Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Легенда Маладэчна: горад мастакоў


Сяргей Харэўскі, Вільня

З чаго складаецца гарадзкое жыцьцё? З крамаў, рынкаў, заводаў, бажніцаў, плошчаў і вуліцаў? Як на маю думку, горад пачынаецца не з дамоў, а зь легендаў. Ёсьць свае легенды пра мастацкія традыцыі Віцебску, пра помнікі Горадні, пра сталічнасьць Наваградку ці Полацку.

А што можна распавесьці пра Маладэчна? Колісь невялікае мястэчка, што пакрысе пры чыгунцы стала горадам, а па апошняй вайне нават абласным цэнтрам. Літаральна з тузін помнікаў старасьвеччыны й багата заводаў, шмат сьветлафораў, вялікі зарослы парк у сярэдзіне. Тысячы людзей праяжджаюць праз Маладэчна, але мала каму што тут запамінаецца.

Між тым, гэты горад – адзін з найбуйнейшых цэнтраў беларускага мастацтва. Cёньня тут жывуць дзясяткі мастакоў. А пачатак гэтага фэномэну быў закладзены двума творцамі – Кастусём Харашэвічам і Ядвігай Радзялоўскай.

Найстарэйшы маладачанскі мастак Харашэвіч пазнаёміўся з мастачкай Радзялоўскай у 1958 годзе. Яны спачатку супольна працавалі над адным палатном, а потым арганізавалі студыю выяўленчага мастацтва пры Доме творчасьці. Доўгія гады Ядвіга Радзялоўская разам з Кастусём Харашэвічам кіравалі гэтай студыяй. І маладачанская студыя пры гарадзкім Доме культуры – яшчэ адзін фэномэн. Бадай нідзе ў Беларусі не была пастаўленая гэтак сур’ёзна самадзейная адукацыя дзякуючы выдатным настаўнікам – людзям, якія самі сталі легендаю.

Гаворыць мастацтвазнаўца, спадарыня Валянціна Трыгубовіч:

(Трыгубовіч: ) “Калі ствараецца духоўна блізкі асяродак, то потым далучаюцца людзі. І вось якраз Радзялоўская й Харашэвіч былі душою кампаніі ці ядром, якія вельмі высока ставілі мастацтва, сур’ёзна ставіліся да мастацтва. І вакол іх пакрысе гуртаваліся больш маладыя”.

Да свае заўчаснае сьмерці выкладаў тут у студыі выяўленчага мастацтва і графік Юры Герасіменка-Жызьнеўскі. Гэты мастак, які афармляў кнігі Коласа, Быкава, Зуёнка, быў яшчэ адной легендай Маладэчна. Тутака ж нарадзіўся й заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, жывапісец Леанід Дударэнка.

Зрэшты, сярод маладачанскіх мастакоў нямала й сяброў суполкі “Пагоня”, пра што гаворыць яе кіраўнік, спадар Мікола Купава:

(Купава: ) “У нас іх было чацьвёра, а на гэтай выставе яшчэ адзін паступіў. Так што пяць. Са старэйшых – Кастусь Харашэвіч, пасьля Алесь Пашкевіч, Мікола Аўчыньнікаў, Рыгор Мяжуеў і зараз паступіў Тамашэвіч”.

З адным зь сяброў суполкі “Пагоня”, маладачанцам Міколам Аўчыньнікавым я й пагутарыў на ягонай апошняй выставе ў Менску. Справа ў тым, што вірлівае маладачанскае мастакоўскае жыцьцё адбываецца амаль выключна ў сьценах майстэрняў ды кватэраў. Менскі абласны краязнаўчы музэй, што, дарэчы, таксама месьціцца ў Маладэчна, ня ў стане рабіць ані вялікіх закупаў твораў, ані экспанаваць іх як сьлед. У горадзе гэтак і не стварыліся ні галерэі, ні мастацкія музэі. Што ж робіцца ў горадзе цяпер?

Гаворыць Мікола Аўчыньнікаў:

(Аўчыньнікаў: ) “Безумоўна, у грамадзтве, якое само беднае, ня можа быць у добрым стане мастацтва. Адзіная мастацкая галерэя, што існавала ў нас, – “Палянэз” – яна зачынілася, таму што не атрымала падтрымкі ўладаў. Мастакі й хацелі бы змагацца, каб неяк больш плянава вялася праца мастацкага жыцьця ў горадзе... Кастусь Іванавіч вельмі часта выступае і піша ў газэты, але на сёньняшні дзень гэта не дало ніякага плёну. Я думаю, сёньня ў нашым горадзе гэта нерэальна. Мастакі з задавальненьнем пайшлі бы на тое, каб падараваць свае творы, каб была карцінная галерэя, але мы не адчуваем ніякае зацікаўленасьці”.

(Харэўскі: ) “То бок справа ў мясцовых уладах?”

(Аўчыньнікаў: ) “Так, безумоўна, ва ўладах...”

Я зьвярнуўся з тым самым пытаньнем да аднаго з найстарэйшых мастакоў Беларусі, які стала жыве ў Маладэчне, Кастуся Харашэвіча.

(Харэўскі: ) “Хто вінаваты ў цяперашняй стыуацыі – у тым, што ў вашым горадзе няма ніводнае галерэі?”

(Харашэвіч: ) “Кіраўнікі гораду, ад якіх усё залежала... Справа ў тым, што я ня памятаю ніводнага кіраўніка гораду, які быў бы зацікаўлены ў тым, каб нешта рухалася. Адзіны толькі быў пэрыяд – як быў Генадзь Карпенка, калі мы адчулі, што і з аплатамі майстэрняў ён зрабіў так, што можна было выжыць. Была размова, што так, будзе салён-магазін, дзе мы маглі бы прадаць свае творы й набыць матэрыялы. Ну потым здарылася тое, што здарылася... Карпенка быў адзіны чалавек, які сустракаўся з мастакамі. Відаць, што інтэлект меў...”

Паводле спадара Харашэвіча, у Маладэчна быў шанец стаць не легендарным, а сапраўдным цэнтрам мастацтваў. На жаль, той пэрыяд аказаўся закароткі.

Не ў малой ступені росквіту мастацкага жыцьця Маладэчна паспрыяла й тое, што гэты горад стаіць прыкладна пасярэдзіне шляху між Менскам і Вільняю. Дабрацца ў абодва бакі ніколі не было праблемаю. Гэтае скрыжаваньне аказалася жыцьцядайным. Вось што распавёў найстарэйшы маладачанскі мастак Кастусь Харашэвіч:

(Харашэвіч: ) “У нас вельмі моцны мастакоўскі калектыў. Творчы, менавіта творчы. Па-першае, зносінаў вялікая роля – Вільня–Менск. У Маладэчне быў абласны цэнтар. Будавалася вялікая бібліятэка. Як яго зрабілі раённым цэнтрам, ня зьнік ягоны напрамак у разбудову. І яшчэ, што сыграла вялікую ролю і для мяне – быў абласны Цэнтар народнае творчасьці. Самадзейныя мастакі гуртаваліся ў Маладэчне, зь вёсак прыяжджалі. Саюз мастакоў вырашыў стварыць у Маладэчне майстэрні. І я, напрыклад, быў у гэтых майстэрнях. Выконвалі ўжо творчыя заказы. Таму на глебе гэтых майстэрняў фармавалася прафэсійная групоўка мастакоў”.

Кастусь Іванавіч Харашэвіч мае свае тлумачэньні маладачанскага фэномэну. Ён сьведама абраў сабе для жыцьця гэтае места. Так, гэты фэномэн ёсьць. Нядаўна пра тое згадалі ў сувязі са 100-гадовым юбілеем выбітнае беларускае й польскае мастачкі, Ядвігі Радзялоўскай, якая атрымала перад вайной грунтоўную мастакоўскую адукацыю ў Польшчы, але большую частку свайго жыцьця прысьвяціла Маладэчну. А цяпер тут, на доме, што на вуліцы Віленскай, ёй прысьвечаная мэмарыяльная табліца.

Гаворыць мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч:

(Трыгубовіч: ) “Радзялоўская ўвогуле была больш варшаўскага выхаваньня, а Харашэвіч мясцовай гадоўлі, хоць і Вільня таксама брала ў ім удзел. У гэтым пакаленьні былі людзі, якія менавіта служылі мастацтву й лічылі гэта за вялікі гонар – служыць Мастацтву. Не зарабляць грошы, ні штосьці там адлюстроўваць. А вось так высока служыць мастацтву. З гэтых людзей старэйшых Харашэвіч такі па сёньняшні дзень”.

Выглядае, што разгадка маладачанскае таямніцы – чаму тут гэтулькі жыве мастакоў – у саміх мастаках. У тых людзях, для якіх існуюць ідэалы, вера ў сваё прызначэньне. І чарговы раз праяжджаючы горад над невялікай рэчкаю Ўшою, я пільна ўзіраюся ў навакольле, спрабую нешта злавіць у паветры, разгадаць гэтую загадку. Бадай, некалі мне пашанцуе.
XS
SM
MD
LG