Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ ПРАВЯЛІ ПЕРАТРУС І СКАНФІСКАВАЛІ ТЭХНІКУ Ў ГРЭКА-КАТАЛІЦКАЙ ПАРАФІІ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Сеньня а палове на трэцюю ў прыватную хату, дзе месьціцца віцебская грэка-каталіцкая парафія, зьявіўся участковы міліцыянт. У парафіі знаходзіўся на той час толькі адзін зь вернікаў Алесь Грэнь, якому міліцыянт сказаў, што мусіць праверыць адну заяву – маўляў, міліцыі стала вядома, нібыта ў парафіі падпольна вырабляюць гарэлку...

Зьвязацца з гаспадаром хаты сп. Грэню не дазволілі. Самі ж міліцыянты адразу скіраваліся і той пакой, дзе стаяў рызограф ды захоўваліся асобнікі віцебскага недзяржаўнага дайджэсту "Свабоднае слова". Праз колькі часу да парафіі зьехаліся супрацоўнікі фінансавае міліцыі, апэратыўная група з Чыгуначнага РАУСу, а таксама шмат людзей у цывільным. Прычым далёка ня ўсе зь іх пажадалі прадставіцца прыехаўшаму таксама гаспадару хаты Ігару Цішкіну.

Тым ня менш міліцыянты адразу ж затрымалі ды завезьлі ў пастарунак кіраўніка цэнтру імя Льва Сапегі Хрыстафора Жаляпава, які ня меў пры сабе асабістых дакумэнтаў, і наадварот – у карэспандэнта газэты "День" Вадзіма Баршчэўскага адабралі рэдакцыйнае пасьведчаньне, бо яно падалося міліцыянтам падробленым. На вачах у гаспадара Ігара Цішкіна, не прадставіўшы пісьмовага дазволу, міліцыянты вынесьлі з хаты ды гаражу ня толькі рызограф ды газэты, але й усе матэрыялы для памнажэньня і нават два старыя інфармацыйныя стэнды.

Спадароў Грэня, Цішкіна ды Баршчэўскага завезьлі ў фінансавую міліцыю, дзе прымусілі даць тлумачэньні адносна іхнага знаходжаньня на месцы падзеяў, а сп. Цішкіна яшчэ й дапыталі пра ягонае дачыненьне да апісанае маёмасьці. Дарэчы, на адабраную аргтэхніку міліцыянты паглядалі зь непрыхаванай зайздрасьцю, а адабранай паперай хацелі падзяліцца нават з медсястрой бліжэйшага дзіцячага садка, якую заабавязалі быць панятой. Невядома, чым бы скончыўся ў такім разе ператрус, калі б кіраўнік Віцебскае філіі БГК Леанід Чыграй не патлумачыў міліцыянтам, што заўважыў чарговае сеньняшняе перавышэньне іхных службовых паўнамоцтваў.


XS
SM
MD
LG