Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ НАЎМЫСНА ЗАЦЯГВАЮЦЬ ЗАПРАШЭНЬНЕ МІЖНАРОДНЫХ НАЗІРАЛЬНІКАЎ


Уладзімер Глод, Менск

Паводле словаў Ганса-Георга Віка, на 25 ліпеня афіцыйных запрашэньняў міжнародныя назіральнікі з структураў АБСЭ ад беларускіх уладаў не атрымлівалі. Хаця яны ўжо гатовыя распачаць працу непасрэдна ў Беларусі. Першая група з 14 назіральнікаў мела намер прыехаць сюды за 6 тыдняў да дня галасаваньня, а гэта значыць, якраз сёньня. Аднак ніхто без запрашэньня ў Менск не паедзе.

Такая палітыка беларускіх уладаў робіцца асабліва незразумелай на тле ўчорашніх дамоўленасьцяў паміж кіраўніком Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека амбасадарам Штудманам і кіраўніком расейскага ЦВК спадаром Вешняковым. Паводле афіцыйнага прэсавага рэлізу, які сёньня распаўсюдзіла Бюро, "...Дасягнутая дамова, што назіральнікі ад Цэнтральнай выбарчай камісіі Расейскае Фэдэрацыі будуць супрацоўнічаць з назіральнікамі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека ў рамках назіральнай выбарчай місіі ў Беларусі".

Чаму ж беларускае кіраўніцтва зацягвае справу з замежнымі назіральнікамі? Вось што кажа на гэты конт Галіна Сямдзянава, якая старшынявала на сёньняшнім паседжаньні.

(Сямдзянава: ) "Ужо пачалася праверка подпісаў у падпісных лістах і тое, што мы дагэтуль ня ведаем, колькі людзей на самой справе здало 100 тысячаў подпісаў, сьведчыць пра тое, што ўлады ня хочуць, каб нехта зь міжнародных назіральнікаў пры гэтым прысутнічаў і мог зафіксаваць парушэньні заканадаўства. Бо падлічыць мэханічна — колькі подпісаў здалі ў тэрытарыяльна-выбарчыя камісіі — гэта справа некалькіх гадзінаў. А мы ўжо тыдзень ня маем зьвестак пра тое, ці сабралі людзі 100 тысячаў подпісаў, ці не. Таму, я думаю, што пасьля таго, як подпісы будуць спраўджаныя, можа быць пасланае запрашэньне для назіральнікаў за выбарамі. Толькі пасьля спраўджваньня подпісаў".

Між тым, сёньня стала вядома, што з 31 ліпеня па 3 жніўня Менск наведае прадстаўнічая дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. У Беларусь прыяжджаюць старшыня Палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Тэры Дэйвіс (Вялікая Брытанія), дакладчык у справах Беларусі Вольфганг Бэрандт (Нямеччына) і кіраўнік камітэту правоў чалавека Цырыл Свобада (Чэхія). У іх адбудзецца шэраг сустрэчаў як з афіцыйнымі ўладамі — у прыватнасьці плянуецца сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам, гэтак і з апазыцыйнымі структурамі. У палітычных кулюарах Беларусі сёньня можна было пачуць, што афіцыйныя запрашэньні для міжнародных назіральнікаў будуць прымеркаваныя менавіта да гэтага візыту.

XS
SM
MD
LG