Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 16:51 ]  НАВІНЫ ЎСХОДНЯЕ ЭЎРОПЫ 11 cтудзеня.


НАВІНЫ ЎСХОДНЯЕ ЭЎРОПЫ. (Субота, 11 студзеня). ВІЛЬНЯ. Новы прэзыдэнт Літвы Раландас Паксас, абраны 5 студзеня, наважаны падтрымліваць добрасуседзкія стасункі з Расеяй. Пра гэта Паксас заявіў у апублікаваным сёньня інтэрвію віленскай газэце “Рэспубліка”. Паксас выказаў шкадаваньне, што “некаторыя літоўскія палітыкі, як і ў старыя часы, палохаюць насельніцтва Літвы Масквой, не жадаючы зразумець, што Расея, яе дачыненьні са сьветам мяняюцца”. Паводле Паксаса, Расея ёсьць партнэрам Эўразьвязу й НАТО, і адначасова “важным прыярытэтам замежнае палітыкі Літвы”. Новы прэзыдэнт Літвы падкрэсьліў, што “пасьля выбараў гатовы дзейнічаць дзеля большага збліжэньня Расеі з Эўразьвязам і НАТО”. РЫГА. У Латвіі сёньня пачалія Дні расейскае адукацыі й культуры, які япрацягнуцца два тыдні. У Рызе большасьць сярэдніх школ зараз вядуць навучаньне па-расейску. Паводле закону аб адукацыі Латвіі, ўва ўсіх сярэдніх школах з 9 па 12 кляс з 2004 году распачынаецца нвучаньне на латыскай мове. РЫГА. Прэзыдэнт Латвіі Вайра Віке-Фрэйбэрга разам з мужам Імантсам Фрэйбэргсам правялі ў пятніцу ў Рыскім замку прём для акрэдытваных у Латвіі дыпляматаў. У сваім звароце да гасьцей прэзыдэнт Латвіі адзначыла, што 2003 год будзе вельмі важным для Латвіі, найперш таму, што 20 верасьня яе грамадзяне будуць галасаваць на рэфэрэндуме наконт далучэньня краіны да Эўразьвязу. Вайра Віке-Фрэйбэрга нагадала таксама, што сёлета ў траўні ў Рызе пройдзе конкурс песьні Эўрабачаньня, а ў ліпені – легендарнае сьвята песьні Латвіі. “Дзякуючы песьні латышы захвалі сваю нацыянальную ідэнтычнасьць цягам стагодзьдзяў акупацыі замежнікамі, дзякуючы песьні Латвія вярнула незалежнасьць падчас апетай рэвалюцыі прыканцы 80-х гадоў”, -- заявіла прэзыдэнт Латвіі. КІЕЎ. У зьвязку з кепскім надвор’ем часова закрытыя аэрапорты гарадоў Вініца, Жытомір, Запарожжа, Кіраваград, Крывы Рог, Мікалаеў, Палтава, Сумы, Хмяльніцкі, Хэрсон. Пра гэта сёньня паведаміла міністэрства надзвычайных становішчаў Украіны. Учора ў выніку таго, што мокры сьнег наліп на лініі электраперадачы, без электрычнасьці засталіся 63 населеныя пункты Адэскае, Мікалаеўскае ды Харкаўскае абласьцей. ПРАГА. Напружаная сытуацыя вакол Іраку ды афіцыйны зварот ЗША да Чэхіі з прапановай накіраваць сваіх вайскоўцаў для ўдзелу ў мажлівай ваеннай апэрацыі выклікалі трывогу чэскай грамадзкасьці. Паводле зьвестак апошняга дасьледваньня Цэнтру вывучэньня грамадзкае думкі Чэхіі, 58 адсоткаў апытаных на пытаньне, “ці згодныя вы з мажлівым ваенным ударам супраць Іраку” адказалі “не”. Ваенную акцыю падрытамлі толькі 28 адсоткаў рэспандэнтаў. За ўдзел чэскіх вайскоўцаў у антыірацкай апэрацыі выказаліся толькі 10 адсоткаў апытаных. БУХАРЭСТ. Румынскія журналісты й прыхільнікі свабоды слова сёньня асудзілі праект закону, які б зрабіў абразу Румыніі ў друкаваным выглядзе крымінальным злачынствам, якое караецца зьняволеньнем. Прадстаўлены ўчора законапраект кажа, што апублкаваньне ці трансьляцыя матэрыялаў, якія будуць прызнаныя абражальнымі для румынскай нацыі, павінна карацца турмой на тэрмін ад 2 да 5 гадоў. Гэты закон мог бы прымяняцца да ілжывых ці наб’ектыўных навінаў за мяжой, якія шкодзяць інтарэсам й гонару нацыі. Апазыцыйныя партыі выступілі супраць гэтай прапановы, заявіўшы, што закон дазволіць накіроўваць любога палітычнага крытыка ў турму.
XS
SM
MD
LG