КЭМП-ДЭЙВІД, ЗША. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш сёньня абмяркоўвае са сваімі дарадцамі ў справах бясьпекі плян дзеяньняў ў адказ на тэрарыстычныя напады на ЗША 11 верасьня.
Прэзыдэнт заявіў, што Амэрыка плянуе шырокую кампанію па абароне краіны ад тэрарыстычных нападаў.
Тыя, хто разьвязвае вайну супраць ЗША, -- сказаў Джордж Буш, зьвяртаючыся па радыё да суайчыньнікаў, -- выбіраюць шлях да ўласнай пагібелі. Прэзыдэнт падкрэсьліў, што ў імкненьні зьнішчыць тэрарызам яго падтрымліваюць ўсе амэрыканцы, незалежна ад веравызнаньня і паходжаньня.
Паводле Буша, перамога можа быць дасягнутая толькі ў выніку сэрыі акцыяў супраць тэрарыстычных арганізацыяў і тых краінаў, якія даюць ім укрыцьце і іх падтрымліваюць.
Прэзыдэнт зноў назваў тэрарыста Асаму бін Ладэна як найбольш верагоднага арганізатара тэрарыстычнага нападу на ЗША мінулым аўторкам.
Каля пяці тысячаў чалавек лічуцца зьніклымі бязь зьвесткаў у выніку гэтага нападу.