Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАКУРАТУРА АДМОВІЛАСЯ ПАЦЬВЕРДЗІЦЬ ВЫСНОВЫ НЕЗАЛЕЖНЫХ НАЗІРАЛЬНІКАЎ МАГІЛЁЎШЧЫНЫ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёўская вобласьць

Каля 400 назіральнікаў з розных раёнаў Магілёўшчыны падчас датэрміновага галасаваньня і пасьля 9 верасьня накіравалі лісты мясцовай пракуратуры, Цэнтарвыбаркаму, абласной і раённым выбарчым камісіям.

Назіральнікі згадвалі пра перашкоду "Незалежнаму назіраньню", уплыў выканаўчых і праваахоўчых органаў на ход галасаваньня, ігнараваньне парадку датэрміновага галасаваньня, адсутнасьць галоснасьці ды іншыя парушэньні выбарчага заканадаўства.

На гэтых падставах бабруйскія прадстаўнікі фонда імя Сапегі, Рэспубліканскага клюбу выбарцаў і Беларускага Гельсынскага камітэту прапанавалі Цэнтарвыбаркаму прызнаць вынікі выбараў у Бабруйску несапраўднымі, але адказу ад Лідзіі Ярмошынай яны так і не дачакаліся.

Адказы з Цэнтарвыбаркаму прыйшлі на іншыя пытаньні. У адказах Лідзія Ярмошына і Мікалай Лазавік сьцьвярджаюць, што мясцовыя выбарчыя камісіі дзейнічалі ў межах заканадаўства і няма падставаў, каб прыцягнуць ягоных чальцоў да адміністрацыйнай адказнасьці.

Альбо яны ж паведамляюць аўтарам скаргі, што накіравалі скаргу на разгляд абласной выбарчай камісіі. Кіраўнікі Магілёўскай пракуратуры ў большасьці выпадкаў абмяжоўваюцца адпіскамі — маўляў, ваша скарга будзе разгледжаная на ўзроўні абласной выбарчай камісіі. А пракурор Цэнтральнага раёну Магілёва Аляксандар Качанаў пераадрасоўвае паперы на Цэнтарвыбаркам.

Мясцовыя праваабаронцы кажуць, што гэтак паўстае заганнае кола, бо пасьля вяртаньня папераў зь Менску тая ж абласная камісія называе скаргі неабгрунтаванымі. У тых лістах, дзе даюць канкрэтныя адказы, сьцьвярджаюць: "Пазначаны вамі факт парушэньня Закону аб выбарах не пацьвердзіўся".

Толькі ў асобных выпадках пагаджаюцца з аўтарамі скаргаў і паведамляюць, што старшыням участковых камісіяў паказалі на неабходнасьць строга трымацца заканадаўства. Але такія выпадкі адзінкавыя.


XS
SM
MD
LG