Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК БЕЛАРУСЫ АДПАЧЫВАЮЦЬ

Рыгор Барадулін, Менск

Традыцыйна ў крывічоў слова “адпачынак” у цяперашнім значэньні мала ўжывалася й напоўнена было цьмяным сэнсам. Адпачынак мелі пасэзонна прылады працы — плуг, нарог, сявалка, каса, серп, рыдлёўка, сіта, рэшата. Амаль не адпачывалі хіба што сякера, гэбель ды пазьней самагонны апарат.

Сумнаватым гумарам патыхала ад самасуцешлівых спагадаў: яшчэ наляжымся там, адпачнём на тым сьвеце.

Адпачынкам льга называць толькі сьвяты, на якіх верніцкая душа зь нябёсамі гутарку вяла.

Пры камуністах было ўведзена не як паняцьце, а як сумна-вясёлая рэальнасьць — актыўны адпачынак. Пасьля такога адпачынку трэба было сапраўды адпачываць. Актыўны адпачынак — гэта чарка й скварка (калі здаралася наскрэбсьці на закусь). Нездарма назаўтра ці ў канаве ці ў цьверазілаўцы шкадавалі ўдарнікі працоўных будняў: выпіў болей чымся мог, але меней чымся хацеў...

Змагаліся за дасягненьне ўсе — і працоўнае сялянства, і гнілая інтэлігенцыя. (Можа, яна гнілой была, што слаба прасьпіртавалася.) Пра магільшчыка капіталу — рабочую клясу — казалі, затаіўшы дыханьне: яна адпачывала ў камуністычных брыгадах. Пяялася ж: у камуністычнай брыгадзе з намі Ленін наперадзе... Дарэчы, я так і не зразумеў сэнсу радкоў бадзёрыстай песьні: “Трудовые будни — праздники у нас”. У сьвята звычайна не працуюць, нават і ў савецкае. А былі ж пачыны працаваць у дзьве зьмены. Якое ж трэба тады было здароўе мець, каб вытрымаць.

Хадзіў такі пушчаны ворагамі савецкай улады анэкдот. Дваццаць нейкі зьезд КПСС. З трыбуны генэральны сакратар заклікае працаваць у дзьве зьмены, каб выканаць і абавязкова перавыканаць праграму роднай камуністычнай. Падымаецца адзін дэлегат і дае клятву працаваць у тры зьмены. Шквал авацыі. Потым журналіст падбягае да пачыншчыка з пытаньнем, кім ён працуе й чуе: дырэктарам крэматорыя.

Традыцыі магільшчык капіталу шануе і ў ХХІ стагодзьдзі: праца, як пахмяліцца, самая цяжкая. У ход ідзе ўсё, што гарыць. Бо над душой стаіць паганскі бог — Калатун. (У музыкаў гэта проста — трэмалэ.) Ударнікам актыўнага адпачынку на заводах оптыкі, дзе на праціраньне станкоў даецца тэхнічны сьпірт, лягчэй хоць на адзін дзень. Сьпірт, выдадзены на некалькі месяцаў, выпіваюць адразу ж, а на станкі дыхаюць і праціраюць цьвярозай анучкай. (Здараецца, што і станок убакі водзіць.) У ход ідзе й бакілітавы лак для змазкі трансфарматараў. Рэдзіва разьмешваюць палкаю, лак бярэцца за палку, а сьпірт застаецца. Яго пераганяюць, і ён ідзе на працяг актыўнага адпачынку.

Па вясёлыя да смутку прыклады далёка хадзіць ня трэба. На адным гіганце індустрыі на калядных канікулах адпачывалі разнастайна, з выдумкай, з рацпрапановамі. Пайшлі, адпаведна падмацаваўшы сьвяточны настрой, сябры падзівіцца на прэзыдэнцкую ёлку насупраць так званага саркафагу. (У нас цяпер усё прэзыдэнцкае — і ёлкі і палкі.) Моладзь, не ахопленая новакамсамолам, пачала кідаць пэтарды. Адна й трапіла пад ногі адпачыванцу — і адарвала яму геніталіі.

(Спачуваю небараку, а ў галаве вушацкая дзіцячая цьвялілка:

Бегаў зайчык каля рэчкі,
Пагубляў свае яечкі.
Шарыў, шарыў — не знайшоў.
Як заплакаў ды пайшоў...)

А дзіцячая цьвялілка пацягнула дарослую папеўку:

Выхадзіла пані Яні,
Танцавала танцы.
Цалавала пані Яні
Пану Яну ў яйцы.

Зайчык можа наступнай вясной і знайшоў яечкі. А вось пані ня будзе куды цалаваць пацярпеламу.

Другая пэтарда сябруку ў вока — і як на нітачцы вока мятлялася.

Рабочы, ласы на халадзец, купіў вепручыную галаву й падаўся на лецішча, каб згатаваць з галавізны закусь. З суседам узяў, як трэба, і на галаву забыўся, ня толькі на вепручыную. Назаўтра раніцай прачынаецца працаўнік у канаве каля дарогі, а на яго глядзяць нейчыя злыя вочы. Прабраў свае — дзік. Нябога ў крык і ўцякаць ад дзіка. З разгону ў сасну — сасна цэлая, а зубы ня вытрымалі.

А яшчэ адзін ударнік адпачывальнае працы цёпленькі дайшоў-такі дадому. Жонкі ў хаце няма. Трэба своечасова хавацца. Быў летуценьнік дужа ценькі й залез пад канапу. І сьніцца, што ён ляжыць у труне. Расплюшчыў вочы — сапраўды націснуты вечкам труны. У гвалт. Зьбегся як ня ўвесь пад’езд. Пакуль зразумелі, адкуль лямант, мінула багата часу, бо й самі паратоўцы яшчэ былі вясёлыя. Ледзьве выцягнулі жывога.

У цэху стаіць прыкуты паравоз, які кіпяціць ваду, наганяе пару. (Можа, якраз той, пра які сьпявалі некалі камуністы “Наш паравоз, вперёд лети, в коммуне остановка”. І прыпынак ягоны ў калгасным сацыялізьме.) Да машыніста падыходзіць адпачыванец, дае 15 тысячаў: “Завязі дамоў!” Дома захаканы просіць жонку: “Скінь зь мяне Андрэя”. Жонка не разумее, што просіць каханы муж. А той з жалем канстатуе: “Значыць, мянты забралі...” Гэта ён яшчэ болей вясёлага сябрука нёс на плячох... Можа, у думках.

Трэба гэтак адпачываць, каб далёка было чуваць! Хай ведаюць нашых!
XS
SM
MD
LG