26 красавіка спаўняецца 75 гадоў выбітнаму навукоўцу Юрыю Туронку. Беларускую гістарычную навуку ў Польшчы, Беларусі але таксама і ва ўсім сьвеце немагчыма цяпер немагчыма ўявіць без асобы спадара Туронка.
“Ягоныя шматлікія фундамэнтальныя працы, а таксама навуковыя артыкулы па найноўшай гісторыі Беларусі распавядаюць праўду пра тое, якія мы – беларусы, ёсьць у сапраўднасьці і пра мейсца, у якім мы жывем. “Ніва” шчыра віншуе юбіляра ды жадае яму плённай працы на карысьць сусьветнай навукі”, – гаворыцца ў артыкуле, прысьвечаным юбіляру.
Цікавыя словы гаворыць “Ніве” сам Туронак, калі адказвае на пытаньне пра стан беларускай мовы.
(Туронак: ) “Я ня веру, што без сваёй мовы народ можа пабудаваць уласную дзяржаўнасьць. Калі зьнікае мова, то праз 25 гадоў можна чакаць самага горшага. Давайце глянем на Беласточчыну – у некаторых мейсцах беларускасьць яшчэ захоўваецца. Яшчэ сто гадоў таму, прыкладам, з Сакольшчыны выходзілі дзясяткі беларускіх каталіцкіх ксяндзоў і беларускіх палітычных дзеячаў, але цяпер там усё беларускае ўжо спалянізаванае. Калі нічога ня зьменіцца, то яшчэ адно-два пакаленьні, ну можа крыху даўжэй, і беларускасьць зьнікне – сумная праўда, але яе трэба гаварыць”, – гэтак сказаў “Ніве” Юры Туронак.
Яшчэ адзін гісторык, беларускі дзеяч і сталы аўтар “Нівы” Яўген Мірановіч у матэрыяле “Змаганьне за Беласточчыну” распавядае пра пасьляваенную палітыку польскіх уладаў на Беласточчыне.
(Мірановіч: ) “Адпаведныя ўрадавыя органы мелі канцэпцыю стварэньня каля мяжы зоны польскага асадніцтва. Таму, калі нехта зь беларусаў пакідаў сваю вёску, туды адразу накіроўвалі перасяленцаў-палякаў зь Віленшчыны ці Беларусі”.
Трохі больш чым праз тыдзень Польшча далучыцца да Эўрапейскага Зьвязу. У сувязі з гэтым “Ніва” робіць апытаньне ў шэрагу беластоцкіх крамаў і кірмашоў. Амаль усе рэспандэнты – і грамадзяне Польшчы, і беларускія чаўнакі – ўпэўненыя, што пасьля 1 траўня большасьць тавараў падаражэе.