Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫХАРЫ ЛАТВІІ, ЯКІЯ ПРЫМАЛІ БЕЛАРУСКІ “АСКАФЭН”, АПРЫТОМНЕЛІ


Ганна Соусь, Менск

Прэпарат “Аскафэн П”, ці яго аналяг “Параскафэн”, прадаецца амаль у кожнай беларускай аптэцы. У менскай аптэцы на вуліцы Якуба Коласа фармацэўты кажуць, што ўжываньне “Параскафэну” ня можа мець небясьпечных наступстваў, бо гэта звычайны прэпарат супраць болю, у яго склад уваходзяць парацэтамол і асьпірын.

(Аптэкарка: ) “Гэта той жа самы “Аскафэн”, толькі беларускі “Параскафэн”. 150 рублёў”.

У Латвіі “Аскафэн П” каштаваў таксама вельмі танна — дзесяць таблетак за 10 сантымаў, гэта прыкладна пятая частка даляра. Як паведаміла сёньня для Радыё Свабода прэсавая сакратарка Міністэрства аховы здароўя Латвіі Зайга Барвіда, на сёньняшні дзень у выніку ўжываньня “Асакафэну П” у Латвіі пацярпелі 23 чалавекі.

(Барвіда: ) “Тры чалавекі трапілі ў шпіталь на мінулым тыдні. Яны былі ў коме. Цяпер ужо нармальна сябе адчуваюць. Ачунялі пасьля інтэнсіўнага лекаваньня. Наша эпідэміялягічнае дасьледаваньне паказала, што ўсе трапілі ў шпіталь з прычыны гіпаглікеміі (паніжанага ўтрыманьня цукру ў крыві), і ўсе яны ўжывалі “Аскафэн П” — некаторыя часта, некаторыя выпілі толькі адну таблетку, і ім стала дрэнна. Мы разглядалі розныя вэрсіі, але ў выніку было высьветлена, што ў леках утрымлівалася рэчыва, якога там не павінна быць”.

Сярод пацярпелых у асноўным жанчыны немаладога веку, але ёсьць і некалькі маладых мужчынаў. Прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя Латвіі Зайга Барвіда кажа, што да прадпрыемства “Белмэдпрэпараты” празь міністэрства замежных справаў Латвіі будуць выстаўленыя патрабаваньні аб кампэнсацыі.

(Барвіда: ) “Гэты прэпарат пастаўляецца на наш рынак ужо гадоў дзесяць, і дагэтуль такіх праблемаў не было. Мы прапанавалі людзям здаць гэтыя лекі й папярэджвалі, што яны небясьпечныя для здароўя. Мы абмяркоўваем гэта зь беларускай амбасадай у Латвіі. Кіраўнік “Белмэдпрэпаратаў” спадар Гаўрылаў даслаў нам факс, што ён гарантуе, што гэты прэпарат якасны, што вытворчы працэс не мяняўся, што рэчывы-складнікі набытыя там жа, дзе і раней, што ўсё на вышэйшым узроўні, і што нічога такога быць ня можа”.

Паводле прадстаўніцы міністэрства аховы здароўя Латвіі Зайгі Барвіды, гісторыя зь беларускімі лекамі выклікала ў Латвіі шырокі розгалас. Неўзабаве ў Рыгу накіруецца кіраўнік прадпрыемства “Белмэдпрэпараты” Міхаіл Гаўрылаў, каб на месцы высьветліць сытуацыю. А як паведаміў ён сёньня для Радыё Свабода, дагэтуль незразумела, як такое магло адбыцца.

(Гаўрылаў: ) “Наша пастаўка, мы шмат гадоў ужо гэты прэпарат вырабляем, і ніколі не было такіх пытаньняў. Мы ў сябе ўсе ўзоры праверылі, яны ўсе нармальныя. Правялі службовае дасьледаваньне ў цэху. Мы гэты прэпарат рабілі ў верасьні. “Аскафэн” выраблялі ў студзені. Уся субстанцыя была выпрацаваная, паводле справаздачаў усё было чыста, усе рэшткі праверылі, рэшткаў не было. Можна толькі меркаваць… Адно зь меркаваньняў наступнае. Мог быць тэарэтычна акт напярэдадні ўваходу Латвіі ў Эўразьвяз. Пастаўкі нашых лекаў будуць прыпыненыя, таму што патрабуецца выкананьне патрабаваньняў GMP(прынятых у сьвеце правілаў вытворчасьці лекаў). Пасьля, зразумела, на рынку зьнікнуць танныя лекі. І можа, каб падрыхтаваць грамадзкую думку, і была зробленая нейкая такая акцыя”.

Паводле Міхаіла Гаўрылава, магло здарыцца і так, што людзі ў Латвіі набылі падробку пад маркай “Белмэдпрэпаратаў”. Дарэчы, пра магчымасьць незаконных паставак прэпарату “Аскафэн П” заявіла сёньня галоўны спэцыяліст упраўленьня замежнаэканамічных сувязяў і паставак канцэрну “Белбіяфарм” Сьвятлана Гаворская:

(Гаворская: ) “Увоз лекавых сродкаў дазволены, толькі калі ён дазволены GMP. Ёсьць нязначныя пастаўкі ў Латвію толькі паводле старых кантрактаў. Усё астатняе ўвозіцца іншым чынам. І дадзены “Аскафэн П” быў таксама ўвезены… Мы цяпер высьвятляем, як трапіла менавіта гэтыя сэрыя, якая не прайшла кантролю. Гэты не пайшло законным чынам”.

Імпарт у Латвію “Аскафэну П” цяпер забаронены да высьвятленьня абставінаў справы. Да таго ж, аптэчны дэпартамэнт Эстоніі таксама заявіў аб забароне продажу гэтага беларускага прэпарату як небясьпечнага для здароўя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG