Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўвядуць у зьвязку з эпідэміяй САРСу кантроль на мяжы Беларусі з Расеяй?


Юры Сьвірко, Менск

Атыповая пнэўманія паціху рухаецца з усходу на захад. Зь цягніка Ўладзівасток-Харкаў зьнялі трох жаўнераў, якія мелі прыкметы захворваньня на САРС — атыповую пнэўманію. Гэтыя хворыя застануцца ў Краснаярску, Навасыбірску і Омску, але канцавы пункт іх цягніка — Харкаў — значна бліжэйшы да Беларусі. Адрозна ад расейска-ўкраінскай мяжы, на расейска-беларускай памежнага й мытнага кантролю няма. У панядзелак МУС Беларусі паведаміла, што ў Крупскім раёне Меншчыны супрацоўнікі Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі затрымалі 10 грамадзянаў Кітаю, якія ня мелі беларускіх візаў. У гэтых кітайцаў прыкметаў САРСу не знайшлі, але сам факт іх знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі красамоўны.

Гаворыць старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Гэты факт толькі пацьвярджае, наколькі пільным ёсьць пытаньне ўвядзеньне нармальнага кантролю, цывілізаванага кантролю на нашай усходняй мяжы. Паводле рашэньня Сойму мы накіруем ліст на імя прэм’ер-міністра Навіцкага — з канкрэтным пытаньнем-прапановай: распачаць паўнамаштабны кантроль уезду грамадзянаў праз нашую ўсходнюю мяжу, таму што толькі аднаўленьне такога кантролю дазволіць забясьпечыць і санітарны, і эпідэміялягінчы кантроль, і карантын тых, каго падазраюць на САРС”.

Пакуль жа ўлады сканцэнтравалі сваю ўвагу на заходняй мяжы Беларусі. Паводле сцэнару вучэньняў 16 траўня ў Берасьці, хворая на САРС прыехала з Тайваню ў Расею, а потым цягніком Санкт-Пецярбург-Берасьце дабралася да канцавога пункту. Тое, што разам з такім хворым чалавекам могуць ехаць беларускія грамадзяне — напрыклад, ад Віцебску да Менску — у разьлік чамусьці не бярэцца.

Прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных да закліку БНФ кантраляваць мяжу з Расеяй паставіўся гэтак:

(Савіных: ) “Заклікаць яны могуць. Але гэта не МЗСаўскае пытаньне. Гэта пытаньне ўнутранай палітыкі”.

Спадар Савіных дадаў, што галоўную ролю ў барацьбе з эпідэміяй атыповай пнэўманіі будзе адыгрываць не МЗС, а Міністэрства аховы здароўя.

Прадстаўнік апошняга Сяргей Паўлючэнка, загадчык аддзелу эпіднагляду за карантыннымі ды асабліва небясьпечнымі інфэкцыямі, прапанову БНФ пра пачатак кантролю на мяжы з Расеяй не падтрымлівае. І вось чаму:

(Паўлючэнка: ) “Мы ня маем наўпроставых сувязяў з паўднёва-ўсходняй Азіяй. Калі ў Расеі ёсьць небясьпека, што за 4–5 дзён вірус можа зьявіцца ў Маскве ці недзе там раней, дык у нас такая мажлівасьць будзе толькі пасьля інкубацыйнага пэрыяду. То бок у нас можа зьявіцца толькі яўна хворы, хаця хутчэй яго выявяць у Расеі, а ня ў нас. Я не спадзяюся на Расею — там, хутчэй, таксама могуць прапусьціць, як і нашы могуць. Кантроль на мяжы вельмі малаэфэктыўны. За 70 гадоў існаваньня савецкай улады мы мелі масу завозаў усяго — ад воспы да чумы і ўсяго іншага — і ніколі іх не выяўлялі на мяжы”.

Сяргей Паўлючэнка таксама распавёў, што з усіх кітайскіх студэнтаў, якія вучацца ў Беларусі, выяжджалі на бацькаўшчыну, у Кітай, толькі 2–3 чалавекі. Толькі іх беларускія мэдыкі й кантралююць.
XS
SM
MD
LG