ВАШЫНГТОН. Амэрыканскі міністар абароны Дональд Рамсфэльд сёньня будзе даваць паказаньні перад палатамі Кангрэсу ЗША ў сувязі з выпадкамі зьдзекаваньня амэрыканскіх вайскоўцаў з ірацкіх зьняволеных. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш адкінуў заклікі прадстаўнікоў дэмакратычнай партыі ў Кангрэсе ЗША накіраваць у адстаўку кіраўніка Пэнтагону.
(Буш) "Рамсфэльд – сапраўды добры міністар абароны. Рамсфэльд добра служыць нашай нацыі. Рамсфэльд быў кіраўніком міністэрства абароны падчас двух войнаў, і ён - важная частка майго кабінэту, і ён застанецца ў складзе майго кабінэту."
Джордж Буш зрабіў гэтую заяву пасьля перамоваў у Белым Доме з каралём Ярданіі Абдулой. Прэзыдэнт ЗША сказаў каралю, што ён шкадуе аб абразах, якія былі нанесеныя ірацкім зьняволеным і іх сем’ям. Газэта "The Washington Post" апублікавала новыя здымкі са сьведчаньнямі зьдзекаў з ірацкіх палонных з боку салдат ЗША.
Прадстаўнікі Міжнароднага камітэту Чырвонага крыжа паведамілі, што яны неаднаразова заклікалі Злучаныя Штаты спыніць зьдзекі з вязьняў у Іраку -- да таго, як пра гэтыя факты стала вядома прэсе і шырокай публіцы.