Сваё рашэньне судзьдзя Ларыса Назаранка агучвала сёньня цягам усяго працоўнага дня. Паводле ейнага выраку найбольш сур’ёзныя абвінавачваньні супраць мытнікаў – за арганізацыю злачыннай групоўкі, злоўжываньне службовым становішчам і нанесеную дзяржаве шкоду – альбо не былі даказаныя альбо не адпавядалі сапраўднасьці.
З абвешчанага выраку вынікае, што ўсе мытнікі, акрамя Васіля Жэшкі, мусяць быць вызваленыя з-пад варты. Судзьдзя вынесла пакараньне мытнікам (ад аднаго да двух гадоў пазбаўленьня волі) толькі паводле артыкулу 425-га Крымінальнага кодэксу – за бязьдзейнасьць службовай асобы. Аднак калі ўлічыць, што ў чаканьні суда мытнікі больш за год правялі ў сьледчым ізалятары, а таксама прыменены да іх закон аб амністыі, сёньня яны апынуліся на волі.
Што да спадара Жэшкі, дык раней ён быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі паводле іншай крымінальнай справы. Мытнік пагражаў расправай менскай прадпрымальніцы, якая не вярнула яму пазыку памерам 20 тысячаў даляраў.
Вынесенае судовае рашэньне расчаравала прадстаўнікоў абласной пракуратуры, якая патрабавала пакараць згаданых мытнікаў тэрмінам ад двух да шасьці гадоў пазбаўленьня волі. Паводле сьледзтва, берасьцейскія мытнікі неаднаразова пакідалі без афармленьня і спагнаньня мытных пошлінаў груз, што перавозіўся з Польшчы ў Расею, у выніку чаго беларускай дзяржаве былі нанесеныя страты на мільёны даляраў. Аднак супрацоўнікі пракуратуры заявілі, што гэтая ўстанова будзе аспрэчваць судовы вырак.
Суд таксама забавязаў кіраўнікоў Берасьцейскай мытні адмяніць сваё рашэньне пра звальненьне мытнікаў, што праходзілі паводле гэтай справы.
Дарэчы, вырак суду быў абвешчаны ў той самы дзень, калі ў Берасьці ладзіліся ўрачыстасьці з нагоды адкрыцьця пасьля рэканструкцыі самага буйнога на беларуска-польскай мяжы пункту мытнага дагляду “Варшаўскі мост”. Удзел у гэтым мерапрыемстве бралі польскія і расейскія дыпляматы, кіраўнікі мытных і памежных службаў суседніх краінаў.