Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як перажылі сьцюдзёныя зімы літоўцы? Што чакае беларусаў?


Юры Дракахруст, Прага

Удзельнічаюць: Сьвятлана Алексіевіч, Валянцін Акудовіч, Андрус Кубілюс, Вацлаў Станкевіч, Уладзімер Падгол.

(Дракахруст: ) “Калі заява-прапанова-пагроза, агучаная Ўладзімерам Пуціным пасьля сочынскай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам будзе реалізаваная, Беларусь чакае “сталёвы душ рынкавых цэнаў на газ”. Упэўнена сьцявяржаць, што дакладна гэтак яно і будзе, яшчэ рана – у кастрычніку пачынаецца чарговы раўнд перамоваў з “Газпрамам” ды і палітычныя чыньнікі ня варта скідаць з рахунакаў. Тым ня менш варта заўважыць, што калі ўсё будзе гэтак, як абяцаў Пуцін, то Беларусь будзе ня першай краінаю, якая сутыкаецца з такім выпрабаваньнем.

12 гадоў таму, калі краіны Балтыіі набылі незалежнасьць, Расея пачала пастаўляць ім энэрганосьбіты менавіта па рынкавых цэнах. Як эканомікі гэтых краінаў здолелі справіцца з гэтай навалаю? Распавядае старшыня літоўскай партыі кансэрватараў, былы прэмьер-міністар Літвы Андрус Кубілюс.

(Кубілюс: ) “З аднаго боку гэта было ясным прызнаньнем таго, што мы робімся незалежнай дзяржаваю, зь якой Расея гандлюе на такіх жа ўмовах, як і з краінамі Заходняй Эўропы. З другога боку зараз дастаткова цяжка было б дакладна аналізаваць, наколькі тое, што адбывалася ў нашай эканоміцы, залежала ад падвышэньня цэнаў на газ, а наколькі ад таго, што мы ўвялі свае грошы, лібэралізавалі цэны, пачалі прыватызацыю. Адбываўся вялікі комплекс значных рэформаў, вынікам якіх напачатку была вялікая інфляцыя і падзеньне вытворчасьці. Але толькі шляхам такіх першых цяжкіх крокаў нашая эканоміка выйшла на нармальны ўзровень рынкавай эканомікі, якая можа канкураваць на міравых рынках.

Зразумела, на самым пачатку, калі газавыя цэны падвысіліся, мы жылі на пазыках Міжнароднага Валютнага Фонду і Ўсясьветнага банку. І гэтая дапамога была вельмі патрэбная. З другога боку нашыя вытворцы вымушаныя былі вельмі хутка знайсьці свае нішы як на мясцовым рынку, гэтак і на замежных. Напачатку гэта быў усё яшчэ рынак Расеі, але да 1998 году абылася значная пераарыентацыя нашага гандлю, зараз большая частка нашага экспарту ідзе на Захад. Я лічу вельмі карысным тое, што мы ўжо даўно працуем на нармальных цэнах на газ, бо калі б мы працавалі на таным газе, то быў бы псыхалягічны бар'ер разьвіцьця прадукцыйнасьці сваёй вытворчасьці. Было б прасьцей не шукаць міжнародныя рынкі, а спадзявацца на танныя рэсурсы. Калі эканоміка спадзяецца на танныя рэсурсы, яна робіцца вельмі залежнай ад гэтых рэсурсаў і гэта пагражае ёй вялікімі праблемамі і ў рэшце рэшт вялікай катастрофай.”

(Дракахруст: ) “Гэта быў старшыня партыі кансэрватараў Літвы, былы кіраўнік ураду гэтай краіны Андрус Кубілюс. Ну а як спраўляліся з выпрабаваньнямі грамадзяне Літвы? Вядома, што першую зіму, нават першыя зімы незалежнасьці жыхары Вільні сядзелі дома ў футрах. Расповед калегі Кубілюса дапаўняе дэпутат Сэйму Літвы Вацлаў Станкевіч.”

(Станкевіч: ) “Зразумела, гэта было неспадзявана для Літвы. Але з другога боку людзі разумелі, што Літва ідзе да незалежнасьці. І калі мы канстатавалі, што Масква ўзьнімае цэны на газ і асабліва на мазут, то і ўрад, і літоўскае грамадзтва зразумелі, што трэба эканоміць. Памятаю, што адну зіму гарачая вада падавалася ў дамы ня кожны дзень. Было цяжка, але ўсе ведалі, чаму гэта так робіцца. Амаль усе жыхары Літвы мелі адзіную мэту – зрабіць Літву незалежнай краінай. Таму цярпелі. А цяпер у нас, здаецца, усё добра.”

(Дракахруст: ) ““Газавая атака” Расеі стала для літоўцам урокам, што незалежнасьць – гэта ня толькі нацыянальны сьцяг над вежай Гэдыміна і сьпеўныя сьвяты, але і адказнасьць, абавязак плаціць па рахунках самастойнасьці. Ізноў гаворыць Вацлаў Станкевіч.”

(Станкевіч: ) “Грамадзяне Беларусі павінныя зразумець, што ўсё каштуе: каштуе газ, каштуе мазут, каштуе цяпло ў іх дамох. Я цяпер на жаль нячаста, але бываю ў Беларусі, і бачу, што там людзі мяркуюць, што гэта ўсё мусіць быць задарма, што пра гэта мусіць клапаціцца ўрад і ніхто болей. Трэба ўсё лічыць і трэба эканоміць. У нас напачатку 1990-х гадоў людзі масава куплялі лічыльнікі цяпла. Потым, памятаю, пачалі мяняць вокны ў школах, у грамадзкіх установах, у кватэрах, каб эканоміць цяпло. І так, крок за крокам грамадзтва прызвычайваецца да таго, што ўсё каштуе, што ўсё трэба лічыць, і такім чынам пераходзіць да рынкавай эканомікі.”

(Дракахруст: ) “Калі літоўцы зьведвалі сапраўдны кошт самастойнасьці, ці не ўзьнікала ў іх спакуса скінуць зь плеч гэты цяжар, ці не ўзьнікалі сумневы – а ці выжывем мы?”

(Кубілюс: ) “Ну... мы выжылі. Тады, зразумела, сытуацыя эканамічная і сацыяльная людзей не задавальняла, яны былі ў эмацыйнай нудзе, бо ўсе чакалі, што абвяшчэньне незалежнасьці вельмі хутка прынясе эканамічны посьпех. Таму яны галасавалі супраць тых, хто быў ва ўладзе. Спачатку мы прайгралі выбары, потым праігралі тыя, хто прайшоў пасьля нас, мы вярнуліся. Сытуцыя не была лёгкай, але ня толькі з прычыны росту газавых цэнаў. Эканамічныя рэформы, лібэралізацыя ніколі ня могуць адбывацца гладка, не выклікаючы ў людзей непазьбежных праблемаў.”

(Дракахруст: ) “І ўсё ж – ці ўзьнікала ў Літве падчас газавага шоку адчуваньне ўласнай няздатнасьці, жаданьня вярнуцца ў часы, калі незалежнасьці зразумела не было, але быў танны газ?”

(Станкевіч: ) “Вельмі невялікая частка насельніцтва гаварыла, што за савецкім часам было лепей, усё было амаль задарма, усяго было дастаткова і ня трэба было лічыць і эканоміць. Але бальшыня разумела, што Літва ідзе ў кірунку незалежнасьці і трэба цярпець, трэба ўсё мяняць і прыстасоўвацца да рынкавай эканомікі. Што Літва пасьпяхова і зрабіла. Тое ж і ў Беларусі – калі грамадзтва падрыхтаванае ў палітычным сэнсе, што гэта незалежная краіна, ёсьць свая культура, ёсьць свая тэрыторыя, свае каштоўнасьці, то народ павінен быць гатовы да такіх выпрабаваньняў. На працягу многіх гадоў беларуская эканоміка вельмі моцна залежала ад Расеі. З аднаго боку для насельніцтва гэта было лягчэй, але ў палітычным сэнсе, мне здаецца, гэта не было вельмі добра. Бо насельніцтва і дагэтуль да канца не разумее, што такое незалежнасьць і што самім трэба рабіць усё магчымае, каб краіна ва ўсіх кірунках была незалежнай. У Беларусі гэтага разуменьня няма. Калі Беларусь павінная быць незалежнай, трэба падрыхтавацца да такіх справаў і парадкавацца самім, а не чакаць, што Расея падасьць на далоні.”

(Дракахруст: ) “Разам зь незалежнасьцю ў Ліву прайшла і дэмакратыя, прычым палітычная барацьба была даволі жорсткай. Наш суразмоўца – Андрус Кубілюс, кіраўнік партыі, якая сёньня знаходзіцца ў апазыцыі. Ён, мякка кажучы, не ідэалізуе сваіх палітычных апанэнтаў сацыял-дэмакратаў. А вось 12 гадоў таму, у цяжкія месяцы выпрабаваньняў, ці вылучалі нейкія палітычныя сілы Літвы прапановаў пайсьці насустрач Расеі, распачаць перамовы на гэты конт? Адказвае лідэр літоўскіх кансэрватараў.

(Кубілюс: ) “Зразумела, перамовы заўсёды ішлі, урад веў перамовы з Расеяй, з "Газпрамам", як атрымаць газ таньней, але ніколі не ўзнікалі нават прапановы, што давайце мы неяк прынізім нашую палітычную незалежнасьць і атрымаем таньнейшы газ з Расеі. Такога не было. Да гэтага не схіліліся ані мы, кансэрватары, ані нашыя палітычныя апанэнты, ніколі такога не было.”

(Дракахруст: ) “Няма аднолькавых нацыяў і не бывае аднолькавых абставінаў. Але калі параўноўваць сытуацыю ў Літве ў 1992 годзе і ў Беларусі ў 2004 годзе, можна знайсьці чыньнікі як спрыяльныя, гэтак і адмоўныя. Літве, паводле спадара Кубілюса ў самыя крытычныя моманты крызысу дапамагалі міжнародныя фінансавыя арганізацыі. Ці дачакаецца такой дапамогі Беларусь – пытаньне адкрытае. Але літоўская эканоміка 12 гадоў таму была фактычна кавалкам савецкай, цяперашняя беларуская эканоміка мае досьвед існаваньня ў рынкавых умовах, хай і надзвычай скрыўленых.

У літоўскай гаспадарцы была значна меншай доля прадпрыемстваў-гігантаў, кшталту беларускіх МТЗ і МАЗ’у, рынкі збыту якіх – пераважна на Ўсходзе. Але, як адзначыў спадар Кубілюс, нягледзячы на ўсе рэформы толькі ў 1998 годзе, праз 7 гадоў пасьля абвяшчэньня незалежнасьці літоўзскі экспарт на Захад перавысіў экспарт у Расею. Так што да ўсходняга рынку паўночны сусед Беларусі быў таксама прывязаны даволі моцна. З другога боку варта дадаць, што празь Беларусь ідзе значна больш, чым празь Літву, шляхоў транзыту расейскіх энэргарэсурсаў у Эўропу. Праўда, нават беларускія ўрадоўцы прызнаюць, што падвышэньнем кошту транзыту газавы шок не кампэнсуеш, але прастора для гандлю – больш шырэйшая, чым была ў Літвы.

Сьпіс гэтых “але” можна працягваць. Варта спыніцца на палітычных адрозьненьнях. Нагадаю, спадар Кубілюс распавядаў пра палітычныя вынікі рэформаў з філязофскім спакоем: “Спачатку мы прайгралі выбары, потым – нашыя апанэнты, мы вярнуліся”. Ад цяперашняга кіраўніка Беларусі такога філязофскага стаўленьня да пэрспэктывы страты ўлады, бадай, не дачакаесься. Але можна меркаваць пра адну з прычынаў спакою спадара Кубілюса – палітычныя апанэнты кансэрватараў не спабавалі ўжываць ва ўнутрыпалітычных баталіях расейскую карту, гэапалітычная арыентацыя Літвы на Эўропу не аспрэчвалася нікім.

Паводле Вацлава Станкевіча гэты кансэнсус эліты быў вынікам кансэнсусу ў грамадзтве. У адной са сваіх рэплікаў ён сказаў: “Калі Беларусь хоча быць незалежнай...” А хоча? Газавы шок у любым выпадку стане выпрабаваньнем. Як зрэагуе на яго беларускае грамадзтва? Як ва ўмовах рынкавых цэнаў на газ можа зьмяніцца стаўленьне да Расеі і да кіраўніцтва краіны? Пра гэта – у наступнай частцы сёньняшняй праграмы.”

(Дракахруст: ) “Рэакцыя беларускага грамадзтва на “газавую атаку”, на пагаршэньне з прычыны гэтага ўмоваў жыцьця можа быць рознай. Што тычыцца зьмены стаўленьня да Расеі, то яно ў дадзеным выпадку можа адбывацца ў двух супрацьлеглых кірунках. Адна рэакцыя :”Нас хочуць паставіць на калені, прымусіць скарыцца, мы не здадзімся”. Падмуркам такой пазыцыі можа стаць нацыянальная сьвядомасьць, як тое было ў Літве, гэтак і проста пачуцьцё годнасьці.

Але магчымая і іншая рэакцыя: маўляў, як адносіны пайшлі паводле сапраўдных рынкавых рахункаў, то і высьветлілася, што самастойна існаваць Беларусь ня здольная, і таму трэба хіліцца да Расеі, бо без яе прападзем. Гаворыць пісьменніца Сьвятлана Алексіевіч.

(Алексіевіч: ) “Я мяркую, што гэтая сытуацыя прымусіць людзей вельмі цьвяроза ацэньваць тое, што адбываецца зь імі і з краінаю. І тут сялянскасьць, патрыярхальнасьць нашага грамадства, мяркую, будзе галоўным чыньнікам. Селянін – прагматычны чалавек. Гэта Лукашэнка – рамантык улады, для яго ўлада важней за ўсё. І калі ён гаворыць, што мы будзем жыць у "нязломнай краіне", размова ідзе толькі пра ягоную ўладу, пра замахі на яе і пра пагрозу яе страціць.

За апошнія 10 гадоў нашыя людзі шмат перажылі, шмат пра што даведаліся, шмат што пачулі. І яны бачаць, што людзі ў Расеі жывуць лепш, што там нешта адбываецца, што ў Прыбалтыцы таксама нешта адбываецца, і яшчэ больш інтэнсыўна. Ясна, што Прыбалтыка ўваходзіць у эўрапэйскі сьвет. Нават ва Ўкраіне, нягледзячы на вельмі складаныя праблемы, не такое застылае, мёртвае возера, як у нас. І я мяркую, што людзі перастануць любіць цяперашнюю ўладу і пазбавяць яе псыхалягічнай падтрымцы. Калі нават гартаць газэты за апошнія поўгады – гэта адчуваецца, людзі прагаворваюцца. І, пэўна, ўмацуецца адчуваньне, што Польшча і Прыбалтыка – далёкія ад нас, далёкія сёньня, на тым этапе, калі страчана столькі часу, і яны адышлі гэтак далёка. Думаю, што шмат людзей схіліцца на бок Расеі. Я мяркую, што і Расея, калі ўжо ня будзе Лукашэнкі, будзе размаўляць зь Беларусяй больш на роўных. Сёньня яна гаворыць з Лукашэнкам, яна яшчэ не размаўляе з народам.”

(Дракахруст: ) “Сьвятлана Алексіевіч ўжо пачала казаць пра іншае вымярэньне народнай рэакцыі на магчымы газавы шок – пра стаўленьне людзей да ўлады. Тут таксама магчымыя два варыянты: першы – падзеньне даверу да ўлады, расчараваньне ў ёй. Прыгадаем, што менавіта так адбылося напачатку 1990-х гадоў у Літве, пра што распавядаў Андрус Кубілюс. Але магчыма і іншае – гуртаваньне людзей вакол кіраўніцтва, калі ўлада здолее прадставіць сябе, як выратавальніка, збаўцу, увасабленьне нацыянальнай годнасьці.

Варта прыгадаць, што у 1998 годзе, калі расейскі эканамічны крызыс балюча адбіўся на Беларусі, рэйтынг Лукашэнкі быў як ніколі высокім. Чаму б, здавалася? Сам жа Лукашэнка Беларусь з Расеяй інтэграваў, сам фактычна стварыў магчымасьць, што расейскія эканамічныя цяжкасьці распаўсюджваюцца на Беларусь. Але рэакцыя была адваротнай – бяда прыйшла, а кіраўнік дзейнічае хай нават і ня надта талкова, але рашуча. І рэйтынг – угару. Ця ня можа адбыцца гэта і пасьля падвышэньня газавых цэнаў?

(Алексіевіч : ) Я мяркую, што не. Па-першае, зьявілася псыхалягічная стома і ад асобы, і ад такога тыпу ўлады. Людзі адчуваюць, што апынуліся на выселках гісторыі, гэта ўжо ўсьведамляюць і ў весцы і ў горадзе.

Я думаю, што і намэнклятура стамілася ад таго прыніжэньня і страху, у якім жыве, і тая частка грамадзтва, якая ў будучыні можа стаць сярэдняй клясай. Гэтыя людзі пазбаўленыя справы, энэргіі, яны выкінутыя. Рэйтынг Лукашэнкі будзе падаць.

Параўнаньне з 1998 годам не зусім тут дарэчнае. Адна справа, калі ў вялікага суседа дрэнна, і мы разам зь ім апынуліся ў яме. І зусім іншае, калі ва ўсіх вакол нармальна, а наш раве-раве, ад яго ўжо ўсе адвярнуліся. Для такога тыпу моцных людзей улады самае небясьпечнае – быць сьмешным і нягеглым. І зараз менавіта такая сытуацыя. А гэтага селянін не даруе.

(Дракахруст: ) “Зусім іншы прагноз масавых паводзінаў дае палітоляг Уладзімер Падгол. Паводле яго беларуская дзяржаўная прапаганда ўжо цяпер стварае ў вачох насельніцтва вобраз ворага, які будзе вінаваты за будучыя эканамічныя цяжкасьці і беды.”

(Падгол: ) “Улады сыстэматычна рыхтаваліся да гэтай падзеі. Я лічу, што сёньня ўлада мае абсалютна ўсе мажлівасьці не дапусьціць рэзкага пагаршэньня жыцьця ў выніку рэзкага ўзвышэньня цэнаў на газ. Улада можа нават адмыслова пайсьці на абвастрэньне гэтай сытуацыі з Расеяй і адмыслова зрабіць горш для людзей, каб і грошыкі зь іх выцягнуць за камунальныя плацяжы. Ужо падрыхтаваная ідэалягічная база, што не расейцы нас рабуюць, ня Пуцін, а злобныя і крыважэрныя алігархі навастрылі свае пашчы, каб заглынуць беларусаў і іх нафтаперапрацоўчыя комплексы. Вораг № 1 ужо падрыхтаваны і яго сыстэматычна "лепяць" у дзяржаўных мэдыях, узнаўляючы яго некалькі разоў на тыдзень.

Другое – людзям амаль кожны дзень нагадваюць, што апазыцыянеры зьездзілі ў Маскву і папрасілі падвысіць кошты на газ.

Трэцяе – тэза пра ўсясьветныя цэны на газ і на транзыт – гэта галоўная тэза БНФ з 1994 году. Такім чынам, ворагі гатовыя. Лукашэнка кажа, што адмовіцца ад інтэграцыі з Расеяй – гэта для яго палітычная сьмерць. І ён будзе працягваць інтэгравацца, дэманстраваць, што ён гэтага хоча. Але паглядзіце, што твораць злобныя апазыцыянэра ў хаўрусе з алігархамі. Так што "абваліць" рэйтынг Лукашэнкі пры дапамозе газавых праблемаў абсалютна немагчыма.”

(Дракахруст: ) “На думку Ўладзімера Падгола беларуская ўлада пры дапамозе сацыяльных тэхналёгіяў можа скарыстаць газавы крызыс нават на свааю карысьць.”

(Падгол: ) “Абвалу рэйтынгу Лукашэнкі ня будзе. Прапаганда спрацуе так, што будзе ўтвораны шыкоўны вораг – расейскія алігархі і беларуская апазыцыя. І народ пойдзе за прэзыдэнтам і ягоны рэйтынг можа нават падвысіцца. Мы ж ня ведаем усе ягоныя рэсурсы. Ён можа людзей памарозіць тыдзень-другі.

Прыгадайце, як было зь нявыплатай заробкаў. Месяц-два не атрымліваць заробак – гэта амаль тое, што мерзнуць, бо кожны дзень дзеці плачуць і просяць есьці. І потым быў паказаны "спэктакль", калі зьнялі прэм’ера, калі Лукашэнка публічна высьцебаў і паздымаў гэтых кіраўнікоў. І народ задаволены. Ён адмыслова можа пайсьці на тое, каб памарозіць крышачку людзей, а потым паказаць, хто сапраўдныя ворагі, знайсьці і паздымаць чыноўнікаў-карупцыянэраў, якія пакралі грошай з-за газавых праблемаў. Проста неабмежаваныя магчымасьці гэтых сацыяльных тэхналёгіяў.”

(Дракахруст: ) “Летась, калі Ўладзімер Пуцін прапанаваў Беларусі стаць часткаю РФ, адказам усёй беларускай палітычнай эліты было адзінадушнае “не”. Ці можа газавы крызыс прывесьці да кансалідацыі беларускага грамадства, згуртаваць яго вакол ідэі незалежнасьці, як тое было з літоўцамі напачатку 90-х гадоў?”

(Алексіевіч : ) “Для гэтага фэномэну, якога ўсе сьвядомыя беларусы вельмі б чакалі і вельмі хацелі, але яны на жаль мала вырошчвалі яго за гэты час, паколькі гэта быў сэктанцкі, вузкі рух, для гэта фэномэну няма народу. Няма людзей, якія б гэтак зрэагавалі. Зараз маса народу аб'яднаная толькі агульнай памяцьцю і агульным страхам перад будучыняй. У сьвядомасьці нашых людзей ёсьць адчуваньне, што Расея – гэта "старэйшы брат". Колькі я ездзіла па Беларусі і размаўляла з людзьмі, ніхто мне не казаў, што мы можам жыць самі. Я нават правакавала гэтыя размовы, я хацела зразумець, чаму самастойна хоча жыць інтэлігэнцыя, моладзь, якая прытрымліваецца нацыянальных поглядаў. А чаму астатнія проста хочуць жыць добра? Я баюся, што ў нас няма нацыянальнай сьвядомасьці, і перавагу атрымаюць эканамічныя інтарэсы.

І я ня думаю, што гэта скончыцца вялікай крыўдай на Расею. Бо ўсё роўна ўсё факусуецца на Лукашэнцы, ён бярэ на сябе той удар, які магчыма было накіраваць на Расею. Ён будзе вінаватым ва ўсім гэтым. А людзі, якія проста хочуць жыць добра і ня маюць выразных нацыянальных інтарэсаў, будуць шукаць менавіта вінаватага. І вінаватым стане ён, праз год-два, гэта ўжо відавочна.”

(Дракахруст: ) “На пытаньне, як у выніку газавых праблемаў можа зьмяніцца стаўленьне беларусаў да Расеі, Уладзімер Падгол адказвае пытаньнем: да якой Расеі?”

(Падгол: ) “Расея не выглядае аднароднай. Для нашых грамадзянаў Расея падзяляецца на просты народ, зь якім трэба сябраваць і імкнуцца абстрактна зь ім аб'ядноўвацца праз канстытуцыйны акт, існуюць алігархі, якія хочуць хапаць-хапаць-хапаць, і існуе бюракратыя, якая хоча ствараць сабе месцы ва ўсялякіх інтэграцыйных надбудовах. І гэты падзел беларускія дзяржаўныя мэдыі ўвесь час дакладна акцэнтуюць.

У афіцыйных мэдыях зараз таксама вельмі выразна азначаецца дыстанцыя паміж прэзыдэнтам і ўрадам. Яны здолелі гэта раздзяліць. Калі раней Лукашэнка быў усяўладным і за ўсё адказваў, то зараз ён дыстанцыяваўся ад ураду гэтак жа, як Квасьнеўскі ў Польшчы. І гэтае дыстанцыяваньне дазваляе маніпуляваць сьвядомасьцю.”

(Дракахруст: ) “І напрыканцы – меркаваньне культуроляга Валянціна Акудовіча.”

(Акудовіч: ) “Лукашэнку патрэбны трэці прэзыдэнцкі тэрмін. І ён яго возьме, незалежна ад таго, ці падтрымае гэты праект Расея. Але калі падтрымае, гэта будзе адносна стабільны варыянт улады насупраціў Захаду. А вось калі не падтрымае, то не Захад, а Расея зробіцца асноўным фактарам нестабільнасьці і небясьпекі для гэтай улады. Бо Беларусь ад Расеі залежыць больш, чым ад усяго астатняга сьвету разам.

У такім выпадку Лукашэнку трэба будзе мінімізаваць уплыў калі ня ўсёй Расеі, то хаця б Крамля. І яму нічога не застанецца, як выпусьціць з бутэлькі антыкрамлёўскага джына. Адзін раз, пасьля знакамітых пуцінскіх "мух з катлетамі", ён прыадкаркаваў на хвілінку гэтую буьэльку з джынам, чым вусьмерць напалохаў маскоўскія палітычныя эліты. Але яны на гэта хутка забылі. І я ня ведаю, як ім давядзецца пералякацца, калі Лукашэнка выпусьціць гэтага джына вольна гойсаць па Беларусі з дня ў дзень.

Вулей антырасейскіх, а асабліва антымаскоўскіх настрояў варта толькі разварушыць. Беларусы яшчэ самі ня ведаюць, як яны ня любяць свайго "старэйшага брата". Але ў стане палітычнай ізаляцыі Лукашэнка абавязкова раскажа пра гэта беларусам. Магчыма, гэта як раз і здарыцца халоднай зімою 2004 году, бо далей, здаецца, адкладаць ня будзе куды – на носе рэфэрэндум пра трэці прэзыдэнцкі тэрмін. А тут Расея праз сваю "газавую атаку" дае канкрэтна, на сваёй скуры зразумець кожнаму беларусу, які ў іх нягеглы бацька – нават дроваў на зіму не назапасіў.

Іншае рэч – ці хопіць сілаў у антыкрамлёўскага джыну, каб на нянавісьці да Расеі змацаваць агульнанародную любоў да Аляксандра Рыгоравіча? Бо магчымы і іншы варыянт: нелюбоў да Расеі сама па сабе, а нелюбоў да прэзыдэнта – сама па сабе. Прычым Расея прыкладзе ўсе намаганьні, каб беларусы забыліся пра сваю любоў да прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG