Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 18:17 ]  34 чалавекі сталі ахвярамі тэрактаў у Багдадзе


БАГДАД. У цэнтры Багдаду сёньня адбылося некалькі магутных выбухаў, у выніку якіх загінулі няменей, як 34 чалавекі, 224 – параненыя. Паводле шэфа ірацкай паліцыі Ахмада Ібрагіма, 26 загіблых – жыхары Багдаду, 8 – паліцыянты. Цывільнае насельніцтва складае і пераважная бальшыня параненых. Ля прадстаўніцтва Міжнароднага Чырвонага Крыжу тэрарыст-сьямротнік падарваў аўтамабіль “хуткай дапамогі”. Загінулі дзесяць іракцаў, гэтулькі ж – былі параненыя.Міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Джэк Стро заявіў: Я хачу выказаць сваё абурэньне ў зьвязку з апошняй сэрыяй тэрактаў у Багдадзе і тым фактам, што мішэняй тэрарыстаў сталі гэтым разам не жаўнеры, а супрацоўнікі Міжнароднага Чырвонага Крыжу, якія выконваюць высакародную гуманітарную місію. Гэты факт адлюстроўвае ўсю глыбіню амаральнасьці тых, хто ажыцьцявіў цяперашнія тэракты. Заявіў міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Джэк Стро. Аўтамабілі былі падарваныя і ў іншых раёнах гораду. Чатыры – побач з паліцэйскімі пастарункамі. Загінулі паліцыянты, цывільныя жыхары, амэрыканскі вайсковец. Сярод параненых – дзесяць амэрыканскіх жаўнераў. Тым часам, інфармацыйныя агенцтвы пашырылі заяву прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша з нагоды сёньняшніх тэрактаў у Багдадзе. Амэрыканскі прэзыдэнт сказаў, што ЗША застануцца ў Іраку, нягледзячы на ўсплеск гвалту, бо Ірак болей ніколі не павінен стаць прытулкам для тыранаў і пагрозай міру. Тэракты ў сталіцы Іраку асудзілі лідэры ўсясьветнай супольнасьці, ААН і Эўразьвяз.
XS
SM
MD
LG