Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІЯ САПРАЎДНЫЯ МЭТЫ НОВАГА ДЭКРЭТУ?


Юры Дракахруст, Прага


Як тое ўжо ня раз было, сёньняшні дэкрэт падводзіць юрыдычную базу як пад ранейшыя рэпрэсіі, гэтак і пад будучыя. Паводле дэкрэту, замежную гуманітарную дапамогу забаронена выкарыстоўваць ня толькі для зьвяржэньня існуючага ладу і захопу дзяржаўнай улады, але і для падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў, рэфэрэндумаў, правядзеньня масавых акцыяў, вырабу і распаўсюджваньня агітацыйных матэрыялаў – фактычна, для любой дзейнасьці, нават аддалена зьвязанай з палітыкай. Фармулёўкі дакумэнту дазваляюць трактаваць забароненую дзейнасьць гранічна шырока.

Ці можа прафсаюз на атрыманым з-за мяжы прынтэры друкаваць улёткі пра страйк? Ці можа газэта на замежным абсталяваньні друкаваць заявы палітычных дзеячоў? Ці можа дасьледчы цэнтар ці фонд за замежныя грошы праводзіць канфэрэнцыі – гэта значыць сходы – з абмеркаваньнем палітычных пытаньняў і з удзелам палітыкаў? Як паглядзець, можа так, а можа й не. Судовы досьвед Беларусі падказвае, што спрэчныя, а таксама і бясспрэчныя выпадкі вельмі часта вырашаюцца на карысьць улады.

Адказ на пытаньне, як будзе выкарыстоўвацца дэкрэт, дае практыка апошніх месяцаў. Рабаўніцтва рэсурсных цэнтраў невядомымі і рэпрэсіі супраць іх з боку афіцыйных уладаў, закрыцьцё адзінай незалежнай друкарні, якая друкавала недзяржаўныя выданьні, забарона Кансультацыйна-назіральнай групе АБСЭ праводзіць падрыхтоўку назіральнікаў – усё гэта зараз падпадае пад артыкулы бязьмежнага дэкрэту.

Варта адзначыць, што гэты дакумэнт дазваляе ліквідаваць любую беларускую грамадзкую арганізацыю, фонд ці іншую некамэрцыйную ўстанову нават за аднаразовае парушэньне палажэньняў дэкрэту. Якую грамадзкую арганізацыю пры жаданьні нельга падвесьці пад гэты артыкул і зьліквідаваць? Замежным прадстаўніцтвам за парушэньне дэкрэту пагражае спыненьне дзейнасьці і выдаленьне з краіны іх супрацоўнікаў. Апошні пункт выглядае адрасаваным непасрэдна кансультацыйна-наглядальнай групе АБСЭ і шэрагу замежных амбасадаў.

Акрамя ўсяго іншага дэкрэт неверагодна павялічвае бюракратычную блытаніну і свавольства. Цяпер ня толькі харчаваньне, лекі і мэдычнае абсталяваньне, але й любая замежная бескарысьлівая дапамога мусіць праходзіць праз дэпартамэнт па гуманітарнай дапамозе пры кіраўніку краіны.

Няпэўнасьць фармулёвак дэкрэту дазваляе ўладзе рэгуляваць узровень рэпрэсіяў, а таксама весьці гандаль з Захадам, гуляючы ў звыклыя “кошкі-мышкі” – сёньня нешта закрылі, а заўтра адчынілі, робячы “жэст добрай волі” насустрач Захаду.

Тое, што больш чым за паўгода да выбараў прыняты такі дэкрэт, сьведчыць пра вялікі непакой з боку ўладаў у адносінах да вынікаў народнага волевыяўленьня. І ўлада рупліва і ліхаманкава затыкае ўсе дзюркі, праз якія мог бы прагучаць свабодны голас народу.
XS
SM
MD
LG