Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кірмаш на Казюка: стары беларускі пэрформанс


Сяргей Харэўскі, Вільня

Дзень Сьвятога Казімера сёлета прыпаў на панядзелак. Але нягледзячы на пахмурнае надвор'е, на будзённы менскі дзень, у Чырвоным касьцёле, пад абед, на імшу, сабралося багата народу. Малады ксёндз, які чытаў беларускую казань, пасярэдзіне быў зьбіўся на пальшчызну, але адразу ж выправіўся. Пасярод шэрага сталічнага дня ў бажніцы, нібы на высьпе, было сьвята. Зіхцелі каляровыя шкельцы вітражоў, пералівалася сьвятло на пярэстых фрэсках. Урачыста ды калярытна.

Было сьвята і ў Вільні. На Казюка, Сьвятога Казімера, у першыя выхадныя дні вясны тут гудзе вялізарны кірмаш. Паводле непісаных правілаў, у гэтыя дні на вуліцы выходзяць мастакі й артысты, саматужнікі й народныя майстры, якія апаноўваюць усё старое места.

Стракатыя віленскія вербы, што не сустрэнеш нідзе болей у сьвеце, пернікі ў выглядзе сэрцаў, безьліч карцінаў, малюнкаў, розных патрэбных і непатрэбных рэчаў – усё гэта ўтварае стракаты карагод, у якім кожны сабе што небудзь ды й знойдзе.

Віленскі мастакоўскі кірмаш на Казюка – ці ня самая старадаўняя й праўдзівая традыцыя пэрформансу. Бо на ім ня гэтак істотна прадаць ці купіць, а менавіта паўдзельнічаць, паспрабаваць сябе ў розных ролях... Можна тут прыкінуцца бойкім гандляром, вялікім мастаком ці тутэйшым саматужнікам. Можна й пасьпяваць, калі да душы... Беларускія мастакі й літаратары, вясковыя майстры спрадвеку бралі ў ім чынны ўдзел. У міжваенным часе гэта была ці не галоўная мастацкая атракцыя. Вось як пра фэст Казюка пісаў Максім Танк у сакавіку 1939 году:

“Сёньня самы разгар велізарнага віленскага фэсту – “Казюка”, на які, чуваць, толькі адных турыстаў з Польшчы і з-за граніцы прыехала больш за дваццаць тысяч чалавек. Зь цікавасьці я прайшоўся за карнавальным паходам вуліцамі Нямецкай, Віленскай, Замкавай, Каралеўскай, якімі каля выстраеных вітрын магазінаў бясконцым патокам цягнуліся розныя вазы і плятформы з казюковымі сэрцамі й падарункамі, пальмамі і рознымі пудзіламі. Хоць пагода была добрая, але абутак мой прамок, і я вырашыў пайсьці ў кінатэатар “Пан”, паглядзець фільм “Вяртаньне на золку”, у якім грае беспадобная Даніэль Дарыё. Часу ў мяне было яшчэ шмат, і я падаўся да Лукіскай плошчы – самага цэнтру “Казюка”, у рытм гармонікаў, п’яных частушак, звону цымбаляў.

Я ўжо зьбіраўся пакінуць кірмаш, калі пачуў песьню. Яе сьпявала нейкая ў чырвонай хустцы маладзіца, седзячы на возе, засланым даматканай зялёнай посьцілкай, на якой ляжалі закуска, казюковыя пернікі й вянок смаргонскіх абаранкаў.

– Ты яшчэ засьпявай, Гануля!

– На, пацягні з бутэлькі... ”

(Максім Танк, “Лісткі календара”.)

На шчасьце, традыцыя мастацкіх ды артыстычных пэрформансаў на Казюка не перарвалася на тым самым, 1939-м годзе. Праз увесь савецкі час, у гэты дзень на рынках, у парках ды пад бажніцамі можна было набыць красоўныя віленскія вербы, што ва ўмелых руках беларускіх кабетаў пераўтвараюцца ў шэдэўры флярыстыкі. Альбо адмысловыя казюковыя пернікі.

Таго ж Максім Танка ў свой час я пабачыў на Казюка таксама. Ён меў сувора-адстаронены выгляд, пазіраючы нібы зьверху на той тлумны шматмоўны людзкі вір. Пры ім былі й нейкія сівыя мажныя дзядзькі, пэўна літоўскія калегі.

Некалі, стоячы на рынку, што на вуліцы Дзяржынскага, цяпер наноў Кальварыйскім, у 1984-м годзе, я пазнаёміўся з Уладзімерам Караткевічам. Мае шкалярскія этуды яго не зацікавілі, але гутарка адбылася. Праз колькі тыдняў я ўжо быў у яго на гасьцях у Менску. А недзе побач таўкліся таксама хлопцы з Горадні, Віцебску, Маладэчна.

Зь цягам часу, пад 1980-я гады, фэст на Казюка ўсё больш вабіў прафэсійных мастакоў ды актораў. У тыя гады хіба што безнадзейна лянівы вучань зь Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту ці зь менскай мастацкай вучэльні не пабываў тут.

Упершыню я прыехаў сюды гандляваць з Тодарам Кашкурэвічам ды Міхалам Анемпадыставым, якія ў той жа год, увосень, пайшлі ў савецкае войска. І на наступны год я быў на Казюковым кірмашы ўжо з Артурам Клінавым ды з будучым літартарам Міраславам Шайбаком. Яны, як і я, былі тады “дапрызыўнога ўзросту”... Беларускія студэнты, якія прыязджалі цягіком “Чайка” а 9-й раніцы ў Вільню, сьпяшаліся заняць сабе месца на рынкавых радах. Балазе, на Казюка ніхто не патрабаваў ані ліцэнзіі, ані дазволу. Стой ды прадавай леташнія этуды альбо малюнкі. Пад палудзень зазвычай ўсё было распрададзена альбо раздорана тутэйшым калегам-раўналеткам.

Той выручкі ад гандлю на Казюка хапала на добры абед, на квіткі, на віленскія хлябы-сыры ды й на простыя радасьці... Нечага падобнага не было на абшарах шостае часткі сьвету ды й, бадай, у іншых частках Эўропы таксама.

Аднаго разу мы зь сябрамі наважыліся на Казюка заехаць у Коўна. Ніякіх мастакоўскіх кірмашоў там не было й блізка. Тамтэйшыя жыхары шчыра дзівіліся, калі мы тлумачылі, чаго шукаем... Таму першыя ўрокі рынку, у літаральным сэнсе, маладыя беларускія мастакі атрымлівалі менавіта тут, у Вільні, на Казюка...

Дзіва што й сёлета на гэты фэст беларускіх мастакоў усіх пакаленьняў прыехала багата. Вунь па-над пярэстым натоўпам лунае чорны капялюх Алеся Пушкіна, гэтак і хочацца сказаць: пэрформанс “Пушкін на віленскім кірмашы”. А вунь пайшоў жывапісец Валеры Шкаруба, пасівела, пасівела ягоная рудаватая барада. А вунь выглядае сваіх мастак Уладзімер Голуб..

Сваімі ўражаньнямі ад апошняга Казюковага сьвята падзяліўся са мною Сяржук Вітушка:

(Вітушка: ) “Як часам радуесься сустрэчы са старым сябруком, гэтак чакаеш і радуесься кожны год, калі надыходзіць кірмаш на Казюка. Гэтак віленчукі называюць славуты фэст, што ладзіцца тут на дзень Сьвятога Казімера. Гэтая назва невыпадкова ўзьнікла й прыжылася – Казюк!.. У гэтай простай слоўнай форме дакладна акрэсьлены характар усяго дзейства – неафіцыйны, не казённы, нат не Казімер, а Казюк – просты, звыклы, тутэйшы. За гэта мы яго й любім, таму й чакаем ды радуемся.

На посьпех Казюка ўплываюць дзьве рэчы – надвор'е ды стаўленьне ўладаў. Сёлета з надвор'ем пашанцавала – было суха, чыста й ня надта зімна. З уладамі таксама, дзякуй Богу, шанцуе… Цяпер з кожным годам Казюк усё шырэй і шырэй распаўзаецца па плошчах ды вуліцах старое Вільні. Асартымэнт тавараў на Казюку мяняецца ў адпаведнасьці з часам. У міжваенны пэрыяд на гэты фэст ладзіліся дэманстрацыі. Гімназысты зь Віленскай Беларускай гімназіі, напрыклад, хадзілі на іх у нацыянальных строях, сьпявалі беларускія песьні, гукалі вясну...

Цяпер самы адметны тавар на Казюку – гэта вербы, альбо славутыя віленскія пальмы. Звычайны дубчык, упрыгожаны засушанымі кветачкамі выглядае як магічны кіёчак чараўніка. Махнеш ім – і пачнецца вясна...

Тутэйшыя палякі свайго Казюка вывозяць за мяжу. У Гданьску ды іншых гарадах, дзе ёсьць вялікая віленская дыяспара, рэгулярна ладзяць такія фэсты “казючкі”. Беларусы зрабілі мудрэй. Яны ня сталі нікуды вывозіць Казюка. Насуперак межам, мытням, розным валютам, узялі ды й прехалі сюды са сваім таварам. Гэта для мяне было самай вялікай пацехаю сёлета...

Іду, разглядаю розныя тавары, раптам бачу – нейкія падазрона знаёмыя званочкі. У мяне дома дакладна такія ёсьць. Паднімаю вочы, а хто ж прадае? Валя Лойка! Мая менская сяброўка. Гэта ж яна мне пазалетась той першы званочак і падаравала. Аказалася, ажно чатыры аўтобусы зь Менску прыйшло. Саюз мастакоў і Саюз народных майстроў, малайцы, крутануліся й арганізавалі гэтую выправу. Вільню на Казюка паглядзець ды й сябе паказаць. Купіў і я кошык, і званочкі, і вярбу ды яшчэ гарачага піва са сьвіным вухам... Казюк жа – Казюк. Ён варты таго, каб патраціць апошні грош”.

Мае рацыю Сяржук Вітушка, кажучы, што беларусы, а дакладней творчая інтэлігенцыя, зрабілі гэты фэст сьвятам для сябе. Апроч чатырох аўтобусаў зь Менску, прыехалі сваім аўтобусам і мастакі з Горадні: Юрась Мацко, Сяргей Грыневіч, Алесь Сільвановіч ды іншыя.

Выглядае, як для нашых мастакоў, то Казюковы фэст па ранейшаму застаецца адной з самых галоўных каляндарных падзеяў. Яго чакаюць кожны год, рыхтуюцца да яго й на яго спадзяюцца. Тут можна й купіць творы беларускіх майстроў і пабачыць іх саміх. Спрычыніцца да традыцыі й падгледзіць нешта цалкам новае. Але, бадай, галоўнае – гэта адчуць сябе ў сытуацыі татальнага панаваньня творчасьці, дзе не прыходзяць у галаву думкі пра палітыку ці пабытовыя клопаты. Адчуць атмасфэру абяцанкаў вясны.
XS
SM
MD
LG