Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРГУМЭНТЫ ЗА ЛУКАШЭНКУ: ТАННАЯ ГАРЭЛКА НА КІРМАШАХ І РАСЕЙСКІЯ АРТЫСТЫ НАСУПРАЦЬ РЭЗЫДЭНЦЫІ


Ігар Карней, Менск

З раніцы пляцоўку каля лядовага палаца ў Менску на вуліцы Прытыцкага пераўтворылі ў сапраўдны прапагандысцкі кірмаш. Паўсюдна агітацыйныя стэнды зь перадвыбарчай праграмай Аляксандра Лукашэнкі, агітацыйныя плякаты на вокнах, дзьвярах лядовага палаца.

Зрэшты, падобныя мерапрыемствы праходзяць сёньня амаль па ўсёй Беларусі. Адзін з клеркаў Менгарвыканкаму, якога я тут сустрэў, прызнаўся, што абмежаваньняў у фінансаваньні сёньняшняга мерапрыемства амаль не было: з гарадзкога бюджэту выдаткоўвалі столькі сродкаў, колькі прасілі раённыя выканкамы.

Амаль 90% грошай на перадвыбарчыя кірмашы складаюць так званыя "добраахвотныя адлічэньні" з боку прадпрыемстваў таго ці іншага раёну, а таксама камэрцыйных структураў. Нават школам загадалі набыць пэўную колькасьць паветраных шароў, а бацькам ды навучэнцам парэкамэндавалі прыйсьці дзеля стварэньня масавасьці. Гэтаму спрыяў і асартымэнт гандлёвых намётаў: прамысловы шырспажыў і вялікая колькасьць сьпіртных напояў. Кіраўнік менскай вэртыкалі Паўлаў адмысловай пастановай дазволіў свабодны продаж алькаголю сёньня й заўтра.

Значную долю выдаткаў узяла на сябе нафтагазавая кампанія "Лукойл". Якраз гэтымі днямі "Лукойл" адзначае 10-ю гадавіну свайго стварэньня. Асноўныя мерапрыемствы з гэтай нагоды пачынаюцца ўвечары на Кастрычніцкай плошчы. У шоў возьмуць удзел расейскія артысты, якія выказваюць сымпатыі да Аляксандра Лукашэнкі.

Што тычыцца сёньняшніх кірмашоў, то наведнікі бачаць у гэтым яскравы перадвыбарчы кантэкст.

(Наведнік: ) "Тое, што сёньня адбываецца, вельмі нагадвае сытуацыю савецкага часу, калі ў вызначальныя моманты людзям давалі магчымасьць набыць нейкі дэфіцыт. Звычайная паказуха, "пацёмкінскія вёскі" — вось што даводзіцца бачыць. Плякаты толькі з Лукашэнкам. На мой погляд, беларускаму народу (прынамсі, большасьці) дэмакратыя яшчэ не патрэбная".

Калі я вяртаўся ў менскае бюро Свабоды праз праспэкт Машэрава, прыпыніўся каля яшчэ аднаго кірмашу, побач з Палацам спорту. Сцэнар правядзеньня быў амаль той жа, але насупраць, праз дарогу, я заўважыў некалькі маладых людзей, якія стаялі са здымкамі зьніклых у Беларусі людзей. Гэтак яны імкнуліся прыцягнуць увагу да факту, што ня толькі штучнымі сьвятамі жыве сёньня краіна.

(Карэспандэнт: ) "На ваш погляд, людзі адэкватна рэагуюць на вас?"

(Малады чалавек: ) "Ведаеце, па-рознаму. Той, хто неабыякавы, спачувае. А ёсьць і такія, што імкнуцца вырваць з рук партрэты. Так, падыходзяць і кажуць: ты, маўляў, працуеш тут за даляры. Спрабавалі з намі па-свойму "разабрацца". Я лічу, што гэта тыповыя лукашысты. Тое пакаленьне, якое нарадзілася й жыло пры сацыялізме і ўвабрала тыповыя рысы сацыялістычнага ладу жыцьця".

Увечары ў цэнтры Менску адбудзецца шоў на Кастрычніцкай плошчы. Не ўдалося даведацца, колькі сродкаў выдаткаваў "Лукойл" на агітацыйны канцэрт. У беларускім прадстаўніцтве кампаніі мне паведамілі, што дабрачынная дзейнасьць — гэта ўнутраная справа "Лукойла". Але вядома, што шэраг запрошаных расейскіх артыстаў (Алсу, Буйноў) зьяўляюцца так званымі "дзесяцітысячнікамі" — тымі, хто не згаджаецца выступаць за ганарар меншы за 10 000 даляраў.

XS
SM
MD
LG