Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Твар новага мастацтва


Сяргей Харэўскі, Вільня

“Квадрат не падсьведамая форма. Гэта творчасьць інтуітыўнага розуму. Твар новага мастацтва!”, – гэтак пра сваю карціну напісаў сам мастак Казімер Малевіч. У Віцебску, у 1919 годзе.

Толькі адзін раз у жыцьці я бачыў “Чорны квадрат”. Насуперак маім чаканьням, гэта апынулася зусім невялікая рэч. Шарай гадзінаю, у чужым горадзе, я сузіраў твор Казімера Малевіча, якому лёс адмерыў няўміручасьць, дзякуючы гэтай загусьці чорнага на белым. Толькі дзьвух колераў. Квадарат намаляваны безь лінарак, трафарэтаў ці вугольнікаў. Гэтая акалічнасьць дадае разуменьня. Мастацтва – не геамэтрыя. Нават калі гэта Квадрат. Малевіч заблытаў сьляды для тых, хто бы калі вывучаў ягоную творчасьць. Ён напісаў ці тры, ці чатыры “Чорныя квадраты”, ці тое ў 1916, ці тое ў 1918, нібы пасьмяяўшыся з тых, хто мераў усё ад году 1917. Ён стварыў гэты твор для тых, хто тварыў... Як абсалютны нуль, ад якога мусілі былі разысьціся восі Х і Y.

У суседняй залі адбывалася прэзэнтацыя аўстрыйскага мастака Эрнста Фукса. Яго, сябрука Сальвадора Далі, уважаюць за апошняга зь вялікіх сюррэалістаў. Вакол Фукса ўвіхаўся людзкі тлум, на чале зь першым мэрам Пецярбургу. Велізарныя ягоныя палотны, габэлены й афорты, перагружаныя дэталёва прамаляванымі фігурамі, уражваюць працаёмкасьцю й тэхнічнай даскананаласьцю. Сюжэты са Старога Запавету, замяшаныя на эратызме й абсурдзе. Пачалася пачостка, стрэліла шампанскае.

Я адчуў, што нехта стаіць за маёй сьпіною. Азірнуўся. Стары рудавата-сівы Эрнст Фукс, у афрыканскай шапачцы, пакінуў сваіх неўтаймоўных расейскіх гасьцей. Ён таксама пільна ўзіраўся ў малевіцкі “Чорны квадрат”. Заўважыўшы мой позірк, ён вінавата ўсьміхнуўся, падпісаў для мяне свой буклет ды й пайшоў. Пайшоў адтуль і я. Мы разыйшліся на “Чорным квадраце”. “Спачатку было ня слова, спачатку быў вобраз”, – сказаў Эрнст Фукс.

Ад вобразу “Чорнага квадрату”, абсалютнага нуля, зь якога пачалося сусьветнае найноўшае мастацтва, я й пачну сваю гаворку. Гаварыць пра мастацтва ня проста. Перадусім з-за таго, што мастакі апэруюць менавіта вобразамі, а ня словамі. Неяк я доўга спрабаваў вытрасьці зь Лёніка Тарасэвіча, самага вядомага сучаснага мастака Польшчы, беларуса з паходжаньня, тлумачэньні адносна ягоных абстрактных кампазыцыяў. Тарасэвіч сказаў мне: “Каб я мог усё патлумачыць, то я бы адно тлумачыў, а не маляваў”.

Выпадае тлумачыць мне. Дзе мяжа найноўшага й папярэдняга? Чым славутыя клясыкі? Якія жанры запануюць у будучыні? У чым унікальнасьць помніка? Чаго дасягаюць рэстаўратары? Ці заменіць прастора Інтэрнэту прастору выставачных заляў? Які цяпер твар у новага мастацтва? – пра ўсё гэта ў новай перадачы “Галерэя Свабоды”.

З адным з такіх неразгаворлівых мастакоў я й пагаварыў. Гэта – Сяргей Поклад, жывапісец, які пакуль жыве ў Вільні. Зрэшты, Вільня й прынесла яму вядомасьць. Ён пачаў з краявідаў, імкнучыся імітаваць літоўскі жывапіс, пасьля пісаў пад Шагала, пасьля спрабаваў свае сілы ў іканапісе. Цяпер у яго, выхаванца Беларускае Акадэміі Мастацтваў, родам з Краснапольшчыны, немалы даробак. Ягоныя творы разышліся ў дзясятак краінаў. Зараз ён піша стракатых папугаяў, партрэты з музычнымі інструмэнтамі, ляканічныя, але звонкія нацюрморты. Аднак Сяргея Поклада па-ранейшаму ўважаюць за майстра віленскага краявіду. Нямецкі Інстытут Гётэ ладзіць на наступным тыдні ягоную выставу ў Менску. Экспазыцыя Поклада зьменіць там фотавыставу Ўладзімера Парфянка. І... арганізатары запатрабавалі Покладавы палотны, прысьвечаныя менавіта Вільні.

(Харэўскі: ) “Сяргей, ты дэманструеш свае творы публіцы ў Нямеччыне, Літве, Амэрыцы, Латвіі, Польшчы, але ты тамака ж іх і прадаеш. Ці прадаў ты што ў Беларусі?”

(Поклад: ) “Не!... Хаця... Аднаго разу закупілі ў мяне. Міністэрства культуры набыла. Я ўдзельнічаў у выставе мастакоў Балтыі. За сьмешныя грошы. Так, сымбалічна”.

(Харэўскі: ) “Які тады сэнс табе выстаўляцца ў Беларусі?”

(Поклад: ) “Бацькаўшчына! Я ж там нарадзіўся, вучыўся, скончыў тэхнікум... Сябры тут ёсьць, вядома, тут прыемна. Пагатоў, ніякіх фінасавых расходаў. Арганізатары ўсё ўзялі на сябе”.

(Харэўскі: ) “А ў тваім родным Краснапольлі ты хацеў бы паказаць плён сваёй творчасьці землякам, сваякам, аднаклясьнікам?”

(Поклад: ) “Вядома, жаданьне ёсьць. І людзям было прыемна прыйсьці, паглядзець, чым займаецца чалавек, які там нарадзіўся”.

(Харэўскі: ) “Цяпер ты працуеш у самых розных жанрах, робіш партрэты, нацюрморты, нават папугаяў малюеш, а што гэтым разам пакажаш у Менску?”

(Поклад: ) “Гэтым разам – віленскія краявіды й невялікую колькасьць фігуратыўных працаў”.

Адкрыцьцё выставы Сяргея Поклада, нагадаю, адбудзецца 6 лютага ў Інстытуце Гётэ, што ў Менску. Праўда, мастак мяне папярэдзіў, што немцы заплянавалі вельмі элітарную прэзэнтацыю, куды патрапіць ня кожны. Таму паспрабуйце прыйсьці наступным днём.

А ўжо на гэтым тыдні ў Менску, у Палацы мастацтваў, пачынае працу сямейная выстава роду Ціхановічаў. Старэйшы зь іх, Валянцін, нарадзіўся ў 1909 годзе ў Вільні, яшчэ да апошняй вайны стаў вядомым графікам. А па вайне аформіў дзясяткі кніг беларускіх пісьменьнікаў ад Максіма Танка да Алеся Якімовіча. На малюнках Валянціна Ціхановіча да казак выгадавалася не адно пакаленьне малых беларусаў. Ягоны брат, Яўген, цяпер найстарэйшы мастак Беларусі. Яўген Ціхановіч працуе ў самых розных жанрах: ад станкавага жывапісу да кніжнае мініятуры. Адных толькі экслібрысаў ён стварыў больш за 400. Да ўсяго, Яўген Ціхановіч апошнімі гадамі стаў мэмуарыстам. На выставе прадстаўленыя таксама творы ягонага сына, жывапісца й графіка, Генрыха Ціхановіча, і ўнука Яна, якія заўчасна пакінулі наш сьвет. Гаворыць апошні з мастакоўскага роду Ціхановічаў:

(Ціхановіч: ) “Пытаецеся, як здароўе? Вось будзем спраўляць выставу “Дынастыя мастакоў Ціхановічаў”, Валянціна, Яўгена, сына й унука”. Выстава будзе два тыдні. Атрымліваецца не 14, а 19 дзён буду функцыяваць. Можаце пад’ехаць”.

Яўгену Ціхановічу летась споўнілася 90 гадоў. Менавіта да ягонага юбілею й прымеркаваная выстава ў менскім Палацы Мастацтваў.

А ў Полацку тымчасам адбылася прэзэнтацыя новага фотаальбому, прысьвечанага гэтаму гораду.

Фотаальбомы гарадоў нечым нагадваюць сямейныя фатаздымкі, бо выяўленае ў іх жыцьцё абмежаванае канкрэтнай прастораю й лякальнай супольнасьцю людзей, якія яе пераўтвараюць. Бачыце, якія былі сьмешныя трамваі? А памятаеце гэтыя прысады? А як апраналіся людзі? І дзе гэтыя людзі цяпер? Але далёка ня кожны зь беларускіх гарадоў можа пахваліцца сваім друкаваным фоталетапісам. Пагатоў, цяжка згадаць аўтарскія гарадзкія альбомы фотамастакоў. Хіба што кнігу Зянона Пазьняка пра Менск, ажно 1968 году, альбо буклет Уладзімера Суцягіна да 900-годзьдзя Пінску. Калі альбом укладае адзін творца, ён выбудоўвае ўсю кампазыцыю свайго аповеду, спалучае й састаўляе здымкі ў адпаведнасьці са сваёй задумаю. То бок, адбываецца дадатковы творчы працэс.

І вось пабачыў сьвет у выдавецтве "Беларусь” яшчэ адзін аўтарскі альбом “Полацак” вядомага фотамастака Эрнэста Цецярэўскага. У апошні дзень лютага ў полацкім Цэнтры нацыянальнае культуры адбылася ягоная прэзэнтацыя. Падобнае выданьне апошні раз выходзіла ў 1988 годзе ў гэтым самым выдавецтве. За мінулыя трынаццаць гадоў Полацак зьмяніўся. Ці можна гэта заўважыць, калі параўноўнаць два выданьні? Кажа полацкі літаратар Алесь Аркуш.

(Аркуш: ) “У альбоме 1988 году кідаецца ў вочы надпіс: “Альбом разгледжаны і адобраны Полацкім гаркамам КПБ”. Ягонымі складальнікамі былі сакратары мясцовых партыйных органаў. Здымкі ж пераважна менскіх майстроў фота – Лабады, Сьліжа, Ліхтаровіча…

Тэксты ў тым выданьні пададзеныя на дзьвюх мовах – па-беларуску й па-расейску. У альбоме шмат было здымкаў ветэранаў, перадавікоў вытворчасьці, камсамольцаў-выдатнікаў, шчасьлівых дзяцей. Аб’ёмнае каляровае выданьне, набрынялае паказным бесклапотным савецкім жыцьцём. У альбоме ёсьць здымкі храмаў, але няма выяваў сьвятароў.

Іншым атрымаўся полацкі фотапартрэт узору 2001 году – у ім зьмешчаныя пераважна лірычныя гарадзкія краявіды. Над ім працаваў толькі адзін фатограф –палачанін Эрнэст Цецярэўскі. Ён – вядомы ў Беларусі фотамастак. Доўгі час ён працаваў у наваполацкай газэце “Хімік”, побач зь пісьменьнікамі Ўладзімерам Арловым, Ірынай Жарнасек, Лявонам Неўдахам. Ён ня любіць кідкіх, зыркіх здымкаў. Таму ў ягоных працах часам больш аблокаў, чымся полацкіх краявідаў, або замест архітэктурных помнікаў дамінуюць сілуэты дрэваў у сьнегавым уборы. Гэткі своеасаблівы фотарамантызм. Цецярэўскі ня вельмі любіць фатаграфаваць людзей. Бо ягоны рамантызм, напрыклад, у гэтак любімым ім спалучэньні барочнае Сафіі, велічнай Дзьвіны й глыбокага сіняга неба з мудрагелістымі аблокамі, пры патрапленьні ў кадар буйным плянам людзей бясьследна зьнікае”.

Алесь Аркуш чамусьці не згадаў пра тое, што новы альбом аздоблены таксама й верашамі полацкае паэткі Надзеі Салодкінай. Але ён адцеміў, што выданьне новага фотаальбому Эрнэста Цецярэўскага сталася значнай падзеяй для Полацку. Дадам, і для Беларусі таксама, зважаючы на нішчымнасьць цяперашняга стану ў нашым друкарстве. І праўда, дзе можна набыць новы альбом пра Менск?

Пра іншыя мастацкія выставы, што праходяць у Беларусі, пра новыя кнігі, пра невядомыя творы мастака Пётры Сергіевіча, знойдзеныя цяпер у Польшчы, я распавяду ў наступны раз.
XS
SM
MD
LG