Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 01:53 ]  Шарон заявіў, што армія будзе працягваць наступ, пакуль ня зьнішчыць палестынскіх баевікоў


ЕРУСАЛІМ. Ізраільскі прэм’ер-міністар Арыэль Шарон заявіў, што армія будзе працягваць свой наступ да таго часу, пакуль ня скончыць сваю місію зьнішчэньня палестынскіх баевікоў. Заява Шарона была зробленая ў парлямэнце пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заклікаў Ізраіль неадкладна вывесьці войскі з палестынскіх тэрыторыяў. Шарон абвінаваціў лідэра палестынцаў Ясіра Арафата ў гвалце. Ён сказаў, што “Арафат усталяваў на тэрыторыях пад сваім кантролем рэжым тэрору, які арганізавана й афіцыйна навучае тэрарыстаў, фінансуе, забясьпечвае ды ўзбройвае іх, а потым накіроўвае іх на апэрацыі забойства ва ўсім Ізраілі”. Шарон таксама сказаў, што ён жадае сустрэцца з “памяркоўнымі й адказнымі” арабскімі лідэрамі дзеля мірных перамоваў, аднак не патлумачыў, якіх менавіта арабскіх лідэраў ён лічыць памяркоўнымі або адказнымі. Прадстаўнік палестынцаў на перамовах Саэб Эракат сказаў, што прамова Шарона засьведчыла канец мірнага працэсу паміж Ізраілем і палестынцамі. Палестынскае кіраўніцтва абнародавала ў Паласе Газа заяву, дзе зазначыла, што палестынцы наважаныя супраціўляцца Шаронавай злачыннай вайне. Як паведамляецца, сёньня баі адбываліся ў бэтлеемскай царкве Нараджэньня Хрыстовага, а таксама ў горадзе Наблус і лягеры для ўцекачоў у Джэніне. У Лібане баевікі “Хізбалы” атакавалі ізраільскія пазыцыі на спрэчных тэрыторыях, справакаваўшы авіяўдары Ізраілю каля лібанскай мяжы.
XS
SM
MD
LG