Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЭРЫ АПАЗЫЦЫЙНЫХ ПАРТЫЯЎ ЗАСЛУХАЮЦЬ СПРАВАЗДАЧУ ГАНЧАРЫКА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Лідэры апазыцыйных палітычных партыяў мусілі сёньня абмеркаваць адно пытаньне: "У якім фармаце павінна дзейнічаць палітычная рада шырокай грамадзянскай кааліцыі?" Намесьнік старшыні сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Уладзімер Нісьцюк адразу ж выказаў думку, што нічога новага вынаходзіць ня трэба.

Зь ягонага гледзішча, існуе Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў пры групе АБСЭ — і гэтага дастаткова для каардынацыі дзеяньняў апазыцыйных сілаў. Ён мяркуе, што палітычная рада была часовым утварэньнем на пэрыяд выбараў і свае функцыі ўжо выканала.

Прадстаўнікі БНФ, АГП ды іншых партыяў толькі зьбіраліся падхапіць дыскусію на гэтую тэму, як слова ўзяў лідэр "Народнай грамады" Мікола Статкевіч і заявіў, што цэнтральны камітэт партыі прыняў рашэньне не пачынаць перамоваў у справе рэфармаваньня палітычнай рады шырокай грамадзянскай кааліцыі да таго часу, пакуль ня будзе створаная камісія расьсьледаваньня фінансавай дзейнасьці некаторых апазыцыйных структураў, а таксама пакуль кіраўніцтва штабу Ўладзімера Ганчарыка ня выканае сваіх абяцаньняў перад рэгіянальнымі актывістамі й валанцёрамі.

Намесьніца старшыні "Народнай грамады" Ніна Стужынская так аргумэнтавала пазыцыю сваёй партыі:

(Стужынская: ) "Гэта пытаньне даверу. Я баюся, што мы пагубляем людзей. І справа нават ня ў нейкай узнагародзе. Я настойваю на тым, каб людзям проста кампэнсавалі пэўныя страты, тэлефоннныя рахункі, гэта ўжо маральныя пытаньні. Трэба скончыць выбарчую кампанію".

Прадстаўнікі ж іншых партыяў пярэчылі, што палітычная рада ня мусіць вырашаць пытаньняў фінансавага характару, што трэба ўрэшце пакласьці канец спэкуляцыям на гэтую тэму. Нарэшце сябры рады змаглі дасягнуць пэўнага кампрамісу. Гаворыць лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Гэта вострая тэма. І насамрэч, калі нехта такія абяцаньні даваў і браў на сябе пэўныя абавязкі, то мы мусім атрымаць выразны адказ ад тых людзей, хто гэтыя гарантыі даваў. Трэба ў гэтым пытаньні паставіць кропку".

Лідэры апазыцыйных партыяў вырашылі правесьці на наступным тыдні паседжаньне з удзелам Уладзімера Ганчарыка і кіраўнікоў ягонага штабу, дзе яны мусяць растлумачыць, як выконваюцца абавязацельствы перад рэгіянальнымі актывістамі.


XS
SM
MD
LG