Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вострая Брама Расёмон.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Алiмпiйскiя гульнi ў Нагана нагадалi пра некаторыя японскiя сюжэты нашага культуразнаўства. Першы тычыцца Брамы Расёмон у старой японскай сталiцы Кiота. Другi сюжэт -- "Легенда пра Нараяму" -- японскi мастацкi фiльм, зьняты нiбыта паводле апавяданьня Ўладзiмера Караткевiча "Нямоглы бацька". Казка Караткевiча выйшла ў "Бярозцы" ў 80-м годзе, а фiльм Шахея Iмамуры зьявiўся на экранах у 83-м. Здараецца, што ў розных канцах сьвету ў адзiн час, незалежна адна ад аднае нараджаюцца тыя самыя спэцыфiчныя iдэi.

Я сачу за тэлетрансьляцыяй лыжнае гонкi ў Нагана i раптам адчуваю, што ў полi майго зроку зусiм не спартоўцы або экранны антураж з храномэтрамi, прозьвiшчамi ды iншым. Вока спыняецца на засьнежаных узгорках, парослых соснамi, якiя ня могуць не хваляваць сваiм падабенствам да роднага краявiду. Сасна i вярба -- два самыя японскiя дрэвы ў паэзii i жывапiсе. Хiба што дубоў японскiх ня згадваю. Але й бязь iх падабенства дастатковае.

Нi ў нас, нi ў iх я не знаходжу схiльнасьцi або здольнасьцi да яркiх вiдовiшчных шоў. Але iхныя апiсаньнi спусьцелага ў шарую гадзiну мястэчка, слаты i сiнiх агеньчыкаў у тумане лёгка
абуджаюць ува мне пачуцьцё бацькаўшчыны. Так зразумелае беларусам жаданьне зашыцца ў скрыню ад усяго сьвету, як у Коба Абэ, цi самурайскае самагубства селянiна Антона з аднайменнае драмы Максiма Гарэцкага, калi селянiн ад псыхалягiчнае безвыходнасьцi лягае на касу. Гэта толькi асобныя, вырваныя з кантэксту сьведчаньнi таго, што мiж намi iснуе нейкае
неасэнсаванае да канца адзiнства, прынамсi блiзкасьць.

Вы скажаце, што яны -- непадобныя да нас людзi. Але гэта зусiм не перашкаджае ў мастацтве. Парадокс у тым, што ў творах японцаў мы вычытваем такiя характарыстыкi краявiду, людзей i
iх паводзiнаў, якiя зь цяжкасьцю стасуем менавiта да японцаў.

"Старая яшчэ шырэй расплюшчыла вочы з чырвонымi павекамi i ўтаропiлася ў твар слугi. Утаропiлася вострым позiркам драпежнай птушкi", -- пiсаў Акутагава.

Цi можаце вы ўявiць сабе старую японку з арлiным позiркам?

Падахвочаны ўласным адкрыцьцём, я паспрабаваў перачытаць славутую Акутагававу "Браму Расёмон", замянiўшы асабовыя iмёны на беларускiя. Браму Расёмон у старажытнай японскай сталiцы Кiота замянiў на Вострую Браму ў старажытнай беларускай сталiцы Вiльнi, а вулiцу Судзаку, адпаведна, -- на Базылянскую. Вось што з гэтага выйшла:

"Гэта здарылася аднойчы пад вечар. Нейкi слуга хаваўся ад дажджу пад Востраю Брамай.

У шырокiм атворы, апрача яго, нiкога не было. Толькi на тоўстым круглым слупе, зь якога сям-там аблупiлася фарба, сядзеў цвыркун. Паколькi Вострая Брама стаiць на люднай
Базылiянская вулiцы, тут маглi б хавацца ад дажджу некалькi жанчын i маладых людзей са сьвятадухава манастыра. Тым ня менш, акрамя слугi, нiкога не было.

Тлумачылася гэта тым, што на працягу апошнiх двух-трох гадоў на Вiльню адно за другiм абрыньвалiся бедзтвы -- то землятрус, то ўраган, то пажар, то голад. Вось сталiца i запусьцела
незвычайна. Як распавядаюць старажытныя летапiсы, дайшло да таго, што сталi ламаць статуi апосталаў ды сьвятарнае начыньне i, звалiўшы ў кучу на краi дарогi пакрытае пазалотай дрэва,
прадавалi яго на дровы. Такiя былi справы ў сталiцы; таму пра падтрымку Вострае Брамы, зразумела, нiхто больш не клапацiўся. I, карыстаючы зь яе закiнутасьцi, тут жылi лiсы i барсукi. Жылi злодзеi. Нарэшце, павялося нават прыносiць i кiдаць сюды непрыбраныя трупы".

Наўрад цi ў такiм перастварэньнi ёсьць якаясь сутнасная недакладнасьць, калi згадаць вiленскую гiсторыю зь яе паморкамi, пажарамi i спусташальнымi набегамi "цiшайшага"
расейскага цара Аляксея Мiхайлавiча...

Толькi ў сэрцы трывожным пачую
За краiну радзiмую жах...

Цiкава, цi ўспамiнаюць японцы ў такiх выпадках сваю Браму Расёмон i -- "ваякаў на грозных канях"?





Сюжэт Караткевiчавага "Нямоглага бацькi" для беларускай лiтаратуры досыць экзатычны. У вёсцы iснуе закон, каб старых бацькоў, якiя ўжо з работнiкаў ператварылiся ў едакоў, уласныя дзецi вывозiлi ў пушчу i там пакiдалi цi то на зьядзеньне дзiкiм зьвярам, цi то на галодную сьмерць. Тое самае -- у Iмамуры, у "Легендзе пра Нараяму". У абодвух творах сынам настае час выпраўляць бацькоў на памiраньне: японцу -- мацi, беларусу -- бацьку. Цiкава, што i там, i там сыны носяць сваiх старых на плячах. Але самае цiкавае, што ў абодвух творах сыны паўстаюць супраць нялюдзкага закону.

"Нямоглы бацька" -- зусiм невялiкая лiтаратурная казка, а "Легенда пра Нараяму" -- маштабнае, маляўнiчае кiнапалатно. Сваёй каларытнай шматфарбавасьцю яно нагадвае мне "Людзей на балоце", якiх Вiктар Тураў зьняў таксама ў пачатку 80-х. Калi ўявiць сабе, што Тураў зьняў свой фiльм не паводле Мележа, а паводле Караткевiчавага сюжэту, мы б атрымалi ў пачатку 80-х цiкавую зьяву ў сусьветнай культуры. У адным часе сыйшлiся б дзьве "Легенды пра Нараяму" або два "Нямоглыя бацькi" -- беларускi i японскi. Можна таксама гаварыць пра нераскрытыя магчымасьцi нашай культуры, а менавiта пра тое, як у нас у
пачатку 80-х склалiся перадпасылкi стварыць свой кiнематаграфiчны шэдэўр i як ня лёсiла гэта зрабiць. Японцы, якiм дасталiся канскiя ляўры, далi красамоўнае сьведчаньне нашага нешанцунку.

Яшчэ адзiн такi прыклад -- ужо зь сёньняшняга дня.

Цяпер у Японii вучыцца i працуе нямала беларусаў. Ёсьць сярод iх i сьвядомыя патрыёты. Разам з тым у тэлетрансьляцыях з Нагана на трыбунах было шмат бэсэсэраўскiх сьцягоў, а
нацыянальнага, незалежнага я ня бачыў нi разу.

Японская тэма i тут высьвечвае зьнiкомасьць нашае культуры: то загарыцца, то згасьне, то загарыцца, то згасьне...

Дарэчы, падабенства нашых сьцягоў -- гэта яшчэ адзiн сюжэт беларуска-японскае блiзкасьцi.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG