Барсэлёне...
XS
SM
MD
LG