Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле П.Барадзіна, рэфэрэндум наконт канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы адбудзецца пры канцы году


Уладзімер Глод, Менск

Паводле Паўла Барадзіна, рашэньне аб правядзеньні сёлета рэфэрэндуму, датычнага Канстытуцыйнага акту, а ў наступным годзе — выбараў у саюзны парлямэнт, прынялі кіраўнікі Расеі й Беларусі падчас сустрэчы ў Сочы.

(Барадзін: ) “Наколькі я ведаю, рэфэрэндум прызначаны на сёлета, на канец году. Абраньне саюзнага парлямэнту і стварэньне органаў выканаўчай улады — на год наступны. Ужо сёньня ўсе выразна разумеюць: далей будаваць саюзную дзяржаву на базе эканамічных праграмаў без законаў, без вызначэньня напрамку гэтага саюзнага будаўніцтва вельмі цяжка”.

Дзяржсакратар шмат гаварыў пра маштабныя праекты. Ён, у прыватнасьці, сказаў, што будзе пабудаваны сумесны расейска-беларускі самалёт, створаны саюзны тэлевізар-2, новыя мадэлі аўтамабіляў і шмат чаго іншага. Барадзін абяцаў велізарныя замежныя інвэстыцыі. Ён нават запэўніў, што зямля пад Менскам будзе каштаваць даражэй, чым пад Масквой на Рублёўскай шашы, дзе зараз за адну сотку плацяць 25–30 тысяч даляраў. Але дзеля гэтага, падкрэсьліў Барадзін, спачатку трэба стварыць саюзную дзяржаву, бо замежны капітал у Беларусь, дзе няма сучасных законаў, ня пойдзе.

Былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч на такія пляны мае зусім іншы погляд:

(Шушкевіч: ) “Гэта антыбеларуская акцыя, імпэрская акцыя Расеі. І нічога іншага. Я, напрыклад, ня ведаю, навошта рэфэрэндум Расеі. Каб яна засталася каляніяльнай дзяржавай? У Брытаніі былі калёніі недзе далёка, у немцаў — далёка. Яны ўжо пазбавіліся калёніяў. Там садружнасьць нацыяў. А ў Расеі застаюцца. Дык яшчэ патрэбныя новыя! Я толькі так гэта бачу”.

Павал Барадзін вядомы як знакаміты майстар самых розных анэкдотаў, якія ён ахвотна распавядае паўсюль. Таму я і спытаўся ў Дзяржсакратара, ці можа ён расказаць нейкі анэкдот наконт будаўніцтва саюзнай дзяржавы. Адказ маскоўскага госьця быў наступны:

(Барадзін: ) “Анэкдотаў на тэму саюзнага будаўніцтва пакуль няма. Таму што прэцэдэнту няма. Пакуль саюзнай дзяржавы ў поўнай ступені няма”.

Да гэтага можна дадаць толькі адно: анэкдотаў і на самой справе не складаюць толькі пра тое, чаго няма ў рэчаіснасьці.
XS
SM
MD
LG