Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЛОВА “БЕЛАРУСЬ” У СЁНЬНЯШНЯЙ ПРАМОВЕ ПУЦІНА НЕ ПРАГУЧАЛА


Юры Дракахруст, Прага

Слова “Беларусь” у сёньняшняй прамове Пуціна ўвогуле не прагучала. Прэзыдэнт Расеі адзначыў толькі, што разьвіцьцё адносінаў з краінамі СНД зьяўляецца расейскім прыярытэтам, прастору СНД ён назваў сфэраю стратэгічнай увагі Масквы, дадаўшы, што і Расея зьяўляецца сфэраю нацыянальных інтарэсаў краінаў Садружнасьці.

Гаворачы пра дамову пра калектыўную бясьпеку ў межах СНД, расейскі лідэр падкрэсьліў, што яна мусіць змагацца не з уяўнымі, а з сапраўднымі пагрозамі – тэрарызмам і наркатрафікам. Нагадаем, што паводле кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі місія дамовы аб калектыўнай бясьпецы – быць супрацьвагою НАТО.

Адсутнасьць у штогадовым пасланьні Пуціна згадкі пра Беларусь дазваляе зрабіць выснову, што інтэграцыя з заходнім суседам не належыць да прыярытэтаў Крамля нават у год выбараў. Прычыны гэтага вынікаюць з шэрагу заяваў Пуціна, якія тычыліся чыста ўнутрырасейскіх справаў.

Адной з найважнейшых эканамічных мэтаў Расеі ён назваў дасягненьне поўнай канвэртаванасьці расейскага рубля. “Патрэбны рубель, які б свабодна абарачаўся на міжнародных рынках, моцная і шчыльная сувязь зь міравой эканамічнай сыстэмаю”, – сказаў Пуцін. Варта прыгадаць, што беларускі рубель зьяўляецца адной з самых слабых валютаў у СНД. Такім чынам, плян умацаваньня расейскага рубля робіць пэрспэктывы грашовага аб’яднаньня зь Беларусьсю яшчэ больш туманымі.

Пра інтэграцыю ва ўсясьветную эканоміку Пуцін прыгадваў некалькі разоў, ён падкрэсьліў, што ніводная краіна, наколькі б вялікай і багатай яна ні была, ня можа разьвівацца пасьпяхова, калі яна ізаляваная ад астатняга сьвету. Гэтая тэза таксама моцна кантрастуе з палітыкаю аўтаркіі й самаізаляцыі, якую праводзіць беларускае кіраўніцтва.

Аляксандар Лукашэнка, прадстаўляючы вынайдзеную ім дзяржаўную ідэалёгію, адмыслова падкрэсьліваў яе нясумяшчальнасьць зь лібэральнымі прынцыпамі.

У той жа час прамова Пуціна ўтрымлівала клясычнае лібэральнае крэда: “Расея мусіць быць і будзе краінаю з канкурэнтаздольнай рынкавай эканамікай, дзе правы ўласнасьці надзейна абароненыя, а эканамічныя свабоды дазваляюць людзям працаваць, зарабляць бяз страху і абмежаваньняў”.

Праклёнам на адрас Амэрыкі, якія гучаць ва ўсіх апошніх прамовах кіраўніка Беларусі, таксама не знайшлося месца ў штогадовым звароце расейскага прэзыдэнта. Уладзімер Пуцін даволі туманна выказаўся супраць выкарыстаньня сілы дзеля пашырэньня зонаў стратэгічнага ўплыву асобных дзяржаваў. Разам з тым, ён заявіў, што Расея высока ацэньвае антытэрарыстычную кааліцыю, якая сфармавалася пасьля 11 верасьня 2001 году.

“У сьвеце склалася антытэрарыстычная кааліцыя пры нашым актыўным удзеле ў шчыльным супрацоўніцтве з ЗША і іншымі краінамі”, – сказаў расейскі прэзыдэнт. Выглядае, што расейска-амэрыканскія адносіны пасьля ірацкай вайны прайшлі найніжэйшую кропку і ў гэтым пытаньні пазыцыі афіцыйнага Менску і Крамля ўсё далей разыходзяцца.

Сярод сюжэтаў пасланьня Пуціна, ускосна зьвязаных зь Беларусьсю, варта адзначыць паведамленьне расейскага прэзыдэнта пра стварэньне зброі новага пакаленьня, якое мае характар стратэгічнай. Пуцін падкрэсьліў, што гэтая зброя забясьпечыць абарону Расеі й яе саюзьнікаў. Магчыма, менавіта гэтае расейскае вынаходніцтва і меў на ўвазе Аляксандар Лукашэнка, які пэўны час таму казаў пра новую цуд-зброю, што можа спыніць любога агрэсара.

Прагрэс у збройнай прамысловасьці працягваецца, і цалкам магчыма, што расейскія канструктары сапраўды прасунуліся ў гэтым кірунку. Аднак заява Пуціна можа быць і своеасаблівым піарам, добрым тварам пры дрэннай гульні.

Але калі ўвогуле глядзець на прамову расейскага прэзыдэнта праз прызму беларуска-расейскіх адносінаў, то робіцца відавочным, што тут ніякіх цудаў чакаць ня варта – міжнародны і эканамічны кірункі дзьвюх краінаў усё больш разыходзяцца. Расея імкнецца ў сёньняшні сьвет, Беларусь – у Савецкі Саюз.
XS
SM
MD
LG