Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЛЬНІ АДБЫЛАСЯ “ЎРАЧЫСТАЯ АКАДЭМІЯ” З НАГОДЫ ЎГОДАК БНР


Тацяна Поклад, Вільня

Прэзыдэнт Згуртаваньня Лявон Мурашка кажа:

(Мурашка: ) “Як я ўжо немалады чалавек, я гэтае сьвята памятаю зь вельмі даўніх часоў. І ня толькі ў Вільні. І як я прыехаў у Вільню, тут таксама яго заўсёды сьвяткавалі. Пасьля адраджэньня незалежнасьці Літвы усе беларускія арганізацыі пачалі сьвяткаваць Дзень Волі. Гэта патрэбна для нас ўсіх, усім тут беларусам, нам трэба сябраваць – усім разам. А тое, што мы тут робім, шануецца і ўладамі Літоўскай Рэспублікі.”

Урачыстую акадэмію, прысьвечаную 86-м угодкам абвяшчэньня БНР, наведалі літоўскія парлямэнтары, у тым ліку і страшыня парлямэнцкага камітэту па правах чалавека Гедымінас Далінкявічус, прадстаўнікі Дзяржаўнага дэпартамэнту Літвы у справах нацыянальных супольнасьцяў Літвы. Да сьвяткаваньня беларускае незалежнасьці далучыліся і старшыня Грамадзкае рады нацыянальных супольнасьцяў Літвы Руслан Аруцянян, прадстаўнікі іншых нацыянальных суполак.

На урачыстую акадэмію прыехалі беларусы зь іншых местаў Літвы. І нягледзячы на тое, што сёньня ў Вільні дажджлівае, халоднае надвор’е, прыйшлі і многія віленскія беларусы старэйшага веку.

Яраслаў Станкевіч, былы вучань Віленскай Беларускай Гімназіі кажа:

(Станкевіч: ) “Усіх беларусаў гэта сьвята, вялікае сьвята. Дзеля таго я заўсёды імкнуся ў гэты дзень быць разам з нашымі сябрамі, сьвядомымі беларусамі”.

Сьвяточны канцэрт падрыхтавалі музычныя калектывы Скарынаўскай школы і клюбу “Сябрына”, якімі шмат гадоў апякуецца Валянціна Кавальчук.

25 сакавіка, у Дзень Волі, у Вільні плянуецца адкрыцьцё выставы беларускіх хрысьціянскіх кніг у Нацыянальнай бібліятэцы імя Мажвідаса. Таварыства Беларускай Культуры рыхтуе пікет каля амбасады Рэспублікі Беларусь у Літве. Скарынаўская школа і ўсе ахвотныя ушануюць памяць Каліноўскага, – на месцы яго пахаваньня на Замкавай гары і каля крыжа на Лукіскім пляцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG