Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛКОЎНІК ДРОЗД З МУС НЯ ВЕДАЕ ПРА ВЫПАДКІ ГВАЛТУ НАД ЗЬБІРАЛЬНІКАМІ ПОДПІСАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск


Пра чарговы напад на зьбіральнікаў подпісаў паведамілі ў штаб-кватэры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Паводле прэсавай службы партыі, учора ўвечары на Веру Палоньнікаву і Тамару Жукаву, якія зьбіралі подпісы ў жыхароў Кунцаўшчыны ў Менску, напаў жыхар шматпавярховага дома.

Адна з жанчын нават атрымала траўму і мае намер зьвярнуцца ў праваахоўчыя органы. Але ці не ператворыцца яна з пацярпелай у абвінавачаную? Такую магчымасьць ня выключыў намесьнік кіраўніка ўпраўленьня аховы правапарадку Міністэрства ўнутраных справаў Мікалай Дрозд, да якога я зьвярнуўся па парады для зьбіральнікаў подпісаў.

Палкоўнік Дрозд параіў усім зьбіральнікам мець на ўвазе палажэньні заканадаўства, якія тычацца неўмяшаньня ў прыватнае жыцьцё, ды мець пры сабе дакумэнты. На думку Мікалая Дразда, зьбіральнікі першыя адказваюць за тое, каб не было канфліктаў падчас збору подпісаў.

(Дрозд: ) "Мабыць, гэта залежыць ад таго, хто размаўляе. Калі людзі культурныя, то яны і размаўляць будуць як патрэбна. Папросяць: падпішыцеся за гэтага ці за гэтага, калі ня супраць. Што параіць зьбіральнікам подпісаў? Перш за ўсё, ня трэба больш як тры разы званіць ў адны дзьверы", — сказаў Мікалай Дрозд.

Міліцыянт папярэдзіў, што зьбіральнік подпісаў можа натрапіць і на зладзейскі прытон, і на нецьвярозых людзей, але не ягоная справа разьбірацца з гэтымі асобамі.

Таксама яму ня варта спрачацца з тымі, хто выказваецца супраць нейкага кандыдата. Найлепш ветліва разьвітацца з такім чалавекам, пакуль ён не ўчыніў канфлікту. "Калі паводзіць сябе выключна карэктна і асьцярожна, канфлікту можна пазьбегнуць нават з хранічнымі скандалістамі", — перакананы палкоўнік Дрозд.

Асабіста да палкоўніка Дразда ў кватэру ўжо прыходзілі зьбіральнікі подпісаў за Сямёна Домаша і Зянона Пазьняка. Паводзілі яны сябе вельмі карэктна, хаця гаспадар ім у падтрымцы, мяркуючы па ягоным адказе, адмовіў.

Палкоўнік Дрозд таксама зазначыў, што асабіста яму пакуль невядома пра выпадкі нападаў на зьбіральнікаў подпісаў. Але ня выключыў, што заявы пацярпелых ёсьць і зь імі разьбіраюцца на месцах.

Што трэба зрабіць зьбіральніку подпісаў, каб атрымаць дапамогу ў міліцыі? Кіраўніца Цэнтру правоў чалавека Вера Страмкоўская кажа:

(Страмкоўская: ) "Каб справу правяралі, дастаткова толькі напісаць заяву. Але трэба будзе забясьпечыць доказы, і пра гэта варта паклапаціцца. Гэта могуць быць паказаньні сьведкаў, тых, хто там прысутнічаў, суседзяў, іншых зьбіральнікаў. Таксама доказамі зьяўляюцца дакумэнты, прыкладам, акт экспэртызы, калі ёсьць траўмы".

(Карэспандэнт: ) "А што вы лічыце галоўным антыканфліктным сродкам, які мусяць выкарыстоўваць зьбіральнікі подпісаў?"

(Страмкоўская: ) "Яны павінны адчуваць сябе не гаспадарамі, а ветлівымі сябрамі тых людзей, да якіх зьвяртаюцца за подпісамі".

Дарэчы, паводле зьвестак беларускіх незалежных мэдыяў, у Беларусі ўжо зафіксавалі каля 10 фактаў нападаў ці стварэньня перашкодаў зьбіральнікам подпісаў. Пакуль не паведамляюць, каб некага за гэта прыцягнулі да адказнасьці.
XS
SM
MD
LG