Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У БЕЛАРУСІ ЗША ВЯДУЦЬ АДНУ З АПОШНІХ БІТВАЎ ХАЛОДНАЙ ВАЙНЫ…”


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Больш як дзесяць гадоў таму камуністычная сыстэма пачала развальвацца. Летась быў зрынуты рэжым Слабадана Мілошавіча, але эра дыктатараў у Эўропе ня скончылася. Палітычнае вар’яцтва ўсё яшчэ вядзе рэй у Беларусі, – піша сёньняшняя Independent.

У былой савецкай рэспубліцы Беларусі былы дырэктар саўгасу і цяперашні кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка стаіць перад выбарамі. Падтасоўка вынікаў выглядае непазьбежнай. Але найгорш – яго абвінавачваюць ва ўжываньні дзяржаўнага эскадрону сьмерці, для зьнішчэньня сваіх палітычных апанэнтаў.

Тэарэтычна, 47-гадовы Лукашэнка які знаходзіцца ва ўладзе ад 1994 году, можа страціць пасаду, таму што ягонага канкурэнта на выбарах – лідэра прафсаюзнага руху ў Беларусі Ўладзімера Ганчарыка падтрымлівае апазыцыя, якая выставіла яго адзіным кандыдатам.

І ўсё ж назіральнікі мяркуюць, што Лукашэнка захавае свае пазыцыі пры дапамозе запалохваньня апазыцыйных сілаў, маніпуляваньня бюлетэнямі і, – піша Independent, – “затыканьня роту” незалежным сродкам масавай інфармацыі. Датэрміновае галасаваньне, якое немагчыма праверыць, робіць місію міжнародных назіральнікаў амаль бессэнсоўнай.

Лукашэнка пасьпяхова грае на ідэі, што ён – гарант стабільнасьці, а якая заўгодна зьмена лідэра – гарант невядомасьці.

Адзін студэнт, – паведамляе Independent, – скардзіўся на пасыўнасьць сваіх суайчыньнікаў: “У вёсцы яны капаюць сваю бульбу, у той час як у горадзе яны гатуюць сочывы і глядзяць бразільскія мыльныя опэры, нібыта ад гэтых праглядаў залежыць іхны лёс”.

Досыць доўга Беларусь жыве ў атмасфэры палітычнага кансэрватызму. Лукашэнка імкнецца загарантаваць, што краіна застанецца такой як і была. Аднойчы, – піша Independent, – дэмакратыя вернецца ў Беларусь. Але, выглядае, што не цяпер.

“У гэтай занядбанай частцы Эўропы, – піша пра сытуацыю ў Беларусі сёньняшняя The wаll street journal, – Злучаныя Штаты вядуць адну з апошніх бітваў халоднай вайны.

З набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў, якія пройдуць 9 верасьня, жорсткі тон голасу дыпляматыі ЗША часам адрозьніваецца ад тону іхных эўрапейскіх саюзьнікаў, але спалучаецца з падтрымкай беларускай апазыцыі.

“Злучаныя Штаты трымаюцца жорсткай лініі, разьлічанай на даўжэйшы тэрмін, – кажа старэйшы аналітык Фонду Карнэгі ў Вашынгтоне, – эўрапэйскае стаўленьне такое: тут патэнцыйны крызыс, якім трэба кірнаваць”.

Заходнія палітыкі сыходзяцца ў адным: яны спадзяюцца пераканаць Лукашэнку правесьці свабодныя і справядлівыя выбары. Але, пакуль што, пэрспэктывы выглядаюць змрочна. Лукашэнка, – піша The woll street journal, – найбольш папулярны палітык у краіне, якога, паводле незалежных апытаньняў, падтрымлівае 40% электарату. Выбарчыя камісыі краіны укамплектаваныя ягонымі саюзьнікамі. Адзіная дзяржаўная тэлекампанія ўслаўляе Лукашэнку і атакуе ягонага асноўнага суперніка Ўладзіміра Ганчарыка. Афіцыйны Менск затрымаў прыбыцьцё групы назіральнікаў ад АБСЭ і адмовіў у візах двум яе супрацоўнікам.

Злучаныя Штаты намагаюцца пераканаць апазыцыю, што яна можа перамагчы. У мінулым тыдні міжнародны рэспубліканскі інстытут ЗША апублікаваў вынікі апытаньня, паводле якіх Лукашэнка мае 43% падтрымкі выбаршчыкаў. Інстытут даводзіць, што Лукашэнка не набярэ 50% галасоў і патрэбны будзе другі тур выбараў.

У гэтым упэўнены лідэр беларускай моладзевай арганізацыі “Зубар” Аляксей Шыдлоўскі, – піша The wаll street journal. Шыдлоўскі лічыць, што вельмі істотнай для вынікаў выбараў будзе раніца 10 верасьня. “Зубар” ужо плянуе масавыя вулічныя выступы, аднак, на думку заходніх дыпляматаў, лепш, каб падобнага ня зарылася.


XS
SM
MD
LG