Прэзыдэнт Лібіі Муамар Кадафі сёньня пачне свой двухдзённы візыт у сталіцу Бэльгіі з мэтай перамоваў з кіраўніцтвам Эўразьвязу.
Гэта будзе першая паездка Кадафі ў Эўропу за 15 гадоў.
Паляпшэньне адносінаў Кадафі з Захадам пачалося пасьля ягонай адмовы ў мінулым сьнежні ад праграмаў стварэньня зброі масавага зьнішчэньня і ўрэгуляваньня праблемы фінансавых выплат родным ахвяраў Локербі.
Эўразьвяз нядаўна адзначыў істотны прагрэс у Лібіі.
Цяпер Кадафі абмяркуе шляхі далейшага паляпшэньня адносінаў з Эўразьвязам.
Напярэдадні візыту міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty
International заявіла, што нягледзячы на пэўны прагрэс у Лібіі працягваюць утрымліваць у турмах, катаваць і караць сьмерцю палітычных вязьняў.
У краіне пануе клімат страху і парушэньняў правоў чалавека, зазначае ў сваёй справаздачы праваабарончая арганізацыя Amnesty International.