Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТВОРАНЫ АГУЛЬНЫ ПЕРАДВЫБАРЧЫ ШТАБ ДЛЯ ПАДТРЫМКІ АДЗІНАГА КАНДЫДАТА. СЯМЁН ДОМАШ ЗАКЛІКАЕ СВАІХ ПАПЛЕЧНІКАЎ ПРАЦАВАЦЬ НА ПАСТАНОВУ «ПЯЦЁРКІ»


Альгерд Невяроўскі, Менск

Галоўным пытаньнем сёньняшняе нарады "пяцёркі", стала стварэньне аб'яднанага штабу дзеля падтрымкі адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі. Пяцёрка прэтэндэнтаў прыняла прынцыповае рашэньне і аб'яднаны штаб Уладзімера Ганчарыка будзе створаны цягам бліжэйшых дзён. Гаворыць Уладзімер Ганчарык:

"Прынята рашэньне пра стварэньне аб'яднага штабу падрыхтоўкі да выбараў, узгодненыя прынцыпы ягонага стварэньня. Кожны прапануе сваіх людзей у гэты штаб, прапанавана стварыць палітычную кансультацыйную раду пры штабе з кіраўнікоў партыяў, якія будуць падтрымліваць адзінага кандыдата. Узгодненыя ўсе пытаньні, і нейкіх вялікіх сумневаў у вырашэньні гэтых пытаньняў пакуль няма",— сказаў адзіны кандытат Уладзімер Ганчарык.

Аб'яднаныя штабы спадара Ганчарыка, у якія ўвойдуць лепшыя актывісты ўсіх пяцёх прэтэндэнтаў, будуць створаныя ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Акрамя Кансультацыйнае рады лідэраў партыяў, пры штабе Ганчарыка таксама будзе дзейнічаць Палітычная рада, у якую ўвойдуць усе сябры "пяцёркі". Паводле Паўла Казлоўскга, гэты ворган мусіць вызначаць стратэгію й тактыку выбарчае кампаніі адзінага кандыдата на прэзыдэнта.

Усе сябры "пяцёркі" гавораць, што не зьбіраюцца парушаць дасягнутыя дамоўленасьці ў справе падтрымкі адзінага кандыдата.

Сёньня зьявілася інфармацыя, што Сямён Домаш нібыта ня надта задаволены суботнім рашэньнем "пяцёркі" ў справе вылучэньня адзіным кандыдатам Уладзімера Ганчарыка. Вось што паведаміў у гэтай справе Міхал Чыгір:

"Паміж нас пяцёх існуе поўная згода, і некія сумневы, што зьявіліся датычна Домаша, не адпавядаюць рэчаіснасьці. Нельга сказаць, што абсалютна ўсе гатовыя працаваць на адзінага кандыдата, гэта відаць і немагчыма, але лепшыя людзі будуць працаваць",— сказаў спадар Чыгір.

А вось камэнтар самога Сямёна Домаша:

"Дамоўленасьць ёсьць поўная. Так, як мы й дамаўляліся, што прынятыя рашэньні "пяцёркі" будуць выконвацца ўсімі яе сябрамі. Так, адназначна існуе адзінства, і яно яшчэ раз пацьверджанае, і мы ўсе будзем працаваць разам на агульны вынік",— сказаў у інтэрвію нашаму радыё Сямён Домаш.

Такой была сытуцыя ў першай палове дня. Аднак пасьля абеду тэрмінова была скліканая нарада кіраўнікоў рэгіянальных штабоў Сямёна Домаша. У часе гэтага паседжаньня, сапраўды, высьветлілася, што многія актывісты ініцыятыўнае групы спадара Домаша лічаць, што дамоўленасьцяў у рамках пяцёркі выконваць ня варта, ды маўляў Домашу й Ганчарыку, якія сабралі больш чым па 100 000 подпісаў, трэба весьці толькі міжсобку далейшыя кансультацыі ў справе вызначэньня адзінага кандыдата. Актывіст перадвыбарчага штабу Домаша, Уладзімер Кудзінаў, нават не выключае, што Сямён Домаш будзе ўдзельнічаць у першым туры выбараў.

У другой палове дня Сямён Домаш выступіў са зваротам да сваіх паплечнікаў, у якім адзначыў, што “адзіным кандыдатам “пяцёркі” зьяўляецца Ўладзімір Ганчарык”, заклікаў не спыняць працы і не губляць аптымізму. “Увосень нас чакае перамога”, - заявіў Сямён Домаш.

Тым часам, прэтэндэнты, што, паводле Цэнтральнае выбарчае камісіі, не сабралі неабходных для рэгістрацыі ста тысячаў подпісаў, спадары Чыгір, Казлоўскі й Калякін, яшчэ будуць адстойваць свае інтарэсы ў судзе, але ўсе яны зьбіраюцца актыўна працаваць у штабе Ўладзімера Ганчарыка. Так днямі, бюро ЦК ПКБ нават прыняло адмысловае рашэньне, якое забавязвае ўсіх сяброў партыі актыўна падтрымаць кандыдатуру Ўладзімера Ганчарыка.
XS
SM
MD
LG