Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 18:15 ]  Ваенныя і дыпляматычныя намаганьні ў мэтах ізаляцыі Афганістану і падрыхтоўкі да магчымых ваенных дзеяньняў супраць тэрарызму працягваюцца


ПРАГА. Ваенныя і дыпляматычныя намаганьні ў мэтах ізаляцыі Афганістану і падрыхтоўкі да магчымых ваенных дзеяньняў Злучаных Штатаў супраць тэрарызму набіраюць хуткасьць: – сёньня прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэр закончыў сваю паездку ў Расею, Пакістан і Індыю, у часе якой ён заяўляў, што Талібан абавязаны зачыніць тэрарыстычныя лягеры на сваёй тэрыторыі. Іначай ён сам ператворыцца ў ворага. У часе перамоваў з прэм’ер-міністрам Індыі Аталом Бехры Ваджпаі, якія прайшлі ў Дэлі, Блэр паўтарыў, што Афганістан патрабуе ўстойлівага ўраду з шырокім прадстаўніцтвам ад усіх этнічных групаў. Ваджпаі сказаў, што Індыя будзе ў поўным аб’ёме супрацоўнічаць з антытэрарыстычнай кааліцыяй. – адна тысяча вайскоўцаў Злучаных Штатаў накіроўваецца ва Ўзбэкістан Прэзыдэнт Узбэкістану Іслям Карымаў заявіў пра дазвол войску ЗША ўжываць паветраную прастору краіны і адну авіябазу, але толькі для гуманітарных ці выратавальных апэрацыяў. Тым часам Грузія заявіла пра поўнае супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі. – сёньня кіраўніцтва афганскага руху Талібан прапанавала вызваліць восем замежных грамадзянаў, абвінавачаных у прапагандзе хрысьціянства, калі Злучаныя Штаты спыняць ваенныя пагрозы супраць краіны. ЗША адмовіліся весьці перамовы адносна выдачы талібамі Ўсамы бін Ладэна, які жыве ў Афганістане і якога Злучаныя Штаты абвінавачваюць у тэрактах 11 верасьня. – сёньня ж Талібан абвесьціў, што неўзабаве будзе вызваленая брытанская журналістка, затрыманая тыдзень таму за незаконнае знаходжаньне ў краіне. – сёньня супрацьпаветраная абарона Талібаў безвынікова абстраляла невядомы самалёт над Кабулам. Паводле прадстаўнікоў Талібану самалёт належыць ЗША.
XS
SM
MD
LG