Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярэбранае сьвятло вечнасьці


Сяргей Харэўскі, Вільня

Праца дасьледчыкаў беларускай фатаграфіі нагадвае цяпер працу археолягаў. Нам даводзіцца па драбніцах зьбіраць тое, што засталося, але найперш адкрываць тое, пра што ніхто яшчэ ня ведаў.

Вось гэткімі адрыцьцямі новага стагодзьдзя й сталі імёны фатографаў Міхала Зубея й Хведара Ястрэмскага. У галерэі візуальных мастацтваў “NOVA”, што месьціцца ў сталічнай Купалаўскай бібліятэцы, адкрылася новая выстава “Адбіткі вечнасьці”, выстава фатографаў, якія працавалі на пачатку стагодзьдзя мінулага.

Фатаграфію стварае сьвятло. Тое рэальнае сьвятло, што пераўтварае соль срэбра ў срэбра цёмнае... Гэта й ёсьць галоўны мастацкі сродак фатаграфіі. Сярэбранае сьвятло, што й даносіць да нас адбіткі вечнасьці. “Камэра бачыць куды вастрэй, чым чалавечае вока, дык чаму б ёю й не пакарыстацца”, — казаў у свой час выбітны амэрыканскі фотамастак Эдвард Ўэстан.

І насамрэч, чаму ж не пакарыстацца было фотапаратам? Вось ужо амаль паўтара стагодзьдзя пакаленьні беларускіх творцаў паслугоўваліся гэтым сродкам. Але марна шукаць іх імёнаў у беларускіх даведніках. У “Энцыкляпэдыі Літаратуры й Мастацтва”, што выйшла напрыканцы 80-х, наогул адсутнічае артыкул пра фатаграфію.

Але што нам пра іх ведама — пра колішніх пачынальнікаў беларускае школы фатаграфіі? Напрыклад, пра магілёўскага майстра мяжы ХХ і ХІХ стагодзьдзяў, Карла Булу, якога ў свой час запрашалі здымаць сям’ю расейскага імпэратара, а для душы ён здымаў беларускія краявіды й тутэйшых людзей у Белавежы й над Дняпром. Альбо пра Бэнэдыкта Гэнрыка Тышкевіча, які аб’езьдзіў з фатакамэрай паўсьвету, але штогод здымаў сялянаў ды сваіх крэўных у ваколіцах радавых маёнткаў пры Налібоцкай пушчы.

Менавіта ён першым ужыў спосаб пастановачных здымкаў: калярытныя пэрсанажы, убраныя ў народныя строі, закампанаваныя перад адмысловымі натурмортамі, асьветленыя студыйным сьвятлом. Цяпер старасьвецкія здымкі, што былі зробленыя графам Тышкевічам, упрыгожваюць музэй ва францускім мястэчку Н’епс, іх бачылі гледачы ў Амэрыцы, Ангельшчыне, Польшчы й Літве. А вось беларускаму гледачу яны ня ведамыя. Як і творы многіх, многіх іншых фатографаў.

Тымчасам, здымкі, што былі зрабіўшы Тышкевіч ці Булгак, маюць для нас сёньня бясспрэчную каштоўнасьць. Мастацкую ў тым ліку. Штопраўда, імя фатографа Яна Булгака, аўтара першых артыкулаў па мастацтву фатаграфіі, усё ж увайшло ў наш культурны кантэкст. Больш таго, яшчэ пару гадоў таму, набраўшы ў інтэрнэт-шукалках гэтае прозьвішча, можна было выйсьці на адзіную толькі старонку з партфоліё, створаную кіраўніком галерэі “NOVA” Ўладзімерам Парфянком. Гэтак рашуча беларусы заявілі свае правы на спадчыну Булгака.

І вось спадар Парфянок прэзэнтуе новы праект, прысьвечаны старасьвецкай беларускай фатаграфіі, гэтым разам у прасторы рэальнай.

(Харэўскі: ) “Спадар Парфянок, Вы вельмі шмат зрабілі дзеля вяртаньня ў Беларусь імя Яна Булгака, стварылі інтэрнэт-старонку, дэманстравалі ягоныя здымкі ў вашай галерэі “NOVA” й выдавалі буклеты. На новай выставе побач з гэтым вядомым творцам прадстаўленыя й новыя для сучаснага гледача імёны. Што за канцэпцыя была ў гэтай экспазыцыі?”

(Уладзімер Парфянок: ) “Ян Булгак, Хведар Ястрэмскі й Міхал Зубей. Канцэпцыя простая — паказаць здымкі невядомых фатографаў, альбо малавядомыя здымкі фатографаў вядомых. Таму што прозьвішчы там — Ястрэмскі ці Зубей, іх ведаюць цяпер можа пара чалавек, зусім малая колькасьць. Імя Булгака больш вядомае, але мы паказваем зусім рэдкія паштоўкі, якія выдаваліся, відаць, падчас Другой сусьветнай вайны й ня маюць ніякіх выходных зьвестак. Гэта цікава”.

(Харэўскі: ) “Я нешта чуў пра імёны Ястрэмскага й Зубея, бачыў іхныя здымкі, але мяне зацікавіла, ці арганізатары выставы дазналіся пра іх болей...”

(Парфянок: ) “Мне мала што ведама. Ястрэмскі — пра яго зусім нічога не вядома. Вядома толькі, што ён жыў у Менску, меў лецішча ў Заслаўі і тамака здымаў усе свае фатаграфіі. А даты ягонага жыцьця таксама невядомыя. Пакуль што. Нявысьветлена.

А наконт Зубея — вядома, што ён з Давыд-Гарадку. Яго адкрывае Раманюк, пэрыядычна зьбірае ягоныя фатаздымкі кожны год. Магчыма, што ён трошкі больш будзе пра яго ведаць. Задача фактычна ў нас была ня ў тым, каб высьвятліць там нейкія факты зь іх біяграфіяў, а паказаць мастацкі бок іхных твораў, страдаўніх фатаграфіяў. Адысьці ад гэтага краязнаўства, банальнага й ляпідарнага, і паказаць іншыя вартасьці...”

Уладзімер Парфянок падкрэсьліў, што задачаю выставы “Адбіткі вечнасьці” было зьдзівіць гледача мастацкімі вартасьцямі старасьвецкіх фатаграфіяў, а не гістарычна-біяграфічнымі досьледамі.

Па рэкамэндацыі Парфянка я папрасіў распавесьці пра творчасьць і лёс Міхала Зубея, давыд-гарадоцкага фотамастака мінулага стагодзьдзя, Дзяніса Раманюка. Справа ў тым што яшчэ ягоны бацька, Міхась Раманюк, які й адкрыў таго фатографа, здолеў сабраць у экспэдыцыях вялікую колькасьць ня толькі здымкаў Зубея, але й нават ягоных шкляных нэгатываў. Гэтая калекцыя — сапраўдная энцыкляпэдыя тагдэйшняга Давыд-Гарадку й ягоных ваколіцаў.

Сушацца пад шэрым небам рыбацкія чаўны, урачыстае шэсьце мінае царкоўны пагост, гандляры заклікаюць па свой тавар, а вось драматычны здымак тапельца, над якім схіліліся людзі. Помнікі дойлідзтва, экзатычныя палескія краявіды, будзённае жыцьцё местачкоўцаў ды сялянаў.

(Харэўскі: ) “Спадар Дзяніс, дык кім быў Міхал Зубей?”

(Дзяніс Раманюк: ) “На маю думку, гэта быў адзін з самых выбітных беларускіх фотамастакоў ХХ стагодзьдзя. На жаль, яго ня ведаюць. Ён жыў у сваім гарадку, у сваім інтымным сьвеце. Здымаў там пахаваньні й вясельлі.

Міхал Зубей нарадзіўся ў 1902 годзе ў Давыд-Гарадку, прыкладна ў 20-я гады пачаў фатаграфаваць як аматар. А ў 1931 годзе ён скончыў Пінскую фоташколу, па сканчэньні якое, атрымаў званьне майстра. Стаўшы прафэсійным фатографам, ён стварыў сваё фотаатэлье. Акурат там, дзе да юбілею быў пастаўлены помнік Давыду Гарадзенскаму. На жаль, як ставілі помнік, хату Зубея зьнесьлі. Але я думаю, прыйдзе час і гарадчукі ўзгадаюць і ацэняць свайго земляка й ягоны дом будзе адноўлены”.

(Харэўскі: ) “Наколькі мне ведама, Ваш бацька, Міхась Раманюк сабраў вялізныя зборы старасьвецкае фатаграфіі, ці маглі б Вы хоць прыкладна ацаніць іх аб’ёмы?”

(Раманюк: ) “Ну я так адмыслова іх не пералічваў. Канкрэтна Зубея — больш за 50 арыгінальных фатаздымкаў, а таксама ягоныя стужкі й шкляныя нэгатывы. Агулам жа ў калекцыі — сотні здымкаў, сабраных у экспэдыцыях па ўсіх кутках Беларусі. Мы знаходзілі іх проста ў закінутых хатах, на падлозе, пад нагамі, даставалі з гарышчаў са старых рамаў. Нешта людзі й дарылі. Гэткай калекцыяй ня могуць пахваліцца нават музэі. Бо, як мне ведама, адмыслова фатаграфіі ніхто там не зьбіраў.”

(Харэўскі: ) “Вось скончыцца й гэтая выстава, якім Вам бачыцца далейшы лёс вашае прыватнае калекцыі?.. Можа Вы зьбіраецеся яе перадаць у які музэй?”

(Раманюк: ) “Так, мяне часта пра гэта пытаюцца. Я правёў ужо дзьве выставы, разам з Уладзімерам Парфянком у ягонай галерэі, разам з апошняй, пра якую гаварылася. Я хачу, каб гэтыя фатаздымкі пабачыла як мага болей людзей. Але я лічу, што такія калекцыі павінны знаходзіцца ў адных руках, у прыватных калекцыях. Таму што калі гэта народнае — то нічыё. І шмат чаго проста прападае...”

Дзяніс Раманюк лічыць, што найлепшае месца для іхнай сямейнай калекцыі — ягоная ўласная майстэрня.

Тымчасам Уладзімер Парфянок са скрухаю канстатаваў: мала таго, што цяперашнія гледачы ў Беларусі, нават прафэсійныя творцы, ня маюць уяўленьня пра традыцыі беларускае фатаграфіі. Праўда, у нас не напісана ніводнае кніжкі пра гісторыю нашага фота, праўда, ніводная дзяржаўная ўстанова не займаецца гэтым відам мастацтва, праўда, няма нават адмысловага нацыянальнага выданьня. Уладзімер Парфянок бачыць выйсьце ў стварэньні музэю...”

(Парфянок: ) “Па-першае, у краіне павінен быць свой нацыянальны музэй фатаграфіі, дзе бы перахоўваліся здымкі, увесь час дэманстраваліся іншым людзям. Канечне, пасьля гэтай выставы здымкі патрапяць у Музэй культуры й гісторыі, і назад у прыватныя зборы, зь якіх мы гэтыя здымкі ўзялі для выставы. А фатаграфіі гэтыя павінны быць дасяжныя для любога чалавека. Ну а такую функцыю можа выконваць толькі музэй...”

Ідэя беларускага музэю фатаграфіі ўздымалася шматкроць, яшчэ ад часоў перастройкі, аднак... Сёньня справа захаваньня гэтае галіны нацыянальнае спадчыны знаходзіцца ў руках паасобных энтузіястаў. Зь цягам часу тыя прыватныя калекцыянэры, якія ўзяліся за гэтую справу, будуць уласьнікамі неацэннага скарбу. Нічога заганнага ў тым няма, але публіка ня хутка здолее спрычыніцца да яго.

Самае дэмакратычнае мастацтва, што “бачыць куды вастрэй, чым чалавечае вока”, паводле выразу Эдварда Ўэстана, на пачатку ХХІ стагодзьдзя апынулася ў Беларусі незапатрабаваным. А сьведчаньні былое славы й майстэрства, фатаздымкі старых майстроў, пасьля выставы ізноў мусяць палегчы ў архівы ды шуфляды, да лепшых часоў...
XS
SM
MD
LG