Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ ЎНАЧЫ Ў 46-ЦІ ГАРАДАХ БЕЛАРУСІ ЗЬЯВІЛІСЯ 150 БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫХ СЬЦЯГОЎ


Ягор Маёрчык, Менск

Акцыя "Горад — наш!" прысьвячалася гадавіне перамогі войскаў Вялікага Княства Літоўскага пад Воршай. Аднак напярэдадні 9-га верасьня, паводле лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца, у гэтай акцыі быў і выбарчы аспэкт: спадзяваньне на перамогу.

(Cевярынец: ) "І вось амаль праз 500 гадоў беларускае войска зноў змагаецца з імпэрыяй і дыктатурай. Гэтая акцыя прысьвечаная перамозе — ня толькі бітве пад Воршай, але і той перамозе, якой мы чакаем заўтра на прэзыдэнцкіх выбарах".

У Менску бел-чырвона-белыя сьцягі ўзьнялі насупраць будынкаў адміністрацыяў гарадзкіх раёнаў. Міліцыянты хутка адрэагавалі на зьяўленьне сьцягоў:

(Cевярынец: ) "Сьцягі міліцыянты пачалі здымаць з самай раніцы. А восьмай раніцы ў нас заставалася некалькі сьцягоў у Менску і некалькі па рэгіёнах. А дзясятай раніцы ў Менску ніводнага сьцяга не было. Міліцыянты працуюць у кругласутачным рэжыме".

Тым часам сілавыя структуры ў розных гарадах Беларусі спрабуюць перашкодзіць таму, каб моладзь прыехала ў сталіцу пасьля завяршэньня галасаваньня. Прыкладам, у Бабруйску школьнікам і навучэнцам пагражаюць жорсткім пакараньнем, калі яны пакінуць горад. А ў Магілёве і Наваполацку ім папросту не прадаюць аўтобусных і чыгуначных квіткоў на Менск.

Але актывісты моладзевых арганізацыяў у рэгіёнах заяўляюць, што нягледзячы на перашкоды, яны будуць удзельнічаць у вулічных акцыях у Менску. Нават калі прыйдзецца ісьці пешшу.

XS
SM
MD
LG