Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОЛЬКІ КАШТУЕ “БЕЛТРАНСГАЗ”?


Юры Дракахруст, Прага

Удзельнікі: беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў і эканамічны аглядальнік расейскай газэты “Известия” Сямён Навапрудзкі.

(Дракахруст: ) “24 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што “Белтрансгаз” можа быць прададзены не таньней як за 2,5-4 мільярды даляраў, што кантрольны пакет акцыяў гэтага прадпрыемства ня мусіць прадавацца і калі будзе прададзены, то толькі за вялікія грошы. Варта прыгадаць, што ў леташнім красавіку было падпісанае міжурадавае пагадненьне, паводле якога Расея абавязалася пастаўляць Беларусі частку газу па цане для Смаленску – гэта каля 25 даляраў за 1000 кубамэтраў, і Расея гэта выконвала. Беларускі бок у абмен абяцаў да 1 ліпеня гэтага, 2004 году стварыць сумеснае прадпрыемства “Белтрансгазу” з “Газпрамам”, а фактычна, прадаць “Белтрансгаз”.

Мы памятаем, што з выкананьнем гэтага беларускага абяцаньня было шмат праблемаў, у лістападзе летась гэта спарадзіла сур’ёзны канфлікт, калі “Газпрам” адмовіўся працягваць пастаўляць Беларусі танны газ. Цяпер, напярэдадні вызначанага тэрміну 1 ліпеня, канфлікт разгараецца з новай сілаю. Беларускія ўмовы продажу “Белтрансгазу”, якія раней выстаўляў урад, а зараз агучыў і кіраўнік краіны, для “Газпраму” абсалютна непрымальныя. Паводле прадстаўніка гэтай кампаніі, яна гатовая пайсьці на зьдзелку, калі ўвесь кошт “Белтрансгазу” не перавысіць 1 мільярду даляраў, да таго ж “Газпрам” гатовы размаўляць толькі пра пакупку кантрольнага пакету акцыяў. У чым прычына гэтага чарговага канфлікту? Маё пытаньне ў Маскву, аглядальніку “Известий” Сямёну Навапрудзкаму.

(Навапрудзкі: ) “Леташняе пагадненьне пра пастаўкі на Беларусь таннага газу было падпісанае па наўпроставым загадзе Крамля. “Газпрам” выконваў гэты палітычны загад. Але варта ўлічыць, што зараз адносіны з Украінай палепшыліся і беларуская газатранспартная сыстэма не крытычная для паставак расейскага газу на Захад, то пастаўкі газа Беларусі па такой цане робяцца зусім ўжо палітычнай справаю. Лукашанка цалкам лягічны ў сваёй пазыцыі. Ён разумее, што трэба рабіць максымальна рэзкія палітычныя заявы, і ў найгоршым выпадку ён усё роўна нешта выйграе. Калі Расея і ўвядзе санкцыі, то цана за газ будзе не ўкраінскай і тым больш не сусьветнай, а дзесьці каля 40 даляраў за тысячу кубамэтраў. Унутры сваёй палітыкі Лукашэнка цалкам лягічны”.

(Дракахруст: ) “Лукашэнка, спасылаючыся на нейкіх заходніх экспэртаў, ацаніў “Белтрансгаз” у 2,5-4 мільярды даляраў, “Газпрам” ацэньвае гэтае прадпрыемства ў мільярд даляраў. Верыць, зразумела, не абавязкова ані аднаму, ані іншаму боку: прадавец заўсёды ўзьнімае цану тавару, пакупнік збівае. І ўсё ж, хто бліжэй да ісьціны? Леанід Злотнікаў, як Вы мяркуеце?”

(Злотнікаў: ) “Па маіх грубых падліках, “Белтранзгаз” каштуе 1-1,5 мілярды даляраў. Гэта бліжэй да ацэнкі “Газпраму”, чым да той, што дае Лукашэнка. Зыходзячы з 10 гадоў як тэрміну капіталізацыі, атрымліваецца як раз 1-1,5 мілярды даляраў”.

(Дракахруст: ) “Аляксандар Лукашэнка падчас нарады сказаў чароўную фразу: “Белтрансгаз” будзе прададзены па рынкавым кошце, які вызначаць беларускія адмыслоўцы. Рынкавая цана – гэта цана балянсу попыту і прапановы, а беларускія адмыслоўцы прадстаўляюць бок прапановы. А колькі “Белтрансгаз” каштуе на самой справе? Сп. Навапрудзкі, як Вы лічыце?”

(Навапрудзкі: ) “Вельмі цяжка зразумець, што значыць – “на самой справе”. Ніякай рэальнай ацэнкі не рабілася. Унутры сваёй лёгікі Лукашэнка мае рацыю, калі гаворыць, што рынкавы кошт вызначаць беларускія адмыслоўцы. Усе перамовы пра продаж “Белтрансгазу” – гэта чыстая палітыка, эканоміка тут прысутнічае вельмі ўскосна. Магчыма, ацэнка “Газпраму” тут бліжэйшая да ісьціны, бо яму гэта эксплюатаваць. Ён, зразумела, сапраўды хоча зьбіць цану, але таксама зразумела, што ён ня будзе зьбіваць цану ў некалькі разоў. “Газпрам” мае неадназначную рэпутацыю, але мае справу з усясьветнымі кампаніямі, яму непрыстойна было б так хлусіць. Калі зрабіць незалежную ацэнку, яна будзе бліжэйшая да лічбы “Газпраму”.

(Дракахруст: ) “А ці зьмяніла б гэтую патавую сытуацыю прыцягненьне заходніх інвэстараў? Аксыёма эканомікі – чым больш пакупнікоў, тым вышэй цана продажу. Праўда, расейскі пакупнік тут мае відавочную перавагу – газ па трубе ідзе менавіта расейскі. Сп. Навапрудзкі, якое Вашае меркаваньне?”

(Навапрудзкі: ) “Што тычацца заходніх інвэстараў, гэта ўжо зусім гіпатэтычная сытуацыя. Украінскае кіраўніцтва таксама спрабуе падзяліць з Расеяй сваю трубаправодную сыстэму і спадзяецца, што нямецкі “Рургаз” далучыцца да гэтага праэкту. Але “Рургаз”, які зьяўляецца даўнім партнэрам “Газпраму”, і ён не сьпяшаецца удзельніаць у стварэньні кансорцыюму ўва Ўкраіне. Але зараз уявіць сябе, што нейкі заходні інвэстар набудзе беларускую газатранспартную сыстэму за цану, вышэйшую за мільярд даляраў, нават усёй сыстэмы, ня кажучы ўжо пра 49%, гэта абсалютна нерэальна”.

(Дракахруст: ) “Сп. Злотнікаў, а як Вы мяркуеце, ці зьмяніла б сытуацыю прыцягненьне заходніх інвэстараў?”

(Злотнікаў: ) “Я згодны са сп. Навапрудзкім, што гэта зусім неверагодная сытуацыя. Любы інвэстар разумее, што Расея, калі што будзе ня так, можа перапусьціць гэты газ празь некалькі гадоў ці праз Украіну ці дном Балтыйскага мора. Таму размовы пра заходняга інвэстара ў дадзеным выпадку – гэта блеф”.

(Дракахруст: ) “Прадстаўнік “Газпраму” канстатаваў, што зьдзелка па продажы “Белтрансгазу” да 1 ліпеня не адбудзецца, і паведаміў, што зь ліпеня-жніўня “Газпрам” падвысіць мінімальную цану газу для Беларусі з 25даляраў да прыблізна 40 даляраў за 1000 кубамэтраў. Сп. Злотнікаў, як вы мяркуеце, апошнія заявы Лукашэнкі і прадстаўнікоў “Газпраму” – гэта працяг жорсткага гандлю ці адмова ад гандлю?”

(Злотнікаў: ) “Палітычная цана гэтага пытаньня – шмат больш значная, чым эканамічная. Таму я мяркую, што гэта ўжо ня гандаль, што бакі ўжо пагадзіліся з тым, што адбудзецца разрыў гэтага пагадненьня. Некалі было прынятае рашэньне, каб прадаваць Беларусі газ па 24 даляры за 1000 кубамэтраў. Гэта было палітычнае рашэньне, бо сабекошт здабычы газу – 40 даляраў за 1000 кубамэтраў. Паводле маіх падлікаў, “Газпрам” на гэтым за год губляў каля 300 мільёнаў даляраў. Я мяркую, што зараз “Газпрам” на гэта ня пойдзе, бо ў яго цяжкое фінансавае становішча. І цэны на газ будуць падвышаныя, а Лукашэнка паспрабуе скарыстаць гэта на сваю карысьць у ідэалягічнай і палітычнай плашчыні”.

(Дракахруст: ) “Сп. Навапрудзкі, а як Вы лічыце, ці выканае “Газпрам” сваё папярэджаньне і ці падыме цану на газ для Беларусі? Якім увогуле будзе адказ Масквы на цэлую сэрыю крокаў беларускага боку, у тым ліку і на заявы наконт “Белтрансгазу” і на адмову ад эмісійнага пагадненьня?”

(Навапрудзкі: ) “Пік непазьбежнага рэзкага пагаршэньня адносінаў паміж Расеяй і Беларусьсю, я б нават пэрсаналізаваў – паміж Пуціным і Лукашэнкам, адбудзецца падчас непазьбежнага другога тэрміну прэзыдэнцтва Пуціна. Да выбараў ужо надта рэзкія крокі адносна Беларусі наўрад ці будуць зробленыя. Тое, што мы зараз чуем – гэта не эканамічны гандаль, зразумела, а палітычныя заявы, каб ня страціць твар, у адпаведнасьці з тым, як гэты твар уяўляюць сабе абодва бакі. Цяпер у Масквы няма рашучасьці, каб сфармуляваць пэўную палітыку адносна Лукашэнкі. Магчыма, розумам і сэрцам у Крамлі разумеюць, што ніякая рэальная інтэграцыя зь Беларусьсю пры Лукашэнку немагчымая. Але цалкам адмовіцца ад ідэі інтэграцыі і пачаць з Лукашэнкам жорсткую палітычную канфрантацыю таксама не гатовыя. Лукашэнка сапраўды па-ранейшаму ў нейкай ступені застаецца элемэнтам і ўнутранай расейскай палітыкі. Тыя, хто сымпатызуюць камуністам, сымпатызуюць і Лукашэнку. А да прэзыдэнцкіх выбараў ёсьць і парлямэнцкія, дзе прапрэзыдэнцкая “Единая Россия” выглядае значна слабейшай, чым сам Пуцін на прэзыдэнцкіх выбарах. Такім чанам да таго, як стане зразумелым расклад у парлямэнце, да таго як Пуцін выйграе прэзыдэнцкія выбары, ён ня будзе рабіць рэзкіх крокащ. Але ў любым выпадку, наўрад ці Беларусь мае шанцы пры Лукашэнку палепшыць свае адносіны з Расеяй”.

(Дракахруст: ) “Сп. Злотнікаў, калі Расея ўсё ж зробіць пэўныя жорсткія крокі адносна Беларусі прынамсі ў эканамічнай сфэры, якія наступствы гэта будзе мець? Я прыгадаю, што летась падчас канфліктаў афіцыйнага Менску і “Газпраму” цана на газ для Беларусі была істотна падвышаная. Тым ня менш, нягледзячы на халодную зіму, Беларусь усё ж здолела вытрымаць без катастрафічных наступстваў”.

(Злотнікаў: ) “У гэтым выпадку страты Беларусі за год складуць прыблізна 100 мільёнаў даляраў. Для краіны, у якой гадавы бюджэт – каля 7 мільярдаў даляраў, а ВУП – у тры разы больш, гэта ня вельмі істотная лічба. І эканоміка гэта перажыве. Але зараз у эканоміцы ўзьнікае вельмі трывожнае становішча. І я думаю, што гэтыя страты ад падвышэньня цаны на газ будуць выкарыстаныя дзеля таго, каб віну за гэтае становішча ускласьці на Расею. Гэта ў тактычным пляне. А у стратэгічным пляне цяпер вэктары разьвіцьця Беларусі і Расеі вельмі разыходзяцца і, каб адгарадзіцца ад лібэральнай Расеі, Лукашэнка гэта таксама выкарыстае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG