Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 05:49 ]  Прэм'ер Ізраілю наведвае ЗША


ВАШЫНГТОН. Прэм’ер-міністар Ізраілю Арыель Шарон сёньня прыбудзе ў Вашынгтон, дзе яго чакаюць перамовы з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам. Два лідэры маюць абмеркаваць гэтак званую дарожную мапу – плян мірнага разьвязаньня палестына-ізраільскага канфлікту. Адзін з афіцыйных прадстаўнікоў Ізраілю, які пажадаў захаваць ананімнасьць, паведаміў, што ізраільскія ўлады плянуюць днямі вызваліць 540 палестынскіх вязьняў. 210 зь іх – прадстаўнікі ісьлямскіх груповак, іншыя 210 – чальцы групоўкі Фатах на чале зь Ясірам Арафатам, а яшчэ 120 асуджаныя паводле абвінавачваньняў у крымінальных злачынствах. Лідэр палестынскай ваяўнічай групоўкі Хамас Абдэль Азыз Аль-Рантысі ўжо назваў гэты крок недастатковым. Ён заявіў, што Ізраіль мусіць вызваліць ўсіх зьняволеных палестынцаў ды арабаў. Лічыцца, што такіх зьняволеных каля 6 тысяч. (Аль-Рантысі: ) “Гэта ня ёсьць сур’ёзным крокам з боку ізраільцаў. Яны проста спрабуюць манэўраваць. Мы падкрэсьліваем – калі яны ня вызваляць усіх зьняволеных палестынцаў і арабаў, яны тым самым парушаць умовы для прыпыненьня апэрыцыяў Хамасу. Яны будуць несьці адказнасьць за вынікі”. Вызваленьне вязьняў было адным з галоўных патрабаваньняў ваяўнічых палестынскіх груповак, якія ў мінулым месяцы абвесьцілі трохмесячнае перамір’е з Ізраілем.
XS
SM
MD
LG