Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСПАЧАЛІ ВЫДАНЬНЕ 23-ТОМНАГА ЗБОРУ ТВОРАЎ НІЛА ГІЛЕВІЧА


Валянціна Аксак, Менск

Прэзэнтаваўся першы том выданьня, аналягаў якому ня ведае гісторыя айчыннае літаратуры. Дастаткова сказаць, што незадоўга да гэтага было завершанае 9-томнае акадэмічнае выданьне поўнага збору твораў Янкі Купалы. Аднак сам аўтар 23-томніка казаў, што прэзэнтуецца ня поўны збор ягоных твораў, а толькі выбраныя ягоныя рэчы. У прыватнасьці, уласна паэзія займае два тамы, хоць магло яе быць чатыры.

Першы том, які ўжо могуць набыць шматлікія прыхільнікі паэзіі Ніла Гілевіча, уключае выбраныя вершы, напісаныя ад пачатку літаратурнае творчасьці ў 1946 годзе і да 1990 году. У другім будуць вершы апошніх 15 гадоў. Трэці том — раман у вершах “Родныя дзеці”. Чацьверты — сатырычныя і гумарыстычныя апавяданьні і паэмы ўлучна са знакамітым Ведзьмаком Лысагорскім і “Сказам пра Лысую гару”. Далей — творы для дзяцей, пераклады паэзіі зь іншых, найперш з баўгарскае, моваў. Некалькі тамоў публіцыстыкі, драматургія, проза, літаратуразнаўства і аўтарскі дзёньнік.

Восем, а можа і болей тамоў засталося па-за плянамі гэтага выданьня, якое, дарэчы зьдзяйсьняе выдавецтва “Кніга”. Так сказаў аўтар, які вельмі шмат і па-майстэрску чытаў свае вершы на вечарыне, за што атрымаў шчырыя воплескі слухачоў і словы іхнага захапленьня. А вось што сказаў з нагоды выданьня 23-томніка Ніла Гілевіча яго маладзейшы калега вядомы лірык Леанід Дранько-Майсюк:

(Дранько-Майсюк: ) “Ёсьць паняцьце “творчая дысцыпліна”. Калі я думаю пра гэтае паняцьце, то заўсёды згадваю Ніла Гілевіча. І пэўна ж невыпадкова гэта раблю, бо ў сучаснай беларускай літаратуры, мусіць, ніхто так рацыянальна не разьмяркоўвае сваіх творчых сілаў, як гэта робіць Гілевіч. Дык вось Ніл Гілевіч па-гаспадарску валодае майстэрствам творчай дысцыпліны. Ён умее працаваць, ён умее паэтызаваць сваю злосьць, а сваю незадаволенасьць узводзіць у эстэтычную катэгорыю. Ягоны стыль — гэта мадэрнізацыя традыцыяў Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча і Канстанціна Вераніцына, аўтара “Тараса на Парнасе”.

Ніла Гілевіча любяць. Летась на сьвяце беларускага пісьменства ў Полацку да аўтара раману “Родныя дзеці” сотні людзей сталі ў чаргу па аўтографы. Было прыемна на гэта глядзець і адчуваць, што ў народзе жыве павага да сваіх лепшых пісьменьнікаў. Ёсьць мудрасьць, якая вучыць: калі гаворыш пра пісьменьніка, то не кажы пра ягоны характар. Пра характар жа Ніла Гілевіча немагчыма не гаварыць, бо ён стаўся асноўным чыньнікам ягонай шматтомнай творчасьці. Усё, што напісаў Ніл Сымонавіч Гілевіч — гэта люстэрка яго самога”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG