Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРШЫНЯ АБСЭ ЗАКЛІКАЎ БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ ЎКЛЮЧЫЦЬ У СКЛАД ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЯЎ ПРАДСТАЎНІКОЎ УСІХ КАНДЫДАТАЎ


Кастусь Бандарук, Прага

Старшыня АБСЭ, міністар замежных справаў Румыніі выказаў спадзяваньне, што выбары ў Беларусі будуць праведзеныя з поўнай павагай да заканадаўства краіны і ў адпаведнасьці з прынцыпамі, якімі АБСЭ кіруецца, назіраючы за выбарамі ва ўсіх рэгіёнах, што ахопленыя яе дзейнасьцю. Гэтыя прынцыпы азначаюць:

- неўмяшаньне ўраду ў працу Выбарчай камісіі,

- поўную празрастасьць працы Выбарчай камісіі на ўсіх узроўнях,

- бясьперашкодны доступ міжнародных і ўнутраных назіральнікаў да выбарчага прцэсу, у прыватнасьці, да падліку галасоў.

Старшыня АБСЭ вітаў таксама рашэньне эўрапейскіх парлямэнцкіх інстытутаў аб накіраваньні для кароткатэрміновага назіраньня
парлямэнтароў трох інстытутаў: Парлямэнцкай Ассамблеі АБСЭ, Парлямэнцкай Асамблеі рады Эўропы і Эўрапарлямэнту, якія будуць цесна супрацоўнічаць з абмежаванай місіяй Бюро Дэмакратычных Інстытутаў і Правоў Чалавека АБСЭ ў Беларусі.

Старшыня АБСЭ заклікаў беларускія ўлады і Выбарчую камісію ўключыць ў склад выбарчых камісіяў на кансультатыўнай аснове прадстаўнікоў ўсіх кандыдатаў ў прэзыдэнты. Прысутнасьць незалежных назіральнікаў і прадстаўнікоў ўсіх кандыдатаў паспрыяла б больш цеснаму назіраньню за выбарчым працэсам і вырашальным этапам падліку галасоў. Гэта павялічыла б таксама міжнародны і ўнутраны давер да спосабу правядзеньня выбараў.

Мірча Джаану выказаў шкадаваньне, што абставіны не дазволілі яму дагэтуль наведаць Беларусь, сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці. Старшыня АБСЭ выказаў спадзяваньне на новы этап разьвіцьця Беларусі, на тое, што яна будзе рухацца ў напрамку дэмакратыі, вяршэнства закону і грамадзянскай супольнасьці.

“Грамадзтвы ўсіх краінаў-сябраў АБСЭ зь вялікім зацікаўленьнем будуць сачаць за падзеямі напярэдадні выбараў,” – сказаў Мірча Джаану.
XS
SM
MD
LG