Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕЗАЛЕЖНЫЯ НАЗІРАЛЬНІКІ ДАКЛАДНЫХ ВЫНІКАЎ ГАЛАСАВАНЬНЯ СЁНЬНЯ НЕ ПАВЕДАМІЛІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Пераважную большасьць назіральнікаў выключылі з працэсу падліку галасоў на выбарчых камісіях, а ўлады зрабілі ўсё, каб каардынацыйны цэнтар у Менску не атрымаў ад назіральнікаў з рэгіёнаў своечасовай інфармацыі.

Старшыня Цэнтральнай каардынацыйнай рады ў справе назіраньня за выбарамі Мечыслаў Грыб і каардынатар сыстэмы паралельнага падліку галасоў Міраслаў Кобаса паведамілі, што атрыманыя "Незалежным назіраньнем" зьвесткі ў справе вынікаў галасаваньня ня могуць быць дакладнымі.

Сыстэма паралельнага падліку галасоў дзейнічала на 402 выбарчых участках. Але толькі на 7 зь іх сябры камісіі падпісалі для назіральнікаў копіі выніковых пратаколаў. На рэшце ж участкаў назіральнікаў і блізка не пускалі да месца, дзе праводзіўся падлік бюлетэняў. Часта надумвалі прычыны, каб назіральнікаў увогуле выдалялі з памяшканьняў для галасаваньня (была скасаваная рэгістрацыя каля 2000 актывістаў цэнтру "Вясна" й каля 600 сяброў Фонду Льва Сапегі).

У офісах "Незалежнага назіраньня" ў Менску і рэгіёнах адключылі тэлефонную сувязь і электронную пошту. Таму "Незалежнае назіраньне" ня здолела своечасова атрымаць поўную інфармацыю пра вынікі галасаваньня на гэтых участках.

Спадары Кобаса й Грыб гавораць, што часта сябры камісіяў лічылі бюлетэні для датэрміновага галасаваньня і звычайныя бюлетэні разам, і таму праверыць праўдзівасьць выніковых пратаколаў на такіх участках проста немагчыма.

Гаворыць Міраслаў Кобаса:

(Кобаса: ) "Трэба, каб гэтыя лічбы былі поўнымі. Мы ня можам гаварыць, што гэтыя лічбы былі недакладнымі. Для нас імідж таксама не пустое слова. Мы сумняемся, што гэтыя лічбы дакладныя. Уся сыстэма выбарчых камісіяў сама ўсё зрабіла, каб гэты сумнеў быў вялікім. Калі б Цэнтарвыбаркам хацеў дабіцца павышэньня ўзроўню даверу да гэтых лічбаў, яны павінны былі б супрацоўнічаць з намі".

А вось меркаваньне Мечыслава Грыба:

(Грыб: ) "Гэтыя фальсыфікацыі мелі месца паўсюдна. Яны паўсталі і праз сыстэму няпоўных лічбаў датэрміновага галасаваньня, і праз ўкідваньне загадзя падрыхтаваных і запоўненых бюлетэняў. Але як гэта адбылося, я сёньня вам сказаць не магу — каб гэта казаць, трэба мець дакладныя зьвесткі ў руках".

Кіраўнікі "Незалежнага назіраньня" схіляюцца да таго, што фальсыфікацыі адбываліся менавіта ў часе датэрміновага галасаваньня.

Мечыслаў Грыб лічыць, што наступнымі днямі "Незалежнае назіраньне" атрымае больш дакладную інфармацыю пра вынікі галасаваньня ў розных рэгіёнах краіны, тады прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы змогуць паведаміць і дакладныя зьвесткі наконт таго, колькі выбарцаў прагаласавала за таго ці іншага кандыдата.

XS
SM
MD
LG