Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРАСЬЛЕД АКТЫВІСТАЎ АПАЗЫЦЫІ НАБЫВАЕ МАСАВЫ ХАРАКТАР


Альгерд Невяроўскі, Менск

Найбольшы ціск і рэпрэсіі з боку ўладаў зазнаюць сябры апазыцыйных арганізацыяў і незалежныя назіральнікі ў рэгіёнах — у Менскай вобласьці, на Гарадзеншчыне, у Магілёве. Людзей звальняюць з працы, выключаюць з тэхнікумаў і ВНУ.

Былыя назіральнікі за выбарамі й актывісты штабу Ўладзімера Ганчарыка зьвяртаюцца па дапамогу ў праваабарончы цэнтар "Вясна". Гаворыць кіраўнік юрыдычнага аддзелу гэтай арганізацыі Валянцін Стэфановіч:

(Стэфановіч: ) "У рэгіёнах людзі менш абароненыя, там з працай праблемаў больш. Там, калі чалавека звальняюць з працы, для яго гэта вельмі балюча. Дзе, напрыклад, знайсьці працу ў маленькіх Крупках настаўніку, якогаа звольнілі па артыкулу? У Менску ўсё ж ёсьць магчымасьць чалавеку ўладкавацца.

Па-другое, улады спадзяюцца, што ў рэгіёнах рэпрэсіі ня стануць шырокавядомымі — ня будзе рэзанансу. І там такія бязглуздыя абвінавачаньні ў антыдзяржаўнай дзейнасьці — гэта проста сьмешна. Я думаю, што ў судовым парадку гэта будзе вельмі проста аспрэчыць".

Спадар Стэфановіч таксама паведаміў, што праваабарончы цэнтар "Вясна" цяпер дапамагае апазыцыйным актывістам складаць адпаведныя пазовы ў суд. Супрацоўнікі "Вясны" будуць аказваць юрыдычную дапамогу ўсім пацярпелым ад уладаў удзельнікам выбарчай кампаніі. Праваабаронцы таксама зьбіраюцца выступіць з заявай да міжнароднай супольнасьці, каб паінфармаваць заходнія краіны, што ў Беларусі пачалася кампанія рэпрэсіяў супраць апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі.

Прадстаўнікі Беларускага Гельсынскага камітэту таксама зьбіраюць інфармацыю пра падобныя факты ціску й рэпрэсіяў з боку ўладаў. Усе гэтыя факты ўвойдуць у маніторынг парушэньня ўладамі правоў чалавека ў часе выбарчай кампаніі. Прадстаўнікі БГК таксама зьбіраюцца бараніць правы рэпрэсаваных у судзе.

Кіраўнік юрыдычнага аддзелу штабу Ўладзімера Ганчарыка Сяргей Альфер паведаміў, што яны зборам такой інфармацыі не займаюцца. Паводле Альфера, з усяго штабу цяпер фактычна працуе толькі невялікая юрыдычная служба, якая зьбірае факты фальсыфікацыяў вынікаў выбараў. Спадар Альфер раіць усім пацярпелым ад уладаў зьвяртацца па дапамогу ў праваабарончыя арганізацыі.

Тым часам у Менску шэраг актывістаў Маладога Фронту, а таксама кіраўніца Задзіночаньня беларускіх студэнтаў Крысьціна Сідун былі неафіцыйна запрошаныя ў пастарункі на прафіляктычную гутарку з супрацоўнікамі міліцыі й КГБ. Маладыя апазыцыянэры на гэтыя неафіцыйныя гутаркі не пайшлі. Гаворыць лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Напэўна, будзе праводзіцца мэтанакіраваная праца па перавыхоўваньні моладзі — шляхам выкліканьня й прамываньня мазгоў гэтым самым актывістам. А калі ўдасца, так і атрымаюць ад іх нейкія паказаньні.

Для Аляксандра Рыгоравіча гэта фактычна пытаньне выжываньня. Калі яму ня ўдасца перавыхаваць беларускую моладзь, то ня толькі праз 5 гадоў, але й праз год- два нічога не застанецца ад ягонай папулярнасьці і ад магчымасьцяў што-кольвек сфальсыфікаваць".

Актывісты апазыцыйных моладзевых арганізацыяў будуць бараніць сваіх сяброў, выключаных з навучальных установаў за палітычную дзейнасьць. Калі ж аднавіць іх навучаньне ў Беларусі ня ўдасца, то будуць рабіць захады, каб яны атрымалі магчымасьць вучыцца за мяжой.

XS
SM
MD
LG