Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ДУМАЕ ПРА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ І НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ СЫМБАЛІ МІХАІЛ ЧЫГІР?


Валянціна Аксак, Менск

(Аксак: ) "Спадар Чыгір, у якой ступені Вы валодаеце дзяржаўнай беларускай моваю, як часта размаўляеце на ёй у сям'і, у афіцыйных абставінах і іншых камунікацыйных зносінах?"

(Чыгір: ) "У тым выпадку, калі хто па-беларуску да мяне зьвяртаецца. Гэта асноўнае правіла. Дома, на жаль, ня вельмі часта. Бывае, калі яшчэ нехта зьяўляецца ў нас, то тады ўсёй сям'ёй разам гаворым па-беларуску. А ці валодаю я беларускай мовай, то высновы няхай робіць той, хто мяне слухае".

(Аксак: ) "Ці лічыце Вы неабходным усталяваньне рэальнага статусу беларускай мовы як дзяржаўнай і якія маеце прапановы па рэалізацыі гэтага?"

(Чыгыр: ) "Я ўпэўнены ў тым, што нейкія рэзкія павароты зь беларускай мовай рабіць нельга. Усё-ткі нашае насельніцтва прывыкла да расейскае мовы і прывыкла вельмі моцна. Таму я лічу, што каб беларуская мова ў нас запанавала, трэба стымуляваць ейны ўжытак. Дзеля чаго павінна быць дзяржаўная праграма і павінна быць дзяржаўнае фінансаваньне. І тады, з часам, беларуская мова стане дзяржаўнаю моваю. Абвяшчаць яе такой з заўтрашняга дня ня трэба. Але наогул, з часам, гэта павінна быць зроблена".

(Аксак: ) "А ці лічыце Вы неабходным наданьне дзяржаўнага статусу спрадвечным нацыянальным сымбалям — гербу "Пагоня" і бел-чырвона-беламу сьцягу і што для гэтага лічыце патрэбным рабіць?"

(Чыгір: ) "У той час, калі адбывалася замена нашых нацыянальных сымбаляў на цяперашнія, я быў вялікім праціўнікам усяго таго, што адбылося. Але цяпер мушу сказаць: не адзін чалавек павінен гэта вырашаць. Якім быць нацыянальным сымбалям, павінен вырашыць парлямэнт, свабодна і дэмакратычна абраны. Ну а ў душы я згодзен з тым, што ўсё-ткі на гэтай зямлі даўжэй былі тыя сымбалі, якія былі дзяржаўнымі да цяперашніх. І яны павінны зноў стаць дзяржаўнымі, але, паўтараю, гэта павінен вырашаць парлямэнт".

(Аксак: ) "Ці падтрымліваеце вы прапанову ТБМ пра стварэньне ў краіне нацыянальнай сыстэмы вышэйшай адукацыі?"

(Чыгір: ) "Так, я падтрымліваю гэтую прапанову".

(Аксак: ) "І апошняе пытаньне, спадар Чыгір. Як часта Вы паслугоўваецеся беларускай мовай у цяперашняй перадвыбарчай кампаніі?"

(Чыгір: ) "Скажу адкрыта — ня часта. Таму што людзі, якія зьбіраюцца на сустрэчы, у бальшыні сваёй не станоўча рэагуюць на беларускую мову выступоўцаў. Таму, як я ўжо казаў, калі хто зьвяртаецца да мяне па-беларуску, то і я адказваю яму па-беларуску. Але, калі зьбіраецца на сустрэчы чалавек 20-30, то я размаўляю зь імі па-расейску".
XS
SM
MD
LG