Пры гэтым каніна выдавалася за ялавічыну. Пасьля суду на гандлёвых кірмашах краіны быў узмоцнены вэтэрынарны кантроль. Аднак сытуацыя, як кажуць, папросту адышла ў цень.
У жыхара вёскі Вязынка Маладэчанскага раёну Анатоля Дваржэцкага днямі адбылося няшчасьце — бамжаватыя суседзі скралі нядаўна падоранага яму каня. Распавядае спадар Дваржэцкі:
(Дваржэцкі: ) “Выпусьціў каня на двор. Крыху адхіліўся карове нарыхтаваць корму — выходжу: толькі сьлядкі. Брама адчыненая, і каня няма. Я пайшоў па сьледу. Дайшоў да дому, там тыя “шурыкі” патлумачылі: калі ты скажаш, мяне з голаду ўмораць, а другога заб’юць…”
У той жа Вязынцы такі выпадак не адзіны. Каніна значна таньнейшая за ялавічыну. Да таго ж мяса жывёлаў, бадай, немагчыма адрозьніць. Гэта мне ўжо патлумачыў загадчык вэтэрынарнай лябараторыі кірмашу ў Ждановічах Іван Антанюк:
(Антанюк: ) “Можна адрозьніць паводле тлушчу ды шкілету. Калі рабро ялавічыны роўнае, як шчэпа, дык у каніны авальнае, як палец. А калі тушка разабраная і касьцай няма, адрозьніць немагчыма нават спэцыялісту. Да таго ж у каніны няма паху. Пражаніна зь ёй не дае пенаўтварэньня, спэцыфічных пахаў”.
На тушцы любой жывёлы мясцовы вэтэрынар абавязкова ставіць штамп “папярэдні агляд” ды выпісвае адпаведнае сьведчаньне, безь якога немагчымая рэалізацыя мяса на рынку. Там, перад прылаўкам, яшчэ адна санвэтэкспэртыза. Так што легальныя крыніцы “левага” збыту каніны сёньня перакрытыя. Аднак існуюць нелегальныя, прызнае спадар Антанюк:
(Антанюк: ) “Іншая рэч, могуць сплаўляць яе на пераапрацоўку на кілбасныя вырабы. А ў нас у адным Менскім раёне да 15 пунктаў перапрацоўкі. Халера яго ведае, але чыста гіпатэтычна можна вымысьліць усё, што заўгодна”.
У гарадзкім парку нямецкага гораду Захсэнхаўзэн усталяваны помнік каню, які ўратаваў жыцьцё консулу фон Бэтману ў змаганьні з войскам Напалеона Банапарта. Сьмела можна цьвердзіць, што наведнікі, а асабліва наведніцы таго ж кірмашу ў Ждановічах пасьля пачутага ня ўславяць конскую пароду. Тым больш, калі ўлічыць, што ў прыватных гаспадарках Беларусі каля ста тысяч кабылак — поле для злачыннасьці вялізнае.