Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТРЫМА ГАДАМІ ТУРМЫ ПРАПАНАВАЎ ПАКАРАЦЬ ПРАДСТАЎНІК ПРАКУРАТУРЫ КІРАЎНІКА ФІРМЫ “ВІТАЛЮР”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Былая кіраўніца справаў прэзыдэнта Галіна Жураўкова цяпер за кратамі. Яе справа яшчэ не дайшла да суду, але імя ўжо гучыць на іншым працэсе. 26 сакавіка пра Жураўкову згадвалі на судзе па справе фірмы “Віталюр”. Яшчэ два гады таму гэтая фірма была найбуйнейшым пастаўшчыком у Беларусь замарожаных рыбапрадуктаў, але нечакана саступіла свае пазыцыі структурам, якія кантралявала Галіна Жураўкова.

Кіраўнік “Віталюру” Аляксандар Яцук заявіў на судзе, што гэтая зьмена адбылася празь незаконныя мэтады. Нібыта спачатку “Віталюр” абклалі праверкамі, а калі камэрсанты не саступілі, была сфальшаваная крымінальная справа паводле артыкулу аб няўплаце падаткаў.

Што да праверак, то, як прагучала на судзе, сапраўды, “Віталюр” толькі за адзін год правяралі трыццаць пяць разоў. А заведзеная крымінальная справа прывяла да арышту дырэктара фірмы Аляксандра Яцука, віна якога, паводле адвакатаў, не была даказаная. Яцук правёў у сьледчым ізалятары ўжо паўгоду. За кратамі ён даведаўся пра тое, што была арыштаваная Галіна Жураўкова, пасьля гэтага Яцук і агучыў вэрсію, паводле якой ціск на яго нібыта арганізавала былая кіраўніца справаў прэзыдэнта.

Сёньня прадстаўнік пракуратуры з гэтай вэрсіяй не пагадзіўся. Ён лічыць, што Аляксандар Яцук проста хоча зьняць зь сябе адказнасьць за нявыплату падаткаў. Дзеля гэтага, паводле пракуратуры, камэрсант уступіў у змову з былым адказным супрацоўнікам менскай рэгіянальнай мытні Аляксеем Кузьняцовым. Яцука пракурор просіць пакараць трыма гадамі турмы, былога мытніка — чатырма гадамі.

Але абарона абвінавачаных з пракуратурай ня згодная. Адвакат Вера Страмкоўская заявіла, што сьледзтва не сабрала дастаткова доказаў і нават не патлумачыла матываў яе падабароннага. А бяз гэтага вэрсія пра змову камэрсанта з мытнікам распадаецца, і ў якасьці верагоднай застаецца толькі вэрсія пра сфальшаваную справу. Радыё Свабода Вера Страмкоўская заявіла:

(Страмкоўская: ) “На працэсе прагучала з вуснаў Яцука, які зьяўляецца дырэктарам фірмы “Віталюр”, што менавіта Жураўкова, якая была манапалістам рынку продажу рыбы ў Беларусі, арганізавала гэтую справу ў органах сьледзтва, каб яны пачалі нейкія працэсы супраць “Віталюру”. На падставе тых матэрыялаў, якія я бачыла, я лічу, што ў гэтым ёсьць рацыя”.

Таксама адвакаты згадваюць, што два фігуранты справы на судзе адмовіліся ад сваіх былых паказаньняў, заявіўшы, што сьледчыя зь міліцыі прымусілі іх паклёпнічаць.

Галіна Жураўкова была арыштаваная сёлета пры канцы студзеня. Папярэдне яе абвінавачваюць у злоўжываньні службовым становішчам. Утрымліваецца Галіна Жураўкова ў сьледчым ізалятары КГБ, а яе справу расьсьледуе пракуратура Беларусі. Міліцэйскія структуры, якія, паводле некаторых крыніцаў, аказвалі садзеяньне Галіне Жураўковай, да расьсьледаваньня яе справы не дапушчаныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG