Грамадзянін Камэруну Эпстэйн Ібонг прыляцеў у Беларусь вывучаць мэдыцыну. У Віцебску пазнаёміўся зь беларускай дзяўчынай Рымай Сабалёвай. На пытаньне: "адкуль ты?" тая шчыра адказала: "з Парыжу". Уявіце ступень зьдзіўленьня Эпстэйна, калі ён першы раз прыехаў на малую радзіму сваёй будучай жонкі. Аказалася, што згаданы Парыж знаходзіцца не ў Францыі, а ў Пастаўскім раёне.
У хаце мяне сустракаюць двое дзетак. Асаблівыя прыкметы: скура колеру шакаладу з малаком, на галаве – чорныя кучары.
(Карэспандэнт: ) "Прывітаньне! Як цябе завуць?"
(Дзяўчынка: ) "Інга".
(Карэспандэнт: ) "Колькі табе годзікаў?"
(Інга: ) "Пяць".
(Карэспандэнт:) "Дзе тата?"
(Інга: ) "Дакумэнты ўжо атрымаў і цяпер паехаў на заробкі ў Маскву".
(Карэспандэнт: ) "А як твайго браціка завуць?"
(Інга: ) "Майкл”.
(Карэспандэнт: ) "А колькі яму годзікаў?"
(Інга: ) "Два. Бачыце: Майкл адразу засаромеўся, што будзе з вамі размаўляць”.
(Карэспандэнт: ) "Давай з Майклам ужо іншым разам. Ён яшчэ маленькі. Дзякуй табе вялікі”.
Вывучаць мэдыцыну Эпстэйн кінуў пасьля таго, як пачалося вялікае каханьне. Пэўны час працаваў у калгасе і наймаўся дапамагаць тутэйшаму прадпрымальніку. Чым займаецца ў Маскве, дакладна ніхто ня ведае. Але ў Камэруне быў кіроўцам і мэханікам.
Бацька на заробках, маці ў полі буракі садзіць. Пагаварыць удалося толькі зь Любоўю Сабалёвай, цешчай Эпстэйна. Першае пытаньне пра ўражаньні камэрунца ад далёкай і паўночнай Беларусі.
(Собалева: ) "Казаў, што падабаецца ў вёсцы, лепей, чым у Афрыцы”.
(Карэспандэнт: ) "Можаце ўзгадаць свае першыя ўражаньні, калі яны зьявіліся тут, у Парыжы? У вас былі зьдзіўленьні, радасьць...”
(Собалева: ) "Ну якая там радасьць... Як першым разам прыехалі ўдваёх, я спужалася: Госпадзі, што сваіх мальцаў няма? Але так ён добры. Ён як пажыў у нас, ён мне спадабаўся. Калі што пачынае рабіць, усё атрымліваецца добра, хоць ён і іншаземец”.
(Карэспандэнт: ) "А як ў Парыжы насельніцтва паставілася да такога незвычайнага шлюбу?”
(Собалева: ) "Зьдзіўляліся: ай-ай-ай! Чорны зьявіўся. Ой-ой-ой! Рыма прывезла чорнага. Але ён не такі чорны, ня крэпка чорны. Бываюць чорныя-чорныя, а ён – ня вельмі. Я ж ганаруся ім: ой-ой-ой, які ў мяне зяць!"
На сучасных мапах Пастаўскага раёну няма такога населенага пункту, як Парыж. Цяперашні назоў – Навадруцк. У сярэдзіне сямідзесятых ішла чарговая хваля перайменаваньняў. Парыжане заснулі ў адной вёсцы, а прачнуліся зусім у іншай.
Гісторыя цёзкі франзцускай сталіцы, нібыта, пачалася ў дзевятнаццатым стагодзьдзі. Некалі тут праходзіў Напалеон. Імпэратар выйшаў за ваколіцу паселішча, якое было непадалёк. Уражаны прыгажосьцю, ён вымавіў: "Як падобныя гэтыя мясьціны на Парыж! Тут абавязкова будзе другі Парыж".
Тутэйшыя апантана прытрымліваюцца гэтай вэрсіі. Ім бессэнсоўна казаць пра тое, што сама вёска, відавочна, старэйшая за Айчынную вайну 1812 году, што, як лічаць навукоўцы, яшчэ ў паганскай старажытнасьці тут жылі плямёны парыдыяў. Яшчэ адна вэрсія: паселішча месьцілася па берагах ракі Рыжа, якая некалькі працякала тут. Адсюль і Парыж.
Парыжане ў пэўным сэнсе сталі закладнікамі назову сваёй вёскі. Журналістаў тут, мякка кажучы, ня любяць, бо надакучылі. Некаторыя, як толькі пачуюць, хто ты й навошта прыехаў, дэманстратыўна паварочваюцца й сыходзяць. Апошняй кропкай стала праграма пра вёску на адным з тэлевізійных каналаў.
(Ліда: ) "Мне не спадабалася, як мяне паказалі. Ну, мурына ж лепей паказалі! Ну, я ж ня гэткая страшэнная, як мяне паказалі!"
(Ірына: ) "Ліда, дакладна, якая ёсьць, такую й паказалі”.
(Ліда: ) "Ідзі ты!"
(Ірына: ) "Ён, можа, прыгажэйшы...”
(Ліда: ) "Вядома, больш чарнейшы за мяне. Я ж не такая. За тое, што мурын, трэба яго паказаць. Відалі, у Парыж мурын прыехаў. Ужо ўсё: распладзіліся”.
(Карэспандэнт: ) "Як жыцьцё ў Парыжы?"
(Ліда: ) "Да якое тут жыцьцё? Не жывем, а сьмерці чакаем. Жыву на адну пэнсію. Мне тэлефон не паставілі. Колькі я стаяла ў чарзе? Гадоў пятнаццаць! Прыехалі ставіць. Маё прозьвішча было першым. А замест мяне панастаўлялі па-за чаргой. Паехала была ў Паставы. А мне там сказалі: ну, яшчэ гадоў зь дзесяць пастаецё”.
(Карэспандэнт: ) "Можа, зьвярнуліся б да свайго дэпутата?"
(Ліда: ) "Мой мужык быў дэпутатам! І нічога не дапамог!"
(Карэспандэнт: ) "А як людзі да ўладаў ставяцца?"
(Ірына: ) "Гэтая ўлада, ведаеце, ніколькі не зьвяртае ўвагі. Хоць сем раз да яе, хоць дзесяць зьвяртайся. Вось так паабяцаюць і... Амінь! Толькі, что зямля на месцы стаіць, гэта й добра”.
(Карэспандэнт: ) "Уздымалася пытаньне, каб перайменаваць Навадруцк у Парыж...”
(Ліда: ) "Ай, дажывем мы й так ужо. А што зьменіцца? Няхай будзе й Парыж. Палепшае?"
Хай ня крыўдзяцца парыжане, але не зусім звычайны назоў паселішча й ёсьць бадай што адзінай асаблівасьцю мясцовага жыцьця. Праблемы тыя самыя, як на Берасьцейшчыне альбо на Гомельшчыне. Але як толькі ў размове гучыць слова "Парыж", вяскоўцы распраўляюць плечы й зьмяняюць інтанацыю. У словах чуецца гонар.
(Спадарыня: ) "Адна жыву. Мне ня дай Бог як жывецца. І розных працаў, і клопатаў”.
(Карэспандэнт: ) "Ну, а сельсавет можа чым дапамагае?"
(Спадарыня: ) "Нічога! Ільготаў ніякіх няма: і брыкет, і дровы набываю за поўную цану. Пэнсію атрымліваю 120 тысячаў. Але ўсё дорага. Атрымаеш, здаецца і шмат. Трэба гарэлкі набыць. Каня не дадуць і ніхто нічога ня зробіць, як гарэлкі ня будзе”.
(Карэспандэнт: ) "Усё ж такі мясцовыя людзі як называюць населены пункт: Навадруцк ці Парыж?"
(Спадарыня: ) "Навадруцк завуць, Парыжам – ніхто”.
(Карэспандэнт: ) А вы як ставіцеся да перайменаваньня?
(Спадар: ) "Мне аднолькава: што мне дасьць Парыж, ці што мне дасьць Навадруцк? Калі я сам не прыдумаю, як жыць, дык нічога ня будзе”.
(Карэспандэнт: ) "А як жыць? Адкрыйце сакрэт”.
(Спадар: ) "Трэба, як гарэлку піць, дык троху. І трэба штосьці рабіць, а працаваць сілаў ужо няма. Пэнсіянэры зараз адыйдуць, а маладых – ноль”.
Дасьціпнікі неаднойчы жартавалі, што на цэнтральным пляцы трэба збудаваць зьменшаную копію Эйфэлевай вежы. Парыжане такія прапановы сур’ёзна не ўспрымаюць. А каму й гатовыя паставіць помнік хоць сёньня, дык гэта цяперашняму Надзвычайнаму й паўнамоцнаму амбасадару Беларусі ў ЗША Міхаілу Хвастову.
Але зусім не таму, што такім чынам тут жадаюць ушанаваць посьпехі земляка на дыпляматычным фронце. Справа ў тым, што спадар Хвастоў выратаваў Навадруцк. А было гэта так.
У вёсцы па чарзе зачыніліся крамы, камбінат бытавога абслугоўваньня, сталоўка, дзіцячы садок. Наступнай стала чыгуначная станцыя. Ужо дэмантавалі абсталяваньне й амаль закансэрвавалі будынак, як невясёлая навіна дайшла Міхаіла Хвастова, які тады ўзначальваў МЗС. Ягоная малая радзіма – вёска Казлоўшчына – знаходзіцца за некалькі кілямэтраў ад Парыжу. Аднавяскоўцы міністра звычайна сыходзілі на прыпынку “Навадруцк”, а пасьля пехатою дабіраліся да роднай вёскі.
Кажуць, што спадар Хвастоў скарыстаў сваё сувязі ва ўладных структурах, і станцыю вярнулі. Паставам з гэтага – ніякай выгоды. Чыгуначная станцыя – яшчэ адзін радок фінансаваньня ў раённым бюджэце. А таму ў райцэнтры пры любой нагодзе кпяць. Маўляў, не заўсёды ваш зямляк будзе знаходзіцца ля ўлады.
Замест чыгункі ахвярай ліквідацыі стала Будаўніча-эксплуатыўнае прадпрыемства мэліяратыўных і вода-гаспадарчых сыстэм. Яго аб'ядналі з двайніком у райцэнтры. З сотні рабочых у новую арганізацыю возьмуць далёка ня ўсіх.
У той дзень, калі я ў быў у Парыжы, сканчвалася перадача справаў новаму кіраўніцтву. Заходжу ў аддзел, дзьверы якога першымі трапляюцца на вочы. Кабеты й рады былі б падзяліцца набалелым, але баяцца, што пасьля кожнае слова можа быць выкарыстанае супраць іх. Таму – безь імёнаў і прозьвішчаў.
(Спадарыня: ) "Мы сядзімо тут. Ідзе перадача нашае арганізацыі. Сыстэматычна не выконвалі плянаў. Заняпад, заняпад...”
(Карэспандэнт: ) "І што зараз з вамі будзе?"
(Спадарыня: ) "Будзем на біржы стаяць. Беспрацоўныя будзем. Прапануюць ісьці працоўнымі па шостым разрадзе. Новы наймальнік гэта прапануе. Во, бяры сякеру й ідзі на ўчастак. Часткова: тыя, хто ня п'е”.
(Карэспандэнт: ) "А шмат такіх, хто ня п'е і не гуляе?"
(Спадарыня: ) "А хто ў Парыжы не гуляе?! Гэта нерэальна!"
(Карэспандэнт: ) "Як жывецца людзям у Парыжы?"
(Спадарыня: ) "Цяжка жывецца. Сярэдні заробак у нас 90 тысячаў. Гэта мізэрныя грошы. Не хапае”.
(Карэспандэнт: ) “То бок, няма тых ста даляраў, якія абяцалі?"
(Спадарыня: ) "Не, вядома”.
(Карэспандэнт: ) "А якія пэрспэктытвы ў Парыжа?"
(Спадарыня: ) "Паміраючая вёска. Вяртаемся да першабытна-абшчыннага ладу”.
(Карэспандэнт: ) "Ну, а людзі на што спадзяюцца?"
(Спадарыня: ) "Толькі на цуд”.
(Карэспандэнт: ) "Ці хочуць жыхары Навадруцка, каб населены пункт зноў стаў Парыжам?"
(Спадарыня: ) "Мне бы хацелася, хай бы быў Парыж. Гучыць! Перайменавалі так ціханька, хай бы ціханька вярнулі назад. Можа тады хутчэй уладкуемся на працу!"
Адзінае, што яшчэ засталося ў Парыжы – гэта шпіталь. Але ходзяць пагалоскі, што й яго хутка зьліквідуюць. Я гутару з галоўным лекарам Марынай Брэсцкай.
(Брэсцкая: ) "Я лічу, што гэтыя чуткі неабгрунтаваныя. Бо у нас няма такога загаду, каб нас зачынілі. Пакуль ля ўлады знаходзіцца старшыня райвыканкаму Януковіч Ванда Фёдараўна, яна абяцала, што ніводны ўчастковы шпіталь не зачыніцца”.
(Карэспандэнт: ) "Парыж-Навадруцк. Ці варта было б вяртаць спрадвечны назоў?"
(Брэсцкая: ) "Можа, было б правільна, каб быў Парыж. У маёй фэльчаркі ў пашпарце, насамрэч, запісана "Парыж". Наш шпіталь заснаваны ў 1956 годзе. І ў нас таксама ёсьць кніга загадаў, дзе напісана "Парыж". Можа й прыемней было б працаваць ў Парыскім участковым шпіталі. Але мяркую, што гэта ня вельмі важнае пытаньне на гэты момант”.
Жыхары Навадруцку неаднойчы намагаліся вярнуць вёсцы спрадвечны назоў. Пісалі мясцовым уладам адпаведныя звароты і нават шукалі юрыдычныя абгрунтаваньні для такога кроку. Райвыканкам зь сельсаветам нібыта й ня супраць, але перайсьці ад словаў да справаў перашкаджае адна акалічнасьць –на перайменаваньне няма грошай.
Тым часам парыжане ўтаймавалі сваё жаданьне зноў жыць ў Парыжы. Прызнаюцца, што паўсядзённыя праблемы перамаглі прыгожую мару.