Матэрыял агенцтва Reuters называецца: “Беларускі дыктатар Лукашэнка гатовы да перамогі. Перамога Лукашэнкі і пэрспэктыва таго, што ён будзе знаходзіцца пры ўладзе яшчэ пяць гадоў, хутчэй за ўсё выклікаюць роспач у Эўропе і Злучаных Штатах”.
Агенцтва Assotiated Press: “Палітыка Лукашэнкі непакоіць суседнія зь Беларусьсю краіны, якія спрабуюць скінуць зь сябе рэшткі камуністычнага мінулага і ўмацаваць сувязі з Захадам. Польшча і Літва дамагаюцца прыёму ў Эўрапейскі Зьвяз, што паспрыяе далейшай ізаляцыі Беларусі. З далучэньнем Літвы да НАТО, куды ўжо раней была прынятая Польшча, Беларусь становіцца буфэрнай дзяржавай паміж паўночнаатлянтычным альянсам і варожай да пашырэньня НАТО Расеяй”.
Лёнданская Times піша сёньня ў рэдакцыйным артыкуле: “Беларусь апынулася на самым краі дугі нестабільнасьці – новай мяжы падзелу паміж Усходам і Захадам, якая лягла на ўсходняй ускраіне Эўропы і распасьціраецца ад Македоніі на поўдні да Калінінграду на поўначы. Перад гэтымі краінамі і рэгіёнамі стаіць цяжкі выбар. Адна магчымасьць – арыентавацца на Захад і будаваць плюралістычныя шматэтнічныя інстытуцыі, што маглі б працаваць у жорсткіх умовах рынкавай эканомікі. Другая – адвярнуцца ад Эўрапейскага Зьвязу і цягнуцца на Ўсход, вярнуўныся ў расейскі блёк, які праіснаваў амаль усё ХХ стагодзьдзе. Такім чынам беларусы самым істотным чынам прычыняюцца да фармаваньня контураў будучай Эўропы на выбарах нагэтулькі ненатуральных, што іх афіцыйныя вынікі наўрад ці адлюструюць сапраўдныя жаданьні электарату,” – піша лёнданская Times.
Газэта “Известия” – “Так доўга не жывуць”: “У самога Лукашэнкі цяпер зноў шырокія пляны. Апускаючы ў вурну свой бюлетэнь, ён запрапанаваў “паглыбіць і пашырыць” Саюз Расеі і Беларусі. Упэўненасьць у заўтрашнім дні спалучылася з самаўпэўненасьцю: “Мы сядзем за стол, паглядзім 1-ы, 2-і, 3-і артыкулы, што не ўспрымаецца жыцьцём – заменім”. Усе тры артыкулы гавораць пра базавыя прынцыпы Саюзу – добраахвотнасьць, сувэрэнная роўнасьць, дэмакратычнае разьвіцьцё. Можа і сапраўды гэта не ўспрымаецца жыцьцём?”
Літоўская газэта Lietuvos Rytas паведамляе: “Падчас выбараў прэзыдэнта Беларусі дэмакратыяй і ня пахла. Пра тое, якая ў Лукашэнкі дэмакратыя, мелі магчымасьць пераканацца літоўскія назіральнікі. Дэпутаты літоўскага Сойму Раманас Сядліцкас, Вітаўтас Квяткаўскас, а таксама кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Літвы Зянонас Вайгаўскас былі выгнаныя з выбарчых участкаў”.